59968 (673457), страница 4
Текст из файла (страница 4)
На традыцыях беларускіх вечарынак узнікла Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага - сапраўдны тэатр прафесійнага тыпу. Значнае месца сярод дзеячаў беларускай культуры заняла асоба яе стваральніка. Землямер па прафесіі, цесна звязаны з простым народам, сапраўдны патрыёт, І.Буйніцкі на свае ўласныя сродкі стварыў трупу ў асабістым фальварку Палевачы ў Дзісенскім павеце (цяпер Глыбоцкі р-н). У 1907 г. замацаваўся пастаянны склад удзельнікаў гэтага калектыву, а ў 1910 г. пасля ўдзелу ў Першай беларускай вечарынцы ў Вільні тэатр І.Буйніцкага ператварыўся ў прафесійны.
У рэпертуары Першай беларускай трупы былі песні, танцы, пастаноўкі п'ес "Па рэвізіі", "Пашыліся ў дурні" М.Крапіўніцкага, "У зімовы вечар" Э.Ажэшкі, "Міхалка" Далецкіх, "Сватанне" А.Чэхава, "Модны шляхцюк" К.Каганца, дэкламаваліся творы беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. І.Буйніцкі і яго акцёры займаліся актыўнай гастрольнай дзейнасцю. У час гастроляў па Беларусі І.Буйніцкі дапамагаў мясцовым аматарскім гурткам, што спрыяла пашырэнню тэатральнага аматарства.
У 1911 - 1912 гг. трупа І.Буйніцкага выступала ў Пецярбургу, у 1913 г. калектыў.наведаў Варшаву. Такім чынам І.Буйніцкі знаёміў гледачоў з мастацкай культурай беларускага народа, звяртаў увагу на яе асаблівасці, непаўторны нацыянальны каларыт. Асабліва высокую адзнаку грамадскасці атрымала другое выступленне ў Пецярбургу трупы І.Буйніцкага. Расійскі часопіс "Вестннк знання" адзначыў, што поспех беларускіх артыстаў быў каласальны. Я.Дыла назваў іх выступленне трыумфам у сталіцы.
Справу І.Буйніцкага па стварэнні нацыянальнага тэатра актыўна падтрымлівалі газета "Наша ніва", прагрэсіўныя дзеячы беларускай культуры Я.Купала, Ядвігін Ш., Цётка, Ц.Гартны, З.Бядуля. Аднак матэрыяльныя цяжкасці прымусілі І.Буйніцкага ў 1913 г. закрыць тэатр.
Дзейнасць Першай беларускай трупы і яе заснавальніка, якога яшчэ пры жыцці называлі бацькам беларускага тэатра, упісала яркую старонку ў развіццё беларускай тэатральнай культуры, заклала трывалы падмурак у развіццё справы паслядоўнікаў Ігната Буйніцкага на шляху станаўлення беларускага тэатра.
Пераемнікам Першай беларускай трупы ў працэсе фарміравання нацыянальнага тэатра стала Першае таварыства беларускай драмы і камедыі. Яно ўзнікла ў Мінску пасля Лютаўскай рэвалюцыі. Арганізаваў таварыства вядомы беларускі акцёр і рэжысёр Ф.Ждановіч. У яго калектыў праз некаторы час уступіў У.Галубок, якому належыць выдатная роля ў развіцці беларускага тэатра ў паслякастрычніцкі перыяд. Творчыя магчымасці таварыства былі даволі абмежаваныя, таму што яно трымалася толькі на энтузіязме ўдзельнікаў. Нягледзячы на цяжкасці, калектыў ужо ў першыя тыдні свайго існавання ажыццявіў гастрольную паездку па Беларусі.
Даволі разнастайным і багатым было музычнае жыццё беларускіх гарадоў. 3 вялікім поспехам гастралявалі рускія і ўкраінскія музычна-драматычныя і харавыя калектывы, якія знаёмілі беларускую публіку з лепшымі творамі айчынных і замежных кампазітараў. Беларусь наведвалі такія зоркі рускай музычнай культуры, як кампазітары і піяністы С.Рахманінаў, А.Скрабін, знакамітыя спевакі Л.Собінаў, Ф.Шаляпін. Нязменным поспехам карысталася харавая капэла збіральніка народных песень Д.Агрэнева-Славянскага, які ўключаў у сваю праграму і беларускія песні.
У адзначаны перыяд узрасла цікавасць музыкантаў да беларускай народнай песеннай творчасці. Рускія кампазітары М.Рымскі-Корсакаў, А.Грачанінаў, С.Танееў і некаторыя іншыя апрацоўвалі беларускія песні і выкарыстоўвалі беларускую тэматыку ў сваіх творах. Выступленні хору В.Тэраўскага ў Мінску садзейнічалі папулярызацыі беларускіх народных песень. Патрэба ў нацыянальнай музычнай літаратуры часткова была задаволена выданнем "Беларускіх песень з нотамі" А.Грыневіча, "Беларускага песенніка з нотамі для народных і школьных хораў" Л.Рагоўскага, публікацыяй апрацоўкі беларускіх песень для фартэпіяна М.Чуркіна.
Пэўную ролю ў развіцці беларускай прафесійнай музыкі адыграў Л.Рагоўскі — аўтар сюіты для сімфанічнага аркестра. Гэта быў амаль што першы твор беларускай музыкі, выкананне якога карысталася значным поспехам у Вілыгі і Варшаве.
Выяўленчае мастацтва. У другой палове XIX - пачатку XX ст. выдатных поспехаў дасягнула беларускае выяўленчае мастацтва.
На тэрыторыі Беларусі пасля закрыцця Віленскага універсітэта не было вышэйшай мастацкай навучальнай установы. Першым крокам на шляху арганізацыі прафесійнай падрыхтоўкі мастакоў з'явілася стварэнне ў 1866 г. Віленскай рысавальнай школы пад кіраўніцтвам І.Трутнева. Надзвычай важная роля гэтага мастака як нястомнага збіральніка і даследчыка культурных помнікаў беларускай старажытнасці і аўтара карцін на беларускую тэматыку. У 90-я гады XIX ст. былі адчынены мастацкія школы В.Мааса ў Мінску і Ю.Пэна ў Віцебску.
Значны ўплыў на развіццё беларускага жывапісу аказвала рускае мастацтва. На Беларусі жылі і працавалі рускія жывапісцы К.Савіцкі, І.Шышкін. Цэлы перыяд творчай дзейнасці І.Рэпіна звязаны з беларускай зямлёй, калі ён жыў у сваім маёнтку Здраўнёва на Віцебшчыне. У эцюдзе "Беларус" мастак адлюстраваў тыповыя рысы беларускага народа. І.Рэпін дапамог атрымаць мастацкую адукацыю многім таленавітым выхадцам з Беларусі: Ю.Пэну, Л.Альпяровічу, Я.Кругеру. Рэалістычныя тэндэнцыі рускіх мастакоў-перасоўнікаў знаходзілі жывы водгук сярод беларускай грамадскасці. У 1899 г. у Мінску адкрылася выстава перасоўнікаў, дзе экспанаваліся палотны У.Макоўскага, А.Васняцова, І.Рэпіна, Р.Мясаедава, М.Касаткіна.
Значнай постаццю ў беларускім пейзажным жывапісе з'яўляецца А.Гараўскі. Мастак нарадзіўся ў Мінскай губерні, адукацыю атрымаў у Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, дзе яго здольнасці прыцягнулі ўвагу выкладчыкаў. Пасля заканчэння акадэміі ён атрымаў залаты медаль. Пейзажы А.Гараўскага "Ліпы", "На радзіме", "Вечар у Мінскай губерні" вылучаюцца жыццёвай праўдай і высокім тэхнічным майстэрствам. Мастак быў вядомы не толькі ў Расіі, але і за мяжой, ён атрымаў званне акадэміка жывапісу. Асабісты сябра рускага мецэната П.Траццякова, А.Гараўскі дапамагаў у збіранні яго славутай калекцыі. Некаторыя работы беларускага мастака зараз знаходзяцца сярод экспанатаў Траццякоўскай галерэі.
Вядомым майстрам бытавога жанру быў мастак Н.Сілівановіч. Атрымаўшы адукацыю ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, ён стварыў шэраг кампазіцый: "Дзеці на двары", "У школу", "Дзяўчынка". Сапраўдным рэалізмам вылучаецца карціна "Пастух". Н.Сілівановіча запрасілі для ўдзелу ў афармленні Ісакіеўскага сабора ў Пецярбургу. За мазаічнае палатно "Тайная вячэра" мастаку было прысвоена ганаровае званне акадэміка.
На рубяжы XIX - XX стст. у беларускім жывапісе з'явіўся шэраг таленавітых мастакоў. Ю.Пэн працаваў у бытавым і партрэтным жанры, Я.Кругер — пераважна ў жанры партрэта. Яшчэ падчас вучобы ў Акадэміі мастацтваў, куды ён трапіў з дапамогай І.Рэпіна, мастак набыў вядомасць дзякуючы сваёй дыпломнай рабоце. Пасля вяртання ў Мінск Кругер адкрыў там у 1904 г. прыватную школу малявання.
Беларускі жывапісец, графік, тэатральны дэкаратар і педагог Ф.Рушчыц у ранні перыяд творчасці напісаў пейзажы, якія вылучаюцца рэалістычным паказам роднай прыроды ("Мінск зімою", "Млын", "Каля касцёла"), У некаторых творах аўтара адчуваецца ўплыў імпрэсіянізму і стылю мадэрн. Ф.Рушчыц аформіў таксама шэраг спектакляў у адным з віленскіх тэатраў.
У канцы XIX ст. пачалася творчая дзейнасць таленавітага беларускага мастака В.Бялыніцкага-Бірулі. У сваёй творчасці ён развіваў традыцыі рускага пейзажнага жывапісу. Эмацыянальныя, лірычныя творы мастака вылучаюцца мяккім каларытам. У ранні перыяд былі створаны работы "3 аколіц Пяцігорска", якую набыў П.Траццякоў для сваёй калекцыі, "Вясна ідзе", што прынесла аўтару першую прэмію Маскоўскага таварыства аматараў мастацтваў. Шчырыя сяброўскія адносіны звязвалі мастака з І.Рэпіным. Шэраг значных работ стварыў В.Бялыніцкі-Біруля ў паслякастрычніцкі перыяд.
У беларускай графіцы другой паловы XIX ст. самай прыкметнай фігурай быў М.Андрыёлі, аўтар ілюстрацый да твораў А.Міцкевіча, Э.Ажэшкі. Графічныя работы стваралі таксама А.Каменскі, С.Богуш-Сестранцэвіч, К.Кастравіцкі (Карусь Каганец).
Архітэктура. Зрухі ў эканамічным жыцці грамадства прывялі да хуткага росту гарадоў (асабліва тых, якія знаходзіліся на чыгуначных шляхах), іх добраўпарадкавання, будаўніцтва водаправодаў, усталявання электрычнага асвятлення. Адбываліся змены ў планіроўцы гарадоў. У выніку ўладкавання забудовы ў цэнтральнай частцы гарадоў з'яўляліся новыя плошчы і бульвары, будаваліся мураваныя шматпавярховыя дамы. Аднак трэба адзначыць, што масавая гарадская забудова характарызавалася ў першую чаргу драўляным аднапавярховым жыллём.
Працэс паступовага заняпаду класічнай архітэктуры рэзка ўзмацніўся ў сярэдзіне XIX ст. Да канца XIX ст. у беларускім дойлідстве панавала эклектыка, якая вызначалася некрытычным выкарыстаннем рознастылявых форм: неаготыкі, неабарока, неаракако, неакласіцызму, неараманскага і псеўдавізантыйскага стыляў. Неастылі атрымалі назву "архітэктуры гістарызму". Звычайна банкі і навучальныя ўстановы афармлялі пад рэнесаііс, тэатры - пад барока, касцёлы - пад готыку, праваслаўныя цэрквы будавалі ў псеўдавізантыйскім ці псеўдарускім стылі.
У другой палове XIX ст. назіраўся росквіт неагатычнага стылю, які стаў як бы афіцыйным стылем каталіцкай царквы на Веларусі. Неагатычныя пабудовы ўзводзіліся з чырвонай, добра абпаленай цэглы, фасады не атынкоўваліся. Найболып багатыя храмы мелі вітражы, падлогу з паліваных керамічных плітак, фрэскавы роспіс.
Пасля падаўлення паўстання 1863 - 1864 гг. распаўсюджанне набыў псеўдарускі, або псеўдавізантыйскі, стыль у праваслаўным культавым дойлідстве. Рускія архітэктары распрацавалі тыпавыя варыянты праваслаўных цэркваў, механічна скапіраваныя з візантыйскіх храмаў і рускіх бажніц ХІУ і ХУІІ стст., каб паказаць пераемнасць рускага дойлідства ад візантыйскай архітэктуры. Ініцыятарам будаўніцтва падобных храмаў быў граф Мураўёў, таму ў народзе яны набылі назву "мураўёвак". Цэрквы, пабудаваныя ў псеўдарускім стылі, можна сустрэць у шматлікіх гарадах і пасёлках Беларусі. Найбольш значнымі пабудовамі гэтага напрамку можна лічыць мемарыяльны комплекс у в.Лясная (1908 - 1912), створаны ў гонар двухсотгоддзя перамогі рускіх войск над шведамі, і капліцу князёў Паскевічаў у Гомелі (1870 - 1889).
У культавым дойлідстве Беларусі склаўся таксама і неараманскі стыль. Найбольш вядомы помнік, які спалучае матывы раманскай і гатычнай архітэктуры, — Чырвоны касцёл (касцёл Сымона і Алены) у Мінску, пабудаваны ў 1908 г. Храм мае асіметрычную кампазіцыю з трыма вежамі: дзвюма меншымі і адной высокай, у яго дэкаратыўным афармленні выкарыстаны элементы неаготыкі (вялікае акноружа, арнаментальныя паясы і інш.).
Побач з неастылямі ў канцы XIX ст. адбывалася станаўленне новага стылю — мадэрна. Для архітэктуры мадэрна характэрны пераплеценыя лініі, асіметрычныя кампазіцыі, багаты ляпны дэкор. Мадэрн прымяняўся для новых тыпаў пабудоў (чыгуначныя вакзалы, масты, прамысловыя збудаванні), выкарыстоўваў новыя будаўнічыя матэрыялы і канструкцыі (цэмент, металічная арматура, фабрычная дахоўка). Шырока выкарыстоўвалася шкло, з якога рабілі нават дахоўку. Прыкладам архітэктуры мадэрна з'яўляецца пазямельна-сялянскі банк у
Віцебску, храм у Міры, некаторыя жылыя дамы ў Мінску, Гродне, Гомелі, Магілёве. Мадэрн праіснаваў на тэрыторыі Беларусі да першай сусветнай вайны, аднак шырокага прымянення не атрымаў.
Такія асноўныя накірункі развіцця беларускай культуры ў другой палове XIX - пачатку XX ст.
СПІС ЛІТАРАТУРЫ
-
150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. З. Санько, І. Саверчанка - Вільня: "Наша будучыня", 2002;
-
Арлоў У., Сагановіч Г. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі. - Вільня: "Наша будучыня", 1999;
-
Запавет Мураўёва, графа Віленскага. Записка о некоторыхъ вопросахъ по устройству Северо-западнаго края // Новы Час №11(16), 2003;
-
Гісторыя Беларусі. У 2-х ч. Ч. 1. / Я. К. Новік, Г. С. Марцуль, І. Л. Качалаў і інш. - Мінск: "Універсітэцкае", 2000;
-
Ігнатоўскі У. М. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. - Мінск: "Беларусь", 1992;
-
Иллюстрированная хронология истории Беларуси. - Минск: "БелЭн", 1998;
-
История Беларуси в документах и материалах / Авт.-сост. И. Н. Кузнецов, В.Г. Мазец - Минск: "Амалфея", 2000;
-
Краіна Беларусь. Ілюстраваная гісторыя / У. Арлоў, З. Герасімовіч. - Martin: "Neografia", 2003;
-
Нарысы гісторыі Беларусі. У 2-х ч. Ч. 1. М. П. Касцюк, У. Ф. Ісаенка, Г. В. Штыхаў і інш. - Мінск: "Беларусь", 1994;
-
Таляронак С. Генерал Міхаіл Мураўёў 7-"Вешальнік" // Беларускі гістарычны часопіс №3, 1997.















