74417 (702549), страница 2
Текст из файла (страница 2)
З пазіцый трыяды "раса" - "асяроддзе" - "момант" павінны, на думку І. Тэна, ацэньвацца не толькі з’явы літаратуры і мастацтва мінулага, але і сучаснасці.
Прынцыповая рыса і важная навуковая заваёва культурна-гістарычнай школы - гэта яе гістарызм, свядома ўзведзены ў ранг метаду. У супрацьлегласць нарматыўным тэорыям ХVІІ-ХVІІІ стст., якія засноўваліся на пазачасавым супрацьпастаўленні мастацтва "правільнага", якое належыць цывілізаваным народам, і "няправільнага", "дзікага", "няспелага", культурна-гістарычная школа стала разглядаць мастацкі твор як арганічны адбітак "духу" народа ў розныя гістарычныя моманты яго жыцця. Як адзначаў І. Тэн, "…мастацтвы з’яўляюцца і знікаюць адчасова з пэўнымі плынямі ў галіне думкі і нораваў, з якімі яны звязаны". Адсюль - сцвярджэнне раўнапраўя мастацтва любога народа, эпохі, стылю, а таксама пераарыентацыя літаратуразнаўства на вывучэнне заканамернасцей, якія кіруюць развіццём культурна-гістарычнага свету.
Прадстаўнікі культурна-гістарычнай школы лічылі асноўнымі прынцыпамі даследавання матэрыяльнай і духоўнай культуры "нейтральнасць", "аб’ектывізм" і "беспартыйнасць", а асноўнай задачай навукі - не столькі тлумачэнне фактаў, колькі збіранне і назапашванне іх. Вучонымі гэтай школы ўпершыню была зроблена спроба на аснове прынцыпаў пазітывізму гістарычна вытлумачыць з’явы грамадскага жыцця, літаратуры і мастацтва, а таксама сфармуляваць задачы новай метадалогіі вывучэння літаратуры. Па І. Тэну, даследаванне літаратуры павінна засноўвацца на шырокім прыцягненні і выкарыстанні фактаў, абумоўленых і акрэсленых яго славутай трыядай, а менавіта: фактаў, якія ўказваюць на своеасаблівасці "культурнага асяроддзя" і грамадскай псіхалогіі; момантаў, звязаных з асаблівасцямі "расы" і абумоўленых біялагічнымі прыкметамі, а таксама прыкметамі клімату, мясцовасці і гістарычных абставін; нюансаў біяграфіі пісьменніка і яго псіхалогіі.
Некаторыя з прадстаўнікоў культурна-гістарычнай школы (напрыклад, французскі вучоны Ф. Брунэцьер) спрабавалі нават, абапіраючыся на пазітывісцкую філасофію часу, праводзіць аналогію паміж мастацкім творам і біялагічным арганізмам.
Акрамя ўжо ўпамянутых вышэй французскіх вучоных І. Тэна і Ф. Брунэцьера, у традыцыях культурна-гістарычнай школы напісаў свае даследаванні (манаграфіі аб Буало, Карнэлі, Вальтэры; сінтэтычная праца "Гісторыя французскай літаратуры"; даследаванні па тэорыі літаратуры "Метад у гісторыі літаратуры", "Прынцыпы кампазіцыі і стылю" і інш.) іх суайчыннік, буйны вучоны-літаратуразнаўца Гюстаў Лансон (1857-1934). Гісторыю літаратуры Лансон разглядае як частку гісторыі цывілізацыі. Галоўная ўвага даследчыка, на яго думку, павінна быць накіравана на вывучэнне літаратурных тэкстаў, выяўленне аўтарскай індывідуальнасці, літаратурных традыцый, школ і раскрыццю на гэтай аснове разумовага, этычнага і сацыяльнага жыцця краіны, еўрапейскай літаратуры і цывілізацыі ў цэлым.
Галоўным прадстаўніком культурна-гістарычнай школы ў Германіі стаў гісторык і мастацтвазнаўца Герман Гетнер (1821-1882). Асноўнай працай Гетнера з’яўляецца шасцітомная "Гісторыя ўсеагульнай літаратуры ХVІІІ стагоддзя" (1856-1870). Апісанню кожнага гістарычнага этапа літаратурнага развіцця Англіі, Францыі і Германіі папярэднічае ў гэтым даследаванні грунтоўны разбор грамадска-гістарычных і ідэалагічных перадумоў. Акрамя таго, даследчык, разглядаючы літаратурны працэс эпохі Асветніцтва ў адзначаных краінах, спрабуе выявіць моманты ўзаемаўплыву і ўзаемадзеяння іх літаратур.
На аснове метадалогіі культурна-гістарычнай школы напісаны і найбольш значныя працы - "Гісторыя нямецкай літаратуры" (1880-1883) і "Паэтыка" (1888) - яшчэ аднаго нямецкага філолага Вільгельма Шэрэра (1841-1886). Будучы прыхільнікам пазітывізму, Шэрэр абгрунтоўваў прымяненне ў філалогіі метадаў прыродазнаўчых навук.
Аб’яднаў і сінтэзаваў у даследаваннях літаратурных з’яў культурна-гістарычную метадалогію і прынцыпы біяграфічнай школы знакаміты дацкі крытык і гісторык літаратуры Георг Брандэс (1842-1927). Ён удзяляў таксама ўвагу і параўнальнаму даследаванню еўрапейскіх літаратур. Брандэс стварыў шэраг таленавітых літаратурных партрэтаў пісьменнікаў і грамадскіх дзеячаў. Асабліва цікавыя яго манаграфіі аб Шэкспіры, Гётэ, Вальтэры, Ібсэне, Б’ёрнсане, нарысы аб французскіх і рускіх пісьменніках. Брандэс з’яўляецца таксама аўтарам грунтоўнай тэарэтычнай працы "Галоўнейшыя плыні ў еўрапейскай літаратуры ХІХ стагоддзя".
Даволі моцна выявілася культурна-гістарычная школа і ў рускай літаратурнай навуцы.
Самым значным прадстаўніком культурна-гістарычнай школы ў Расіі быў акадэмік Аляксандр Пыпін - аўтар такіх грунтоўных прац, як "Характарыстыкі літаратурных меркаванняў ад дваццатых да пяцідзесятых гадоў" (1873), "Бялінскі. Яго жыццё і перапіска" (1876), чатырохтомная "Гісторыя рускай літаратуры" (1890-1892), "Гісторыя славянскіх літаратур" (1879) і інш.
На культурна-гістарычную метадалогію арыентаваўся ў асноўным і акадэмік Мікалай Ціханраваў (1832-1893). Асабліва многа М. Ціханраваў зрабіў для збору, сістэматызацыі і выдання старажытнай рускай летапіснай спадчыны, а таксама твораў рускага драматычнага пісьменства.М. Ціханраваў заснаваў цэлую школу даследчыкаў па вывучэнні старажытнай рускай літаратуры і гісторыі.
Акрамя А. Пыпіна і М. Ціханравава ідэі культурна-гістарычнай школы развівалі ў Расіі А. Шахаў, П. Коган, А. Кірпічнікаў і шэраг іншых вучоных.
З культурна-гістарычных даследаванняў пачаў працу буйнейшы рускі літаратуразнаўца ХІХ ст. Аляксандр Весялоўскі (1838-1906), пра дзейнасць якога будзе сказана крыху ніжэй, пры разглядзе параўнальна-гістарычнага метаду.
Да заслуг культурна-гістарычнай школы адносяцца: па-першае, уклад у распрацоўку гісторыка-генетычнай метадалогіі; па-другое, спроба стварэння гісторый нацыянальных літаратур; па-трэцяе, падрыхтоўка прынцыпаў параўнальна-гістарычнага літаратуразнаўства і псіхалагічнай школы; па-чацвёртае, назапашванне вялізнага гісторыка-культурнага матэрыялу, вопыту тэксталагічнага аналізу твораў і навуковага крыніцазнаўства. Наогул жа (і гэта, відаць, самае галоўнае) прадстаўнікі культурна-гістарычнай школы ўслед за міфолагамі ўнеслі метадалогію ў гісторыю літаратуры і тым самым развілі і падмацавалі навуковы характар гэтай галіны літаратуразнаўства.
У пачатку ХХ ст. культурна-гістарычная школа распалася, аднак яе метадалагічныя ўстаноўкі працягвалі аказваць сур’ёзны ўплыў на многіх буйных вучоных-літаратуразнаўцаў, такіх, напрыклад, як П. Сакулін, М. Піксанаў (Расія), В. Парынгтон (ЗША), Р. Мендэс Підаль (Іспанія) і інш.
Ідэі культурна-гістарычнай школы істотна паўплывалі на літаратурна-мастацкую крытыку і публіцыстыку Беларусі канца ХІХ - пачатку ХХ стст. (літаратурна-крытычныя матэрыялы на старонках газет "Минский листок", "Северо-Западный край", "Голос провинции", "Минский курьер" і інш.), на канцэпцыю нацыянальнай літаратуры ў газетах "Наша ніва" і "Гоман", на тагачасную беларускую фалькларыстыку і этнаграфію (А. Багдановіч, У. Дабравольскі, М. Доўнар-Запольскі). Многае ад культурна-гістарычнай школы ўзялі М. Багдановіч і М. Гарэцкі. Паслядоўнікам культурна-гістарычнай школы з’яўляўся таксама І. Замоцін.
1.5 Параўнальна-гістарычны метад
Параўнальна-гістарычны метад - гэта навукова-метадалагічная канцэпцыя, з дапамогай якой шляхам параўнання выяўляецца агульнае і асаблівае ў літаратурных з’явах, дасягаецца пазнанне розных гістарычных ступеняў развіцця адной і той жа з’явы ці двух розных суіснуючых з’яў.
Параўнальна-гістарычны метад у літаратуразнаўстве і крытыцы ўзнікае і пачынае ўзмоцнена развівацца ў другой палове XIX ст., практычна адначасова з культурна-гістарычнай школай.
Імкненне ж да параўнальнага вывучэння літаратур адзначалася ўжо ў эпоху Адраджэння. Дастаткова ўспомніць "Адагіі" Э. Ратэрдамскага. Наступным крокам у параўнальным вывучэнні з’яў літаратуры і мастацтва сталі гістарычныя супастаўленні I. Гердэра. Тэарэтыкі нямецкага рамантызму браты Ф. і А.В. Шлегелі таксама імкнуліся да шырокага параўнання еўрапейскіх літаратур. У пачатку стагоддзя пачалося вывучэнне т. зв. "вандроўных" сюжэтаў.
Першай сур’ёзнай спробай параўнальна-гістарычнага метаду з’яўляецца праца шатландскага даследчыка Джона Дэнлопа "Гісторыя мастацкай прозы", у якой вучоны на аснове супастаўлення аналізуе фальклорную аповесць аб сямі мудрацах.
У сярэдзіне XIX ст. у дваццацітомнай працы француза Філарэта Шаля "Даследаванні па параўнальнаму літаратуразнаўству" (1847-1864) упершыню з’яўляецца тэрмін "параўнальнае літаратуразнаўства".
Сапраўдным жа маніфестам параўнальна-гістарычнага літаратуразнаўства стала прадмова нямецкага вучонага Тэадора Бянфея (1809-1881) да нямецкага перакладу знакамітага зборніка індыйскіх баек і прытчаў "Панчатантра" (1859). Грунтуючыся на даследаваннях Дэнлопа, Бянфей, у адрозненне ад "арыйскай тэорыі" Я. Грыма, якая выводзіла падобныя элементы індыйскай і еўрапейскай літаратур з адзінага індаеўрапейскага перыяду сумеснага жыцця гэтых народаў, прапанаваў магчымасць міграцыі матываў і сюжэтаў сярод народаў не на аснове іх агульнага паходжання, а шляхам гістарычна даказаных культурных зносін. Па Бянфею, у выніку шматлікіх кантактаў прадстаўнікоў усходніх народаў з еўрапейцамі праз вузлавыя пункты Візантыі, Італіі і Іспаніі адбывалася перамяшчэнне сюжэтаў індыйскіх казак і апавяданняў з літаратуры ў народ, з народнага асяроддзя ў трансфармаваным выглядзе зноў у літаратуру. Тэорыя запазычання нямецкага вучонага атрымала назву "ўсходняй" альбо "індыйскай", бо ў ёй вельмі вялікае значэнне надавалася індыйскай літаратуры.
Канчаткова прынцыпы параўнальна-гістарычнага літаратуразнаўства аформіліся ў працы англійскага філолага Хатчысана Познета "Параўнальнае літаратуразнаўства" (1886). Гэтая кніга атрымала самы шырокі розгалас у розных краінах і садзейнічала развіццю параўнальна-гістарычнага метаду як агульнаеўрапейскай з’явы. Познетам устанаўліваліся літаратурныя аналогіі, рабіліся спробы выяўлення законаў узнікнення літаратурных жанраў у блізкіх ці поўнасцю падобных умовах. Вучоны не абмяжоўваўся даследаваннем грэка-лацінскай цывілізацыі, а ішоў далей, за межы Еўропы, звяртаючыся да літаратур Індыі, Мексікі, Кітая.
Немалыя заслугі ў развіцці і прапагандзе параўнальна-гістарычнага метаду належаць рускім вучоным.
Першымі папулярызатарамі ідэй кампарытывістыкі ў Расіі выступілі В. Стасаў і Ф. Буслаеў. Іх эстафету падхапіў А-др Весялоўскі, які стаў адным з самых вядомых і прызнаных у свеце вучоных, што арыентаваліся на прынцыпы параўнальна-гістарычнага метаду. Прычым, Весялоўскі не быў, так бы мовіць, стопрацэнтным кампаратывістам. Аддаючы параўнальна-гістарычнай метадалогіі перавагу, ён у сваёй навуковай дзейнасці сінтэзаваў элементы розных тагачасных вучэнняў: культурна-гістарычнай, міфалагічнай, псіхалагічнай, біяграфічнай школ. Засвоіўшы асноўныя палажэнні культурна-гістарычнай школы, Весялоўскі не падзяляў захапленні Тэна метадамі прыродазнаўчых навук. Успрымаючы найбольш рацыянальныя палажэнні тэорый Я. Грыма і Т. Бянфея, рускі вучоны не зрабіў самамэтай вывучэнне "уплываў, павеваў і скрыжоўванняў", а выкарыстаў іх як сродак спасціжэння "свайго" і "чужога" ў паэтычнай творчасці народаў. Самая вядомая праца Весялоўскага - "Гістарычная паэтыка" (1870-1906). У прынцыпе - гэта своеасаблівае падагульненне зробленага вучоным на працягу дзесяцігоддзяў, падвядзенне вынікаў усёй яго літаратуразнаўчай дзейнасці.
Папулярызатарам ідэй кампаратывістыкі ў Расіі стаў таксама малодшы брат славутага вучонага Аляксей Весялоўскі (1843-1918). Найбольш значная праца А. Весялоўскага - манаграфія "Заходні ўплыў у новай рускай літаратуры" (1883), якая вытрымала ў свой час пяць выданняў.
Сярод іншых рускіх вучоных ХІХ ст., якія займаліся распрацоўкай параўнальна-гістарычнай метадалогіі, неабходна назваць А. Катлярэўскага, А. Кірпічнікава, Н. Дашкевіча, Н. Старажэнку.
У сваім развіцці параўнальна-гістарычны метад прайшоў шэраг этапаў. Калі кампаратывісты ХІХ ст. займаліся, як правіла, даследаваннем старажытных і сярэдневяковых літаратур, то іх калегі ў ХХ ст. пачалі звяртацца таксама і да вывучэння твораў сучаснага ім прыгожага пісьменства. На сённяшні дзень кампаратывістыка з’яўляецца адной з самых уплывовых літаратуразнаўчых школ у свеце. Дзякуючы намаганням такіх вядомых вучоных, як Ф. Бальданспаржэ, П. Азар, П. ван Цігем і некат. інш., з 1921 г. у Францыі пачаў выходзіць спецыяльны кампаратывісцкі часопіс "Revue de litterature comparee", а пры ім - серыя спецыяльных манаграфій. Пасля 2-й сусветнай вайны навуковыя цэнтры параўнальна-гістарычнага літаратуразнаўства з’явіліся таксама ў ЗША, ФРГ, Канадзе, Аўстраліі і іншых краінах. Аднак самай буйной і агульнапрызнанай у свеце з’яўляецца ўсё-такі французская кампаратывісцкая школа. Як адно з пацверджанняў гэтаму - выданне ў 1996 г. у перакладзе на беларускую мову кнігі французскіх вучоных П. Брунэля, К. Пішуа і А. - М. Русо "Што такое параўнальнае літаратуразнаўства?". У 1955 г. заснавана Міжнародная асацыяцыя параўнальнага літаратуразнаўства (AILC) з цэнтрам у Парыжы (друкаваны орган - часопіс "Neohelicon", Будапешт). Пад эгідай AILC збіраюцца міжнародныя кампаратывісцкія кангрэсы, пасля пасяджэнняў якіх выдаюцца спецыяльныя зборнікі-справаздачы (працы "International comparative Literature assotiation. Proceedings of the Congress").
Савецкае літаратуразнаўства, гістарычныя традыцыі якога ў гэтай галіне, звязаныя з дзейнасцю Ф. Буслаева, А. Весялоўскага і інш., былі даволі моцнымі, практычна на працягу ўсяго часу свайго развіцця абапіралася на дасягненні параўнальна-гістарычнага метаду, амаль што не прызнаючы пры гэтым (вядома, з-за ідэалагічных прычын) замежную кампаратывістыку. І толькі з сярэдзіны 1960-х гг. у гэтых адносінах наступіла пэўнае "пацяпленне": такія буйныя савецкія вучоныя, як М. Конрад, В. Жырмунскі, І. Неўпакоева, М. Аляксееў, І. Анісімаў, Р. Самарын і інш., пачалі ўдзельнічаць у міжнародных нарадах і кангрэсах кампаратывістаў, друкаваць на радзіме своеасаблівыя нарысы-справаздачы аб іх рабоце, прапагандаваць лепшае з арсенала замежнай кампаратывістыкі.
У аснову савецкага параўнальна-гістарычнага літаратуразнаўства была пакладзена ідэя адзінства сацыяльна-гістарычнага развіцця чалавецтва. Асноўнымі накірункамі даследчыцкай дзейнасці савецкіх вучоных у гэтай галіне сталі: выяўленне гістарычнай агульнасці літаратур у мінулым і наяўнасць літаратурных сувязей у сучаснасці; даследаванне вынікаў узаемадзеяння як у асобных літаратурах, так і ў межах пэўнай іх сукупнасці; параўнальна-тыпалагічнае вывучэнне асобных фактаў у літаратурах розных народаў. Самай значнай працай савецкіх вучоных на аснове плённага выкарыстання параўнальна-гістарычнага метаду стала васьмітомная "Гісторыя сусветнай літаратуры" (1981-1994), у якой прасочана развіццё сусветнага прыгожага пісьменства ад самых ранніх яго вытокаў і да пачатку ХХ ст.
У беларускім літаратуразнаўстве параўнальна-гістарычны метад бярэ свой пачатак у працах М. Багдановіча, у савецкі перыяд - у даследаваннях І. Замоціна, М. Ларчанкі, Ю. Пшыркова. Цікавыя меркаванні аб асаблівасцях узаемадзеяння беларускай літаратуры са славянскімі літаратурамі, а таксама з некаторымі літаратурамі Захаду выказалі ў даваенны перыяд Я. Колас, Я. Купала, К. Крапіва, К. Чорны і некаторыя іншыя беларускія пісьменнікі.