59257 (673050)
Текст из файла
УА "Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя М. Танка"
Рэферат
Па курсу "Гісторыя усходніх славян др. пал. ХІХ – пач. ХХ ст."
Тэма:
"Роля дзяржаўнага рэгулявання сацыяльна-эканамічных адносінаў ў парэформеннай сельскай гаспадарцы і прамысловасці Беларусі"
Падрыхтаваў:
Нарывончык Дзмітрый
Сцяпанавіч
Праверыла:
Леўковіч Наркіса
Данілаўна
Мінск 2006 г.
Гістарыяграфія пытання
У др. пал. ХІХ ст. аб’ектыўныя патрабаванні часу прымусілі расійскае самадзяржаўе пайсці на буржуазныя пераўтварэнні. Але феадальная прырода самадзяржаўя абумовіла паўфеадальны характар гэтых пераўтварэнняў, зрабіла іх непаўнавартнастнымі і супярэчнымі. Традыцыйна абапіраючыся на памеска-дваранскі клас, царскі урад мусіў цяпер улічваць трансфармацыю сацыяльных адносінаў, шукаць падтрымкі новай катэгорыі ўласнікаў – буржуазіі, і нанава перабудоўваць сістэму сацыяльнага партнерства. На практыцы гэты працэс знайшоў адлюстраванне ў прававым рэгуляванні ўзаемаадносін прадпрыймальнікаў і рабочых.
Выпрацаваная ў савецкай гістарыяграфіі канцэпцыя пастаяннага ўзмацнення эксплуатацыі рабочых і сялян у перыяд станаўлення і развіцця капіталізму пасля рэформы 1861 г. не спрыяла ўсебаковаму аналізу і раскрыццю праблем прававога рэгулявання сацыяльна-эканамічнай сферы ў вызначаны перыяд.
У шэрагу манаграфій, публікацый, матэрыялах навуковых канферэнцый, у першую чаргу расійскіх гісторыкаў, падкрэсліваецца гэты недахоп, але разам з тым адзначаецца, што прыкладаюцца значныя намаганні для ліквідацыі шматлікіх "белых плям"1.
3 улікам таго, што на тэрыторыі Беларусі дзейнічала заканадаўства Расійскай імперыі, за выключэннем толькі некаторых заканадаўчых актаў, у якіх спецыяльна прадугледжваліся рэгіянальныя асаблівасці, вызначаная праблема напрамую звязана з беларускай гістарыяграфіяй. Таму ў напрамку яе асвятлення робяцца пэўныя захады навукоўцамі рэспублікі. У гэтых калектыўных працах даецца новае канцэптуальнае асвятленне асноўных рэформ 60-х гг. XIX ст. і сталыпінскіх перамен у аграрным сектары, якія забяспечвалі паступовы пераход сельскай гаспадаркі і прамысловасці Беларусі ад феадальна-прыгонніцкай да рынкавай, капіталістычнай.
Заслугоўваюць увагі дыскусійныя працы В.Панюціча і Х.Бейлькіна, у якіх даецца аналіз становішча сельскай гаспадаркі Беларусі2. Пэўную цікавасць выклікаюць артыкулы І. Грыбко, П. Брыгадзіна і А. Каханоўскага, якія закранаюць некаторыя праблемы беларускага грамадства на мяжы XIX і XX ст.3
Першая спроба комплекснага аналізу праблемы прававога рэгулявання сацыяльна-эканамічнай сферы Беларусі ў перыяд фарміравання і развіцця рынкавай капіталістычнай эканомікі пасля 1861 г. адносіцца да артыкула І. Прымачука “Прававое рэгуляванне ўзаемаадносін прадпрыймальнікаў і рабочых Беларусі (60-я гг. ХIХ - пачатак XX стст.)”, дзе аўтар надае асноўную ўвагу дзяржаўнаму рэгуляванню працоўнага заканадаўства у сельскай гаспадарцы і ў прамысловасці4.
Прававое рэгуляванне сацыяльна-эканамічных ўзаемаадносінаў у сельскай гаспадарцы
Як вядома, рэформа 1861 г. аб адмене прыгоннага права стала пераломным крокам на шляху эвалюцыйнага пераходу Беларусі, як і ў цэлым Расійскай Імперыі, да рынкавай капіталістычнай эканомікі. Прычым гэты пераход тут быў больш хуткі, чым у іншых рэгіёнах Расіі, з улікам дарэформенных капіталістычных элементаў найму і выкарыстоўвання сельскагаспадарчых мышын з аднаго боку і больш ільготных умоў вызвалення, выкліканых паўстаннем 1863-1864 гг., з другога.
Пераход ад прыгоннай залежнасці да выкарыстання вольнанаёмнай рабочай сілы ў сельскай гаспадарцы выклікаў неабходнасць тэрміновага дзяржаўнага прававога рэгулявання гэтага працэсу. 1 красавіка 1863 г. быў прыняты ўказ “Аб часовых мерах для найму сельскіх рабочых і служыцеляў”5, а 12 чэрвеня 1886 г. зацверджана “Палажэнне аб найме на сельскія работы”6.
Паводле палажэння, дагаворы аб найме маглі заключацца абодвума бакамі як вусна, так і пісьмова. Наём мог быць на ўстаноўлены тэрмін, але не болей чым на 5 гадоў. Пры заключэнні дагавору аб найме бакі, якія дамаўляліся паміж сабой, павінны былі вызначыць памер аплаты. Па дагавору наймальнік быў абавязаны:
1) абыходзіцца з рабочымі справядліва, патрабаваць ад іх толькі той работы, для якой яны былі наняты і якая была абумоўлена ў дагаворы;
2) выплачваць своечасова заработную плату. Прычым забаранялася замест грошай разлічвацца хлебам ці іншымі таварамі. Калі ж рабочыя наймаліся з харчаваннем у гаспадара, то ежа і прадукты, якія выдаваліся, павінны былі быць дабраякаснымі і адпавядаць стандартам ежы сям'і сярэдняга дастатку;
3) аказваць рабочаму, які захварэў, хатнюю дапамогу, а ў выпадку неабходнасці садзейнічаць адпраўцы яго на месца жыхарства або ў бальніцу;
4) наймальнік не павінен даручаць непаўналетнім работу, якая не адпавядае іх узросту і сіле, а таксама не перашкаджаць, а заахвочваць іх да наведвання царквы і школы ў вольны ад работы час.
У сваю чаргу рабочы павінен быў слухацца наймальніка і бездакорна выконваць яго патрабаванні адпаведна заключаным умовам. У функцыі рабочага ўваходзіла абарона гаспадара і яго сям'і ад усялякіх пагроз і небяспекі. Рабочаму забаранялася адлучацца без дазволу гаспадара і выконваць чужую работу. Ён абавязаны быў беражліва абыходзіцца з жывёлай і гаспадарчымі прыладамі працы. Пакідаючы наймальніка, рабочы павінен быў здаць гаспадару яго маёмасць.
Наймальніку дазвалялася накладваць штраф на рабочых за прагулы, няякасную работу, грубасць і непакорнасць гаспадару, а таксама за пашкоджанне яго маёмасці. Па іншых акалічнасцях штрафы забараняліся. Непрыход на працу без уважлівых прычын больш за 3 дні запар лічыўся прагулам. Калі рабочы пакідаў наймальніка без уважлівых прычын да заканчэння тэрміну найму - гэта прызнавалася самавольным адыходам.
У законе досыць падрабязна пералічаны прычыны, у выпадку якіх маглі прыпыніць дагавор як наймальнік, так і рабочы. Пры гэтым спрэчкі паміж імі павінен быў разглядаць суд. Калі суд не прызнаваў правільнасць звальнення наймальнікам рабочага, то з наймальніка на карысць рабочага бралася плата ў памеры не больш за трохмесячны заробак. Калі ж суд па скарзе наймальніка прызнаваў, што дагавор аб найме скасаваны рабочым няправільна, то рабочы падвяргаўся адказнасці, якая была ўстаноўлена за самавольны адыход.
Такім чынам, прынятыя ў 1863 і 1886 гг. заканадаўчыя акты з'явіліся важнымі дзяржаўна-прававымі дакументамі, якія рэгламентавалі адносіны паміж най-мальнікам і рабочым, вызначалі правы і абавязкі абодвух бакоў. 3 улікам таго, што Беларусь заставалася пераважна сельскагаспадарчым рэгіёнам, то гэтыя законы закраналі інтарэсы значнай колькасці яе жыхароў. Паводле падлікаў Б.Панюціча, у 1907 г. у Віцебскай губерні і 5 заходніх губернях колькасць пастаянных рабочых складала каля 234 тыс. чалавек7.
У той жа час трэба адзначыць, что гэтыя законы не прадугледжвалі стварэння кантрольных устаноў, якія б сачылі за выкананнем адзначаных палажэнняў на месцах. У абсалютнай большасці выпадкаў узаемаадносіны паміж рабочым і наймальнікам мелі аднабаковы характар і вызначаліся інтарэсамі апошняга. Наем сельскагаспадарчых рабочых, з’яўляючыся ў цэлым капіталістычным, часта суправаджаўся напаўпрыгонніцкімі ўмовамі – надзяленнем невялікім кавалкам зямлі, ардынарыяй (прадуктамі харчавання), натуральнымі паслугамі. Цалкам на вырашэнне наймальніка заставалася праблема вызначэння працягласці рабочага дня. У большасці гаспадарак летам работнікі працавалі ўвесь светлавы дзень – па 16, а падчас і 18 гадзін у суткі. Прытым на сняданне і абед адводзілася не больш за 2-2,5 гадзіны. У зімовы час сельскагаспадарчыя рабочыя працавалі па 12-13 гадзін у суткі. Падчас рэвалюцыі 1905-1907 гг. у асобных гаспадарках Беларусі сельскагаспадарчыя рабочыя дамагліся скарачэння працоўнага дня да 13-14 гадзін.
Не рэгламентаваўся і ўзровень заработнай платы пастаянных сельскагаспадарчых рабочых. У асноўным яна залежыла ад сезону і вагалася у залежнасці ад каштоўнасці рабочай сілы і яе прапановы на мясцовым рынку. Так, напрыклад, у 1883-1887 гг. па пяці беларускіх губернях плата сельскагаспадарчым рабочым складала ад 20 да 110 капеек у дзень (табліца №1). Калі ж браць сярэднюю гадавую плату, то ў 1881-1891 гг. яе сярэдні паказчык з уклікам харчовага забяспечання складаў 90 руб. для мужчыны і 65 для жанчыны (табліца №2). У той жа час па падліках В.Панюціча, каб пракарміць сям'ю з 6 чалавек, рабочаму патрабавалася больш за 160 руб.8. Ніякага адлюстравання на дзяржаўным узроўні не знайшоў працэс павышэння даходнасці маёнтка за кошт памяньшэння заработнай платы парабкаў (табліца №3).
Практычна адсутнічала медыцынскае абслугоўванне, сацыяльнае страхаванне, дастатковае забяспячэнне ежай. Так, газета «Северо-западное слово» № 615 за 1900 г. адзначае: “В каждой деревне можно найти несколько человек с оторванными пальцами, раздробленными руками и ногами, безногих и калек, которые могут засвидетельствовать, что увечье причинено им сельско-хозяйственными машинами. …Сельскохозяйственные рабочие нисколько не гарантированы и от других злоупотреблений со стороны своих хозяев, как, например, в отношении качества пищи, аккуртной уплаты следуемых за службу денег и даже кулачной расправой, которая практикуется в глухой провинции как законное и вполне нормальное явление.”9.
Паскарэнню працэсу пераходу да капіталістычнага гаспадарання спрыялі законы ад 16 мая 1867 г. "Аб пазямельным уладкаванні дзяржаўных сялян у дзевяці Заходніх губернях''10 і ад 12 чэрвеня 1886 г. "Аб пераўтварэнні аброчнай подаці былых дзяржаўных сялян у выкупныя плацяжы"11.
Паводле закона 1867 г., дзяржаўным сялянам Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай губерняў перадаваліся ва ўласнасць землі і ўгоддзі, якія адводзіліся ім у надзел. Гэтыя сяляне адносіліся да разраду "сялян-уласнікаў". Для вызначэння памеру перадаваемага ва ўласнасць селяніну надзелу і штогадовых плацяжоў ствараліся люстрацыйныя камісіі, якія павінны былі выдаваць сялянам люстрацыйныя акты. Для вызначэння штогадовых выкупных плацяжоў з селяніна камісія павінна была павялічыць яго штогадовую подаць на 10%. Устаноўлены такім чынам памер выкупнога плацяжу з селяніна мог спаганяцца да 1 студзеня 1913 г. Сялянам дазвалялася датэрмінова аплаціць выкупныя плацяжы.
Законам 1886 г. прадугледжвалася пераўтварыць аброчную подаць і зборы, якія яе замянялі, а таксама лясны падатак у выкупныя плацяжы. Сумы іх устанаўліваліся для кожнай губерні ў нязменным памеры на ўвесь тэрмін выкупу, які канчаткова павінен быць спынены з 1 студзеня 1931 г. Сельскім грамадствам і ўласнікам падворных надзелаў дазвалялася датэрмінова разлічыцца з мясцовым казначэйствам па выкупных плацяжах.
Відавочна, што гэтыя законы паляпшалі становішча дзяржаўных сялян, якія складалі каля 20% сялянскага насельніцтва Беларусі. Яны далучаліся да разраду сялян-уласнікаў, умовы іх вызвалення былі больш спрыяльныя, чым у памешчыцкай вёсцы.
Важную ролю ў рэфармаванні сельскай гаспадаркі адыграў Сялянскі пазямельны банк, палажэнне аб якім зацверджана 18 мая 1882 г.12. Гэта была дзяржаўная ўстанова, і падпарадкоўвалася яна Міністэрству фінансаў. У губернях утвараліся аддзяленні банка. Яны мелі права прымаць заяўкі аб выдачы пазыкі і зацвярджаць іх, садзейнічаць прадаўцам і пакупнікам пры здзяйсненні здзелак, выдаваць дазволеныя пазыкі, хадайнічаць аб ільготах і растэрміноўках у плацяжах у выпадку катастроф, якія спасцігалі заёмшчыкаў, рабіць распараджэнні па спагнанні пратэрмінованьіх пазык і інш.
Стварэнне Сялянскага пазямельнага банка пашырала магчымасці атрымаць пазыку для пакупкі зямлі з мэтай пашырэння сялянскай гаспадаркі. Плошча прададзенай зямлі сялянам з выдзяленнем пазык банкам толькі ў 1906-1915 гг. склала каля 233 тыс. дзесяцін13.
Неакрэсленасць сацыяльна-эканамічных узаемаадносінаў паміж наймальнікам і рабочым у сельскай гаспадарцы, непрыкрытая падтрымка дзяржавай землеўласнікаў уносяць сацыяльны канфлікт паміж імі, выступаюць у якасці каталізатара сяланскага руху. У перыяд 1864-1875гг. было зафіксавана 218 сяланскіх хваляванняў, у сярэднім па 18 у год, у 1876-1882 гэтыя лічбы складалі адпаведна 204 і 29, у 1883-1894 – 375 і 31, у 1895-1900 – 181 і 30, а падчас першай рускай рэвалюцыі у студзені-сакавіку 1905 г. дасягнулі крытычнай кропкі – 53 хвалявання14. Гэта прымусіла імператара Мікалая ІІ 3 лістапада 1905 г. падпісаць адразу 3 заканадаўчыя акты: "Аб паляпшэнні дабрабыту і палягчэнні становішча сялянскага насельніцтва", "Аб памяншэнні і далейшым спыненні выкупных плацяжоў з сялян былых памешчыцкіх, дзяржаўных і ўдзельных" і "Аб па-лягчэнні задачы Сялянскага пазямельнага банка па садзейнічанні да павелічэння плошчы землеўладання малазямельных сялян"15.
Пералічанымі законамі ўстанаўлівалася з 1 студзеня 1906 г. памяншэнне на палову выкупных плацяжоў, а з 1 студзеня 1907 г. выкупныя плацяжы лікві-доўвалісяі. Давалася даручэнне банку знайсці магчымасць больш паспяховай дапамогі малазямельным сялянам у пашырэнні пакупной плошчы іх землеўладання, а таксама павялічыць для гэтага выдзяленне сродкаў банка і ўстанавіць больш ільготныя правілы для выдачы адпаведных пазык.
Кантрэвалюцыйны адыход адзначыўся прыняццем 15 красавіка 1906 г. "Правіл супраць узнікнення стачак сярод сельскіх рабочых" і 26 красавіка 1906 г. указа "Аб маёмаснай адказнасці ўдзельнікаў у пагромах і грабяжах у сельскіх мясцовасцях"16. Паводле гэтых заканадаўчых актаў, узмацнялася крымінальная адказнасць сельскагаспадарчых рабочых за насілле над асобай, за знішчэнне, пашкоджанне і самавольны захоп чужой маёмасці, а таксама эа самавольнае спыненне альбо неаднаўленне сельскіх работ, прадугледжаных дагаворам па найму. Рабочыя маглі быць пакараны турэмным зняволеннем на тэрмін ад 6 месяцаў да 1 года. На спагнанне страт, прысуджаных пацярпелым ад пагромаў і грабяжоў, магла быць выкарыстана ўся рухомая і нерухомая маёмасць вінаватых у гэтых падзеях.
Але аб’ектыўны аналіз рэвалюцэйных падзей у весцы паказаў, што расійскаму самадзяржаўю патрэбны моцны сацыяльны саюзнік, які мог бы стаць гарантам эфектыўнай сацыяльнай палітыкі. Такога саюзніка царскі ўрад знайшоў знайшло ў асобе кулака-уласніка, створанага інтэнсіфікацыяй капіталістычнага развіцця сельскай гаспадаркі. У адпаведнасці з гэтымі намерамі 9 лістапада 1906 г. выходзіць імператарскі ўказ "Аб дапаўненні некаторых пастаноў дзеючага закона, якія тычацца сялянскага землеўладання і землекарыстання"17, які трансфармаваўся ў закон ад 14 чэрвеня 1910 г. "Аб змяненні і дапаўненні некаторых пастаноў аб сялянскім землеўладанні"18 і ў стаў гэтым варыянце галоўным падмуркам сталыпінскай аграрнай рэформы.
Прававое рэгуляванне сацыяльна-эканамічных ўзаемаадносінаў у прамысловасці
Развіццё капіталізму арганічна звязана з прамысловым пераваротам і фарміраваннем новых сацыяльных утварэнняў – фабрычна-завадской буржуазіі і прамысловага пралетарыяту. Гэта ў сваю чаргу патрабавала дзяржаўнага рэгулявання працоўных адносін паміж рабочымі і фабрыкантамі. Важным у такім рэчышчы стаў закон ад 1 чэрвеня 1882 г. "Аб малалетніх працоўных на заводах, фабрыках і мануфактурах"19. Паводле закона, дзеці, якія не дасягнулі 12-гадовага ўзросту, да работ не дапускаліся. Падлеткі ва ўзросце ад 12 да 15 гадоў не маглі быць заняты работаю звыш 3 гадзін у суткі. Пры гэтым работа не павінна працягвацца больш за 4 гадзіны запар. Забаранялася прыцягваць малалетніх да работы паміж 9 гадзінамі вечара і 5 гадзінамі раніцы, у нядзелю і ў святочныя дні, а таксама да знясільваючых работ. Наймальнікі абавязаны былі тым дзецям, што працавалі і не мелі пасведчання аб заканчэнні аднакласнага народнага вучылішча, даваць, магчымасць наведваць навучальныя ўстановы не менш за 3 гадзіны кожны дэень альбо 18 гадзін у тыдзень. Такім чынам, паводле закона, які распаўсюджваўся на ўсе без выключэння прадпрыемствы і ўводзіўся з 1 мая 1883 г., устанаўліваўся 8-гадзінны рабочы дзень для асоб 12-15-гадовага ўзросту, рэгламентаваліся некаторыя ўмовы іх працы, аднак не закраналіся праблемы яе аплаты.
Характеристики
Тип файла документ
Документы такого типа открываются такими программами, как Microsoft Office Word на компьютерах Windows, Apple Pages на компьютерах Mac, Open Office - бесплатная альтернатива на различных платформах, в том числе Linux. Наиболее простым и современным решением будут Google документы, так как открываются онлайн без скачивания прямо в браузере на любой платформе. Существуют российские качественные аналоги, например от Яндекса.
Будьте внимательны на мобильных устройствах, так как там используются упрощённый функционал даже в официальном приложении от Microsoft, поэтому для просмотра скачивайте PDF-версию. А если нужно редактировать файл, то используйте оригинальный файл.
Файлы такого типа обычно разбиты на страницы, а текст может быть форматированным (жирный, курсив, выбор шрифта, таблицы и т.п.), а также в него можно добавлять изображения. Формат идеально подходит для рефератов, докладов и РПЗ курсовых проектов, которые необходимо распечатать. Кстати перед печатью также сохраняйте файл в PDF, так как принтер может начудить со шрифтами.












