25496-1 (686854), страница 4
Текст из файла (страница 4)
Прататыпы заўсёды ёсць, нават у “негістарычных” маіх асоб. У “Чынезіі” гэта Няпіпіва (Шчукін, капітан МРС-200), чэмпіён – яхтсмен Ляпін, энтамолаг з Харкава Лісоўскі (дзядзька Сакрат). Ясна, што яны ў чымсьці багацей і разнастайней, а ў чымсьці бяднейшыя за арыгіналы.
Якія гастарычныя асобы, якія перыяды сусветнай гісторыі Вас найбольш цікавяць? Жыццёвы лёс якога дзеяча культуры, якога мастака Вас найбольш захапляе? Якія архітэктурныя збудаванні ў Мінску Вам найбольш падабаюцца і, наогул: ці па таму шляху ён развіваецца?
У. К. Асобы і эпохі, якія цікавяць. Ключавыя эпохі (а Беларусі ў гэтым сэнсе пашанцавала, яна ўся з гэтых эпох), калі вырашаецца лёс Краю, лёс Чалавека з вялікай літары. І людзі такія цікавяць. Якія адстойваюць у сабе Чалавека, нягледзячы ні на якія абставіны і хлусню (асабліва).
Наконт дзеячаў культуры пакуль не скажу. Доўга гаварыць. Таму што кожная культура – тысячы такіх дзеячаў. І толькі ў шматлікай разнастайнасці асоб яна і нараджаецца, сапраўдная культура. Іначай “грамада-сіфанафора” ў Максіма Багдановіча, злачынная аднастайнасць.
Таму і Мінск, якім яго хочуць зрабіць некаторыя архітэктары – злачынства. А ў ім павінны жыць і ўжывацца разнастайныя элементы.
Як Вы ўспрымаеце сучасны быт наогул і, у прыватнасці, народную стылізацыю ў ім? Як, на Вашу думку, неабходна выхоўваць нашу моладзь у любві да нацыянальнай культуры?
У. К. Сучасны быт, народная стылізацыя. Калі ўдалыя – вельмі падабаюцца.
Ёсць на гэтым шляху, ясна, і выдаткі, але і яны патрэбны. Бо лепей нават з крывой мордай, чым зусім без яе.
Выхоўваць любоў да нацыянальнай культуры можна адным толькі спосабам: выхаваннем у чалавеку гордасці за свой народ і яго дзеянні ў гісторыі. І – у сучасным – працай, часам непасільнай, па асвеце моладзі, па абудженні ў ёй глыбокіх ведаў аб сваіх людзях і сваім краі. Калі ўсе будуць працаваць над гэтым на грані сваіх магчымасцей – грамадства здолее ўсё.
Вось некалькі слоў. Можа, калісьці яшчэ вярнуся да гэтага.
З уладзімірам КАРАТКЕВІЧАМ
Гутарыла Таццяна ШАМЯКІНА