25464-1 (661470), страница 5
Текст из файла (страница 5)
А пажадаць пачынаючым хацеў бы перш за ўсё смеласці. Смеласці ў пранікненні ў самую сутнасць жыцця і чалавечай душы. Смеласці ў ацэнках канкрэтных падзей і з'яў. Смеласці ва ўмяшанні ў праблемы сучаснасці. Смеласці ў абнаўленні паэтычных прыёмаў. Смеласці ў даверы да роднай гісторыі і роднага слова. І — адказнасці ва ўсім. Каб не баяцца стаць перад самым строгім судом таварышаў па справе, перад сваім уласным судом і судом свайго народа.
6. Наконт праблемы ўзаемаадносін паміж гісторыяй і сучаснасцю, паэтычнай і вуснай народнай творчасцю. Здавалася б, тут усё зразумела. Але не-не дый здараецца, што адных паэтаў ці пісьменнікаў занадта папракаюць за цягу да «сівой даўніны» і яе абрадаў, звычаяў, гаворак. Другія ж, бачачы гэта, зусім не звяртаюцца да культурнай спадчыны. Як тут вызначыць меру? У чым яна, Генадзь Мікалаевіч, на Ваш погляд, заключаецца?
Адказ. Не можа быць ні сур'ёзнай літаратуры, ні сур'ёзнага пісьменніка, якія не адчувалі б сябе часткай гісторыі. Незалежна ад важкасці ўкладу і месца ў агульначалавечай цывілізацыі. Удзячнасць за тое, што ты прыйшоў не на голае месца, і жаданне хоць нешта перадаць наступнікам я лічу абавязковымі для кожнага таленту.
Ведаць даўніну, фальклор, выдатныя постаці мінулага, разумна і свядома разбірацца ў разгалінаваннях шматвекавых сцяжынак народа, да якога ты належыш,— першая ці нават першасная адзнака сапраўднай культуры. Іншая справа — звяртаешся ты да так званай гістарычнай тэматыкі ці не. Каб гістарычна мысліць, не абавязкова пісаць толькі пра XIV ці, скажам, XVII стагоддзе. Такое мысленне патрэбна і найсучаснейшаму пісьменніку (нагадаю тут «Буранны паўстанак» Ч. Айтматава).
Гісторыя — гэта памяць народа.
Адсутнасць памяці — адна з самых жахлівых хвароб у чалавека. Дык што ж казаць пра народ, пра чалавецтва, калі недаацэньваецца або забываецца гісторыя? Такое прыводзіць да непапраўных трагедый, а часам і да духоўнай смерці.
Задача літаратуры—не даць перарвацца ніці з мінулага праз сённяшняе ў заўтра. Без бяздушнай кананізацыі і абсалютызацыі былога, як, дарэчы, і сённяшняга і заўтрашняга. Урэшце не трэба забываць, што для будучых пакаленняў наш сённяшні дзень, такі дарагі для нас, будзе іх мінулым...
7. Нарэшце, Генадзь Мікалаевіч, Вы член урада, чалавек, які заняты адказнымі дзяржаўнымі справамі. Кола людзей, з якімі Вам штодзённа даводзіцца сустракацца, даволі разнастайнае. Гэта партыйныя, савецкія, гаспадарчыя кіраўнікі, вялікі атрад тэле- і радыёжурналістаў, тэлегледачоў і радыёслухачоў. І ў кожнага свае праблемы, пытанні, меркаванні. Але ж, з другога боку, Вы чалавек творчы, у якога ёсць сваё адметнае літаратурнае акружэнне, свой творчы свет, аднадумцы па літаратурным фронце. Як знаходзяць сваё выражэнне ў Вашай творчасці гэтыя, на першы погляд, розныя бакі Вашага жыцця?
Адказ. Так, адно з другім спалучаць нялёгка. Кажучы шчыра, работа старшыт Дзяржтэлерадыё БССР забірае практычна без астатку мае будні — сілы, нервы, час. На паэзію застаюцца толькі святы. Так што для мяне вершы ў самым прамым сэнсе слова звязаны са святамі.
І ўсё ж я не думаю, што на творчасці маёй кіруючая, грамадская работа адбіваецца толькі адмоўна. На колькасці — адбіваецца. А вось наконт якасці — не буду спяшацца з вывадамі.
Напружаная штодзённая дзяржаўная праца прывучае да дзелавітасці, канкрэтнасці, да вельмі асязальнага адчування пульсу жыцця, да пільнай увагі да людзей, іх клопатаў, іх праблем. Больш пачынаеш цаніць сумленную людскую працу. Больш пачынаеш ненавідзець дэмагогію, подласць, хцівасць. Больш адчуваеш асабістую адказнасць за ўсё, што робіцца вакол цябе, з тваім удзелам... Яшчэ даражэйшымі робяцца таварыскасць, сяброўства, каханне... А як без адчування гэтага могуць нараджацца сур'ёзныя вершы? На пустое, на драбязу проста няма часу...
Так што адназначнага адказу няма. Хаця і хочацца, і абавязаны пісаць намнога больш і лепш!
Заключэнне.
У творах і выказваннях паэта ёсць разуменне галоўнай місіі мастацкай літаратуры, духоўнай культуры наогул – весці бой за чалавека гуманнага і разумнага, рознабакавога і цэласнага, неабмежавана шырокага ў сваіх ведах аб сабе і сусвеце, сына роднай зямлі і народа, цвердага ў сваіх ідэйна-маральных ідэалах і перекананнях. Чалавеказнаўчая і выхаваўчая ролля мастацкай літаратуры ў нашам грамадстве няспынна ўзрастае, растуць патрабаванні і да яе тварцоў. Адным з такіх пісьменнікаў і грамадскіх дзеячоў з’яўляецца Генадзь Бураўкін. Патрэбна нагадаць словы паэта аб ягонай далейшай творчасці: “Мне упарта верыцца, што самае галоўнае, самае цікавае ў жыцці – наперадзе, хочацца шмат пабачыць і сустрэць, хочацца пісаць лепш і больш”…
І хай з тысяч рэк чужых нап’юся –
Толькі для апошняга глытка
Я прыду сюды,
да Беларусі,
Да свайго азёрнага кутка.
Спіс выкарыстаннай літаратуры.
-
“Пісьменнікі Савецкай Беларусі”, А. К. Гардзіцкі, Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1981, с. 46.
-
“Пра час і пра сябе”, Я. Казека, Мінск, “Беларусь”, 1966, с. 51-54.
-
“Руплівы поўдзень”, Марына Барсток, Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1984, с. 3-172.
-
“Ісці да чалавека”, Аркадзь Русецкі, Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1987, с. 131-161.
-
“Парастак радка, галінка верша”, Рыгор Барадулін, Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1987, с. 286-299.
-
“Беларускія пісьменнікі” (том 1), І. Э. Багдановіч, Мінск, “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”, 1992, с. 395-405.
-
“Энцыклапедыя гісторыі Беларусі” (том 2), Б. І. Сачанка, Мінск, “Беларуская энцыклапедыя”, 1994, с. 132.