25500-1 (588099), страница 3
Текст из файла (страница 3)
Лексічныя дыялектызмы – гэта мясцовыя словы, якія абазначаюць агульнавядомыя прадметы і паняцці.
У творах І.Пташнікава гэта перш за ўсё словы з Лагойшчыны – з мясцовасці, дзе нарадзіўся пісьменнік. Мною выяўлена больш за 200 лексічных дыялектызмаў. Сярод іх выдзяляюцца найперш бытавыя дыялектызмы (мясцовыя назвы некаторых прадметаў і з’яў), назвы сельскагаспадарчых працэсаў і эмацыйна-экспрэсіўныя дыялектызмы (словы, звязаныя з характарам чалавека, яго паводзінамі і іншымі рысамі). Сярод даследаваных дыялектызмаў яны з’яўляюцца самымі пашыранымі і ў мове герояў, і ў аўтарскай мове. Разгледзім іх па часцінах мовы.
Назоўнікі
Андрук, м. Божая кароўка.( ЛЛБ, с.173). 1
У гародзе на мяжы у высокай траве бегалі чырвоныя, вёрткія андрукі – божыя кароўкі – і блішчэлі кропелькі расы. (Алімпіяда, с.90).
У беларускіх народных гаворках вядома звыш 100 назваў гэтага насякомага. Параўн., андрэйка-братка, андрушок, пендарка, іванька, хадорка, матрунка, кандрацька, прошка-рабошка, зазуля-кавуля і інш.2
Асвер, м. Журавель (у студні). ( СПЗБ, т.1, с.106).
С
нег наліпаў на стрэхі, на жэрдзе на платах, на паркан, на вочап, на асвер, на зялёнае голле на тофелі і на яблыню ў гародзе. (Алімпіяда, с.11).Ад яго загарэўся задзёрты ўгару высокі асвер (Найдорф, с.25).
1 Значэнні дыялектных слоў былі правераны па дыялектных слоўніках (гл. спіс скарачэнняў), а таксама па “Тлумачальным слоўніку беларускай мовы”, т. 1-5. Мн., 1977-1984.
2 Лексічны атлас беларускіх народных гаворак. Т. 1. Раслінны і жывёльны свет, карта 353. Мн., 1993; гл. таксама Міхайлаў П.А. Назвы насякомых // Лексічныя ландшафты Беларусі, Мн. 1995. С. 172-173.
Параўн.,асвер.Жэрдка ў калодзежы, на якую прымацоўваецца вядро (Сцяшковіч, с.33).
Бальшанка, ж. Шаферка, таварышка нявесты на вяселлі. (Варлыга).
Прыйшоў Мікалай па яе - - і пайшла. Без бальшанак – на вуліцы ўжо тыя далучыліся (Алімпіяда, с.12).
Бурвалак, м. Кавалак драўлянай палкі.(Сцяшковіч).
Андрэй падсунуў падніз пад адну палавіну бярозавы бурвалак, аскоблены падковамі і ўкачаны ў гной. (Мсціжы, с.23)
Параўн.: бурвалачак, м. - - зялёная паласа травы на прыгуменні (Мат. мін.-мал.,ІІ).
Ванжэўнік, м. Мячэўнік (трава) (СПЗБ, т.1).
А ў сорак шостым і сорак сёмым – што мы елі летам? – лебяду, ліпу, рудзік,ванжэўнік, мацярдуху, канюшыну, якая была і чырвоная, і белая (Алімпіяда, с.95).
Варыўня, ж. Памяшканне для захавання агародніны. (СПЗБ, т.1).
Усё ў хаце аблазіў /Харбін/, варыўню перавярнуў уверх дном - - не знайшоў.(Алімпіяда, с.125).Полымя калыхала яго на сценах старой, скіданай пасля вайны на папялішчы хаты, на кругляках варывенькі, што цвёрда стаяла на сваім новым падрубе тут жа (Лонва, с.43).
Васьмярык, м. Абрус ці пасцілка, вытканыя ў восем нітоў (Сцяшковіч).
Клятчастыя ўзоры, шэрыя палосы васьмерыкоў... Пасцілкі, - здагадваецца яна (Чакай у далёкіх Грынях, с.8).
Вітка, ж. Галінка (СПЗБ, т.1).
Назад па крутым абрыве яна /Алімпіяда/ падымалася, як па стозе сена, каб хутчэй ухапіцца за вітку – за галінку чорствай чарэмхі на беразе (Алімпіяда, с.383). Але па вітку - бярозавы доўгі дубец (Юрка заве яго так, бо імі, бярозавымі дубцамі, у Лонве вітавалі плот) – Юрка не пойдзе. (Лонва,с.151).
Параўн.:вітка – звітае з лазіцы маладой бярозкі замацаванне для жэрдак(Сцяшковіч), вітка – розга. пладовая галінка некаторых культур (СПЗБ, т.1), вітка – нізка чаго-н. (Мат. мін.-мал.,II).
Вобаратнік, м. Падарожнік (СПЗБ, т.1).
Так высахла ў печы лісце вобаратніку, якое адразу пасля вайны насілі з балота ў кошыках. (Лонва, с.159).
Вохлапкі, мн. Шматкі, кавалачкі чаго-н. (Сцяшковіч).
Барвовыя вохлапкі хмар застылі ў мярэжах і не схлынуць да рання, да свежых вятроў, што прачынаюцца з усходам зары (Чакай у далёкіх Грынях, с.96).
Гавыла, ж. Трава, пустазелле(Варлыга, с.29)
Пачаў расці дурнап’ян і ўсякая калючая гавыла (Алімпіяда, с.9). Пахла васількамі і ўсякай гавылай, што расце на гумнішчах. (Чакай у далёкіх Грынях, с.32). Сані, трапляючы ў расцёрты след, пішчалі цененька і мякка, як вецер у гавыле ля хаты пад прызбай (Агні, с.67).
Галец, м.Замёрзлая зямля без снегу(СПЗБ, т.1).
Хапянула на галец марозам зямлю (Чакай у далёкіх Грынях, с.131). Мароз узяўся нагалец і пёк, не адпускаючы: зіма пачалася ранняя (Алені, с.31).
У беларускіх гаворках з гэтым значэннем ужываюцца лексемы галашчок, галашчока, галута, галутва, сухалёдзіца (ЛАБНГ, т.2, карта 91).
Гальнік, м.Дзяркач (змецены венік)(Абабурка).
І вазьміце з сабой гальнікі. Дзеркачы,чым большыя – тым лепш. (Алімпіяда,с. 68.) Маці чыста падмяла гальніком памост, згарнуўшы пацёртую сухую леташнюю сырадэлю. (Тартак, с.152.) Агонь ля асвера расклала Кланя: падмяла гальніком снег з-пад ног, прынясла на бляшанай засланцы галавешкі з печы, і паклала на засланцы на зямлю (Найдорф, с. 80.)
У беларускіх дыялектных слоўніках адзначаны варыянты гэтага слова: галень, гальнік (Юрчанка), галень (СПЗБ), галяк (ЗНС). Параўнай іншыя назвы: драпач (НЛ), драпкач (ЖС), карачун (ДСБ).
Гатар, м. Лесапілка (СПЗБ,т.1).
Да маста на лажок выходзіла дваром калгасная лесапілка – гатар. (Алімпіяда,с.259.)
Глыж, м. Камяк (СПЗБ, т.1)
Яна падбегла і падхапіла вазок, каб не перакуліўся: выязджалі на дарогу з паднятымі трактарам снежнымі глыжамі (Алімпіяда,с.462.)
Параўн.: глыш (СПЗБ,т.1.), глыжка (ДСЛ).
Гранка, ж. Баразна,градка (СПЗБ,т.1).
Бегала і на ферму і з фермы праз дзядзінец ля плота ці праз свой гарод баразной між гранак…(Алімпіяда,с.6.)
Дзядок, м. Апорны слупок у гаспадарчым будынку (СПЗБ,т.2)
Калі ён учарэпіўся за дзядок, падумаў, што са страхой знясло і шчыт ад двара, - шчыты з аполкаў былі папрыбіваны да дзядкоў (Мсціжы,с.13.).
Додніца, ж. Досвітак, світанне (Абабурка.).
Нашы пачалі ісці праз вёску, калі толькі яшчэ зазелянелася халодная додніца – адступалі на ўсход, на Бегамля (Алімпіяда,с.340).Зімой, калі Андрэй у маразы ехаў додніцай да ракі, правады гудзелі ў белых ад інею бярозах на розныя галасы (Мсціжы,с.24.). Людзі ўсталі сёння додніцай і лавілі коней на выганчыку ў тумане, дзе яшчэ ярка гарэў агонь і спалі начлежнікі (Найдорф,с.61.).
Параўн.: додніцай прысл., досвіткам (Абабурка), додніка (Сцяшковіч), доднечкам (досвіткам) (Мат. мін.-мал.,ІІ.).
Друзалкі, мн. Кавалачкі чаго-небудзь (СПЗБ,т.2.).
Ляцяць на халодны бліскучы лёд, у які ўгрызаецца шырокі Харбінаў тапор, пырскаючы ў вочы друзалкамі лёду (Алімпіяда,с.337.). Ухапіўшы друзалак халоднага збітага снегу – у каня з-пад капыта, - расцёр яго ў далонях і стаў мачыць вочы (Агні,с.65.).
Параўн.: друзачка – дробны кусочак (ТСБМ,т.2.).
Дыля, ж. Тоўстая дошка (ТСБМ,т.2.).
Старыя сукаватыя пачарнелыя дубовыя камлі, якія нехта намерыўся быў распілаваць на дылі, ляжалі на зямлі (Алімпіяда,с.259.).
Дэнка, н. Дошчачка, на якой рэжуць што-небудзь (СПЗБ,т.2).
Яна (Таццяна) рэзала кілбасу, і нож скакаў па старым драўляным дэнку (Алімпіяда,с.249.). Маці рэзала вузенькі доўгі скрылёк сала на ражку стала, не падкладаючы дэнка (Найдорф,с.147.).
Як паказваюць матэрыялы «Лексічнага атласа», у гаворках ужываюцца з гэтым значэннем варыянты: дэнца, донца, дно, днушка, днішка, а таксама іншыя назвы: кружок, стальніца, крышка (ЛАБНГ, т.5, карта 304).
Засмаль, ж. Гарэлае,гар (ТСБМ).
Перад новым мастом цераз Двінасу – ад яго яшчэ пахла засмаллю – на выбоінах праціўна забразгалі ззаду аб канькі ланцугі (Алімпіада,с.202.).
Засмаржка, ж. Вузел у выглядзе пятлі, завязаны адным канцом (СПЗБ,т.2.).
Панок скідае лейцы з шыі і завязвае іх на засмаржку ля белай новай бярозавай ручкі (Тартак,с.189.).
Параўнай: засмарга – завязаны бантам вузел (Мат. мін.-мал.-І.)
Канаторжнік, м. Чарнобыль(трава) (СПЗБ,т.2).
Далей пад плотам сох зайцаў гарошак, не змогшы завязацца на стручкі, гібеў высокі пасівелы, як палын, канаторжнік (Алімпіяда,с.8.).
Канюх, м. Каршун (Бялькевіч).
Ныў матор, і яму (Ратнікаву) раптам здалося, што ён стаіць на дарозе, а ўсё ідзе кругам: рабыя каровы на лугу, канюх у белай смузе…(Алімпіяда,с.48.).
Каслаўка, ж. Касмыль,жменя, ручайка(лёну); перан. – пасмы валасоў (СПЗБ,т.2).
Сіваватыя, як попел, валасы звесіліся праз лоб каслаўкай, і на іх, на канцах, віселі кроплі вады (Алімпіяда,с.198.). Папрывыкалі да мурагу, і то – растрасі кожную каславачку ў жмені (Мсціжы,с.40). Мокрыя сівыя валасы на галаве скруціліся ў каслаўкі і папрыліпалі да вушэй (Тартак,с.166.).
Кісля, ж. Закваска (СПЗБ,т.2.).
Яны не пяклі свайго хлеба – так, рэдка калі, каб кісля ў дзяжы не звялася, - жылі з магазіна (Мсціжы,с.163.).
Параўн.: кісля, ж. разм. Тое, што і кіслата (ТСБМ,т.2).
Крушня, ж. Куча камення (СПЗБ,т.2.).
Наперад ёй забег Валерка і паказаў рукой пад сухі лазовы куст з крушняй камення воддаль ад ліпы (Алімпіяда,с.150.).
Крэса, ж. Паласа, рыса (Мат. мін.-мал-ІІ.).
Усміхнулася(Таня),выцершы лоб ад поту – угрэлася ля агню – і пакінуўшы збоку на лобе чорненькую вузенькую крэсачку, як усё роўна падводзіла бровы і сашмыкнулася рука (Алімпіяда.с.528.).
Курмель, м. Пячкур(рыба) (СПЗБ,т.2.).
Стары, спрадвечны брод быў якраз у старыцы, яго адсекла ад вады прарытая на лагу прамая канава,і ён , поўны некалі белага дробнага камення, курмялёў, верацяніц і сліжыкоў, цяпер паміраў (Алімпіяда,с.81.). Валерка бегае з дзецьмі канавай аж да моста ў канцы грэблі лавіць курмялёў. (Сцяпан Жыхар са Сцешыц , с.194).
У гаворках, акрамя назвы курмель, пашыраны лексемы келб, кялбун, пяскар, пескавод, поўх, сопуха, дудорга і інш.1
Курня, ж. Мурканне,курняўканне (СПЗБ,т.2).
Аблепіць з галавы да ног і запяе ад радасці курню вакзальны стары кот..(Алімпіяда,с.278.).
Лагожы,мн. Сані-развалкі для перавозкі грузаў (ТСБМ,т.3.).
Лагожы, здаецца, дзяруць снег, цяжкія, з шырокімі новымі палазамі…(Тартак,с.204.).
Параўн.: лагожы -–лёгкія сані; лагошы – сані з надбудованай скрыняй перавозіць сыпкія харчы (Мат. мін.-мал., II).
Ласонікі, мн. Прысмакі (СПЗБ,т.2).
Ты мне ласонікаў не строй. Бліноў пшанічных, яйцы з чатыры і прамачыць…(Чакай у далёкіх Грынях, с.135.).
Л
ата, ж. Пляма іншай афарбоўкі ў жывёліны (СПЗБ,т.2.).
1 Лексічныя ландшафты Беларусі. Мн., 1995. С.114--115
Пярэдні алень быў сівы і ў чорныя латы (Алені,с.26.).
Параўн.: лата – лата, паплеціна (Бялькевіч); лата – пустое, голае месца(Мат. мін.-мал., I); лата – кавалак тканіны і пад., якім залатана дзірка на адзенні, абутку (ТСБМ, т.3.).
Лягар, м. Бярвенні, якія падкладаюцца пад штабелі дроў, лесу (СПЗБ,т.2).
Яшчэ нядаўна тут, у самым нізкім месцы на дарозе, ляжаў насланы драўляны масток на двух круглых легарах (Алімпіяда,с.538.).
Ляжэйка, ж. Аглабіна (у калёсах), верхняя частка драбін (у возе) (Абабурка).
Калёсы праваліліся ў гразь па самыя ляжэйкі – пахаваліся колы…(Алімпіяда,с.112.). Жэнька не бачыла, як Юрка ўхапіўся за ляжэйкі (Лонва,с.175). Галіна адкінулася да ляжэйкі і ўгледзелася на Млечны Шлях (Чакай у далёкіх Грынях, с.11.). Хвост у яе мяккі, рассыпаецца па нагах, што ручайка лёну, і тады хочацца пацерабіць іх аб ляжэйку (Тартак, с.40).
Параўн.: аглабіно, гнушка (Абабурка), ляжэйка – жэрдачка ў калёсах (Каспяровіч).
Мілта, ж. Страва, прыгатаваная з аўсянай мукі (СПЗБ,т.3).















