139199 (724820), страница 2
Текст из файла (страница 2)
Страх лічыў прычынай рэлігіі таксама і Эпікур (341 – 270 гг. да н.э.). Ён разглядаў рэлігію як вялікае зло для чалавека, бо яна ўносіць у душы людзей разгубленасць і трывогу, пазбаўляе іх шчасця. Эпікур лічыў, што богі знаходзяцца па-за межамі нашага свету і не цікавяцца справамі людзей, таму трэба жыць так, як быццам бы багоў няма.
Рымскі паэт і філосаф Ціт Лукрэцый Кар (каля 99 – 55 гг. да н.э.) у сваей паэме "Аб прыродзе рэчаў" адмаўляў уяўленні аб творцы свету. Прырода жыве па сваіх уласных законах, існуе вялікая колькасць светаў, якія складаюцца з атамаў. Крыніцай ўзнікнення рэлігіі Лукрэцый лічыў няведанне прыроды рэчаў.
Вальнадумства сярэдніх вякоў. У гэты перыяд у Еўропе панавала хрысціянская царква.У яе межах ажыццяўляўся амаль увесь духоўны лад жыцця і даваліся адказы на асноўныя праблемы светапогляду.
Само хрысціянства ўзнікла ў Рымскай імперыі ва ўмовах ганенняў, і першыя хрысціяне выступалі за свабоду сумлення. Заняўшы пануючае становішча ў еўрапейскім грамадстве, хрысціянская царква сама пачынае праследаваць іншадумцаў, прычым гэтыя праследванні былі больш сістэматычнымі, чым у перыяд антычнасці, і вальнадумства магло праяўляцца толькі ў выглядзе некаторых тэндэнцый.
Адной з праяў вальнадумства ў перыяд сярэдніх вякоў была канцэпцыя падвойнай ісціны. Самым вядомым з яе аўтараў з'яўляецца арабскі філосаф Ібн Рушд (Авероэс) (1126 – 1198). Ён сцвярджаў, што тэалогія і філасофія незалежны адна ад адной і дасягаюць ісціны рознымі шляхамі, прычым ісціннае ў філасофіі можа супярэчыць ісціннаму ў тэалогіі і наадварот. Ібн Рушд лічыў, што ў рэшце рэшт развіццё і тэалогіі, і філасофіі павінна прывесці чалавека да Бога, аднак тэорыя падвойнай ісціны абгрунтоўвала права філосафаў на самастойныя даследаванні, незалежныя ад рэлігійных палажэнняў.
Ідэі Ібн Рушда былі падтрыманы нідэрландскім філосафам Сігерам Брабантскім (каля 1235 – каля 1282 гг.), кіраўніком школы авераістаў у Парыжскім універсітэце. Ён таксама настойваў на незалежнасці шляхоў даследавання філасофіі і тэалогіі. Прызнаючы існаванне Бога, як першапрычыны ўсяго, Сігер сцвярджаў, што свет "сувечны" Богу, Бог не свабодны ў сваім стаўленні да свету і падпарадкоўваецца ім жа самім створаным заканамернасцям. Ён адмаўляў магчымасць боскага ўмяшальніцтва ў лёсы людзей, цуды і замагільнае пакаранне, а таму лічыў малітвы непатрэбным. Каталіцкая царква асудзіла погляды Сігера Брабантскага, яго выклікалі ў Рым на суд інквізіцыі, дзе пад час следства ён быў забіты сваім сакратаром.
Канчатковы выгляд вучэнню аб падвойнай ісціне надаў англійскі філосаф Уільям Акам (каля І285 – І349). Ён выступаў за раздзяленне галінаў філасофіі і тэалогіі, бо лічыў, што дагматы рэлігіі ў сілу іх звышнатуральнага паходжання тычацца не розуму, а веры і волі. Акам выступаў супраць прэтэнэій пап на свецкую ўладу і адстойваў прынцып "евангельскай беднасці", чым аказаў моцны ўплыў на фарміраванне ідэй Рэфармацыі.
Французскі філосаф П'ер Абеляр (1079 – 1142) у сваім творы "Так і не" падверг рацыяналістычнаму аналізу змест Бібліі , твораў Айцоў Царквы і знайшоў там значную колькасць супярэчлівых палажэнняў. Сам Абедяр сцвярджаў, што ягоная дзейнасць накіравана на ўзмацненне веры. Аднак ён лічыў, што вера фарміруецца на аснове разумення, тым самым розум быў пастаўлены ім на першае месца. Вучэнне Абеляра двойчы асуджалася каталіцкай царквой.
Адной з форм вальнадумства ў сярэднявеччы быў антыклерыкалізм, а таксама крытыка недахопаў царкоўнага жыцця. У творах народнага фальклору духавенства абвінавачвалася ў сквапнасці, крывадушнасці, падмане, парушэнні нормаў хрысціянскай маралі.
За гэта ж крытыкавалі царкву і мысліцелі сярэднявечча. Так Джон Уінкліф у сваёй кнізе "Трактат аб багахульстве" абвінаваціў каталіцкае духавенства ў тым, што яно сваімі паводзінамі ганьбіць хрысціянства: папы, кардыналы і епіскапы "рабуюць народ шяхам падману..., яшчэ горш, чым злодзеі".
У ХП-ХШ стст. у Заходняй Еўропе было распаўсюджана вучэнне аб "трох падманшчыках", згодна з якім іудаізм, хрысціянства і іслам не дадзены людзям у выніку звышнатуральнага адкрыцця, а створаны адпаведна Маісеем, Хрыстом і Мухамедам для падману народу.
Антыклерыкалізм быў істотным элементам народных ерасяў, якія з'яўляліся адной з формаў сацыяльнага пратэсту. Як правіла, царква крытыкавалася за яе багацце, ігнараванне патрэб простых людзей, служэнне інтарэсам пануючых колаў грамадства.
У ХІV – ХV стст. у Ноўгарадзе, Пскове, Маскве існавала антыцаркоўная апазіцыя, куды ўваходзілі ў асноўным прадстаўнікі пасадскага насельніцтва. Яны адмаўлялі царкоўную іерархію, асуджалі папоў за карысталюбства і крывадушнасць.
Рэзка крытыкавалі праваслаўную царкву вядомыя рускія вальнадумцы ХVІ ст. Мацвей Башкін і Фядос Касы. Яны адмаўлялі дагмат аб Тройцы, асуджалі запрыгоньванне сялян. За сваё вальнадумства Башкін па рашэнню царкоўнага сабора 1553 года быў навечна сасланы ў манастыр. Фядос Касы ўцёк з ВКЛ і аказаў моцны ўплыў на погляды беларускіх антытрынітарыяў. Галоўным ў ягоным вучэнні была рацыяналістычная крытыка хрысціянскіх дагматаў і нормаў царкоўнага жыцця. Фядос Касы сцвярджаў, што духавенства, царква і манастыры павінны быць ліквідаваны, называў манахаў і папоў дармаедамі, якія жывуць за кошт народа.
Вальнадумства і атэізм Адраджэння і Новага часу былі абумоўлены зменамі ў еўрапейскай культуры гэтага перыяду. Паступова пануючыя пазіцыі ў грамадстве займае буржуазія, палітычныя і эканамічныя інтарэсы якой сутыкнуліся з інтарэсамі царквы як аднаго з феадальных інстытутаў. Па гэтай прычыне ўзмацняюцца антыцаркоўныя тэндэнцыі ў еўрапейскай культуры, якія ў канцы Новага часу робяцца надзвычай моцнымі.
Для вальнадумства і атэізму Адраджэння і Новага часу характэрны наступныя рысы:
1.Апора на дасягненні ў прыродазнаўчых навуках і тэхніцы, якія мелі сапраўдны рэвалюцыйны херактар. Узнікае і развіваецца кнігадрукаванне, у прамысловасці і сельскай гаспадарцы ўсё больш шырока выкарыстоўваюцца розныя механізмы, ствараюцца новыя сродкі перамяшчэння і сувязі. Адкрываюцца новыя кантыненты, дагэтуль невядомыя еўрапейцам, і яны знаёмяцца з рэлігіямі іншых народаў. Інтэнсіўна развіваюцца такія навукі як матэматыка, фізіка, біялогія, геаграфія. Паступова ў еўрапейскай культуры рэлігійная карціна свету замяняецца навуковай.
2.Сувязь з антыфеадальнымі і антыманархічнымі рэвалюцыйнымі рухамі. Рэлігія ў гэты перыяд разглядаецца як кансерватыўная і рэакцыйная сіла, якая служыць інтарэсам пануючых класаў і супраціўляецца грамадскаму прагрэсу. У ходзе буржуазных рэвалюцый, як правіла, адбываецца канфіскацыя значнай часткі царкоўнай маёмасці, духавенства пазбаўляецца сваіх былых прывілеяў і падвяргаецца ганенням.
3.Наступальны характар і разнастайнасць формаў. Крытыка рэлігіі ўсё больш узмацняецца і вядзецца з самых розных пазіцый: філасофскіх, навуковых сацыяльных і г.д. У гэты перыяд дзейнічае цэлы шэраг вядомых вальнадумцаў і атэістаў.
Джардана Бруна (1548 – І600) зрабіў з геліацэнтрычнай тэорыі Каперніка выснову аб бязмежнасці Сусвету і існаванні мноства светаў. Бруна стаяў на пазіцыях пантэізму і сцвярджаў, што Бог і прырода – гэта адно і тое ж, тым самым адмаўляў хрысціянскі дагмат у аб Богу-Творцы. Таксама ён адмаўляў Тройцу, неўміручасць душы, пекла і рай, крытыкаваў хрысціянскія абрады. Адным з першых Бруна выступіў супраць тэорыі падвойнай ісціны і сцвярджаў, што ёсць толькі адна ісціна – навуковая. Існуючыя рэлігіі ён лічыў крыніцай парокаў і варожасці паміж людзьмі. За свае погляды Джардана Бруна быў спалены не вогнішчы.
Нідэрландскі філосаф Бенедыкт Спіноза (1632-1677) паклаў пачатак навуковай крытыцы Бібліі. Аналізуючы Тору, ён выявіў у ёй вельмі шмат супярэчнасцяў і прыйшоў да высновы, што яна не вынік боскага адкрыцця, а чыста чалавечы твор, напісаны рознымі аўтарамі на працягу доўгага перыяду часу. Спіноза стаяў на пантэістычных пазіцыях. Ён называў прыроду Богам і лічыў яе адзінай асновай усіх рэчаў. Крыніцамі ўзнікнення рэлігіі Спіноза лічыў падман і страх, але сцвярджаў, што рэлігія неабходна ў якасці інструмента выхавання народных мас.
Прадстаўніком вальнадумства на Беларусі з'яўляецца адзін з лідэраў антытрынітарызму Сымон Будны. Ён аналізаваў Біблію і хрысціянскае веравучэнне з рацыяналістычных пазіцый і адмаўляў усе іх палажэнні, якія, на яго погляд, супярэчаць розуму: аб Тройцы, неўміручасці душы, існаванні пекла і раю, цудах. Хрыста ён лічыў проста высокамаральным чалавекам. Будны выступаў за верацярпімасць, рэзка асуджаў падзеі Варфаламееўскай ночы і расправу Кальвіна над Серветам. Сучаснае яму духавенства ён крытыкаваў за крывадушнасць і амаралізм.
Казімір Лышчынскі (1634 – 1683) стаяў на паслядоўна атэістычных пазіцыях. У сваёй працы "Аб неіснаванні Бога" ён назваў Бога хімерай, створанай чалавекам. Лышчынскі адмаўляў усе палажэнні хрысціянскага веравучэння: аб існаванні пекла і раю, неўміручасці душы, бязгрэшным зачацці і інш. Лічыў, што творцам усяго з'яўляецца прырода. Сцвярджаў, што рэлігія – гэта свядомы падман, яе прыдумалі дзеля таго, каб трымаць народ у страху і паслухмянасці. За свае погляды Казімір Лышчынскі быў асуджаны на смерць. Яму адсеклі галаву, цела спалілі, а попелам зарадзілі гармату і выстралілі.
Рэзкая крытыка рэлігіі была дадзена ў творах філосафаў-асветнікаў :Вальтэра (1694 – 1778), Жан Жака Русо (17І2 – 1778), Жана Мелье (1664-1729), Дэні Дзідро (1713 – 1784), Поля Анры Гольбаха (1723 – 1783). Рэлігію яны разглядалі як сукупнасць памылак, крыніцамі яе ўзнікнення лічылі падман і страх чалавека перад невядомым. Шлях пераадолення рэлігійных забабонаў філосафы-асветнікі бачылі ў распаўсюджванні навуковых ведаў.
3 пазіцый дэізму востра крытыкаваў рэлігію Вальтэр. Ён лічыў яе крыніцай невуцтва, а таксама фанатызму і нецярпімасці да іншадумцаў. Аднак Вальтэр выступаў толькі супраць злоўжыванняў у рэлігіі і лічыў, што яе трэба захаваць, як сродак утрымання народа ў пакоры. Вядома ягонае выказванне: "Калі б Бога не было, яго трэба было б прыдумаць".
Жан Жак Русо супрацьпастаўляў каталіцтву так званую "натуральную рэлігію", крыніца якой змяшчаецца ў сэрцы чалавека і ў якой няма ні храмаў, ні абрадаў, ні дагматыкі. Погляды Русо з'явіліся ідэйнай крыніцай спроб стварыць так званую "рэлігію Розуму" ў часы Вялікай Французскай рэвалюцыі.
З паслядоўна атэістачных пазіцый крытыкаваў рэлігію Жан Мелье. У сваім творы "Завяшчанне" ён адмаўляў доказы быцця Бога, выкрываў сувязь рэлігіі з інтарэсамі пануючых слаёў грамадства, выступаў супраць дэізму за яго непаслядоўнасць. Мелье прыйшоў да высновы, што ідэя Бога з'яўляецца памылковай, а рэлігія – свядомы падман, які падтрымліваецца прыгнятальнікамі. Ён заклікаў рашуча змагацца супраць рэлігіі.
Погляды Мелье былі вельмі смелымі для таго часу. Вальтэр, які зрабіў вельмі шмат для распаўсюджвання "Завяшчання'', прызнаваўся, што "дрыжаў ад жаху, калі чытаў яго".
Філасофскае абгрунтаванне атэізму імкнуўся даць у сваіх працах Гольбах. Ён сістэматызаваў атэістычныя ідэі і распрацаваў атэізм як тэорыю, якая цалкам абапіраецца на матэрыялізм. У сваей працы "Сістэма прыроды", якую сучаснікі называлі "Бібліяй матэрыялістаў",Гольбах сцвярджаў, што няма нічога, апроч матэрыі і руху. Існаванне Бога ён цалкам адмаўляў, а рэлігію лічыў вынікам свядомага падману з боку духавенства.
На атэістычных пазіцыях стаялі рускія рэвалюцыянеры-дэмакраты В.Г.Бялінскі(1811 – 1848), А.І.Герцэн (1812 – 1870), М.Г.Чарнышэўскі (1828 – 1889), М.А.Дабралюбаў (1836 – 1861), Д.І.Пісараў (1840 --1868). Яны крытыкавалі рэлігію як ідэйны падмурак палітычнай рэакцыі, выкрывалі саюз праваслаўнай царквы з расійскім самадзяржаўем, паказвалі антынародную сутнасць дзейнасці духавенства. Найбольш дзейсным метадам пераадолення рэлігіі яны лічылі сялянскую рэвалюцыю, якая павінна знішчыць самадзяржаўе і царкву.
Вялікі ўплыў на далейшае развіццё атэізму аказаў нямецкі філосаф Людвіг Фейербах (1804 – 1872). У сваіх працах ён даў аналіз псіхалагічных каранёў рэлігіі. Прычынай жыццяздольнасці рэлігіі ён, у адрозненне ад асветнікаў, лічыў не свядомы падман з боку духавенства, а прыроду чалавека і ўмовы яго жыцця. Першакрыніцу рэлігійных ілюзій Фейербах бачыў у пачуцці залежнасці чалавека ад знешніх яму сіл, якія не падпарадкаваны яго жаданням і волі. Не маючы магчымасці задаволіць свае патрэбы ўласнымі сіламі, чалавек імкнецца гэта зрабіць пры дапамозе прыдуманага Бога. Такім чынам, менавіта чалавек, па Фейербаху, ёсць "пачатак, сярэдзіна і канец рэлігіі" – у ёй у фантастычнай форме адлюстроўваюцца яго жаданні і імкненні. Фейербах сцвярджаў, што ў рэлігіі чалавек адчужаецца ад самога сябе і падпарадкоўваецца створанаму ім самім Богу. Рэлігія паралізуе імкненні людзей да лепшага жыцця, бо вучыць іх цярпенню і пакоры. Аднак, адмаўляючы хрысціянства, Фейербах выступаў за стварэнне так званай ''рэлігіі любві", якая грунтуецца на прынцыпе "чалавек чалавеку – бог" і ставіць сваёй мэтай абагульненне самога чалавека.
Вельмі моцнае ўздзеянне ідэі Фейербаха аказалі на фарміраванне атэістычных поглядаў Карла Маркса (1818 – 1883) і Фрыдрыха Энгельса (1820 – 1895). Прычынай узнікнення рэлігіі яны лічылі бяссілле чалавека перад знешнімі яму сіламі – спачатку прыроднымі, потым сацыяльнымі, прычынай яе захавання – служэнне інтарэсам пануючых класаў. Рэлігія пераносіць усе спадзяванні людзей у загробны свет і тым самым адцягвае ўвагу працоўных ад барацьбы за паляпшэнне ўмоў свайго жыця. Маркс называў рэлігію "опіумам народу'' – падобна наркотыку яна дае ілюзорнае суцяшэнне. Асноўным шляхам пераадолення рэлігіі Маркс і Энгельс лічылі паляпшэнне ўмоў жыцця людзей – яна знікае тады, калі будуць знішчаны сацыяльны прыгнет, беднасць, эксплуатация чалавека чалавекам.