60512 (673777), страница 2
Текст из файла (страница 2)
Сярод таленавітых мастакоў выдзяляюцца Мікалай Тарасікаў (праўдзівыя палотны "Рыбакі Адэсы", "Паравознае дэпо", партрэт "Камсамолка"), Вітольд Бялыніцкі-Біруля (пейзаж "Аголеныя бярозкі", "Пачатак восені", "Ранняя вясна", "Бэз цвіце"), Міакалай Дучыц, Галіна Ізергіна.
Нельга пакінуць без увагі творчасць Яўгена Зайцава. Яго пэндзлю належыць вядомае палатно "Уступленне Чырвонай арміі ў Мінск у 1920 г.".
Шэраг мастакоў пачыналі творчы шлях у Заходняй Беларусі. Шматграннасцю вызначаўся талент Язэпа Драздовіча. Ён першым у беларускім мастацтве пачаў касмічную тэму. Ім створаны тры серыі: "Жыццё на Марсе", "Жыццё на Сатурне", "Жыццё на Месяцы".
У гэты час актыўна працаваў Заір Азгур. Лепшымі работамі мастака можна назваць партрэты "Народная артыстка БССР Л. Александроўская", "Пісьменнік Змітрок Бядуля". З. Азгур стварыў у 1937 г. бюсты У. Леніна, Я. Свярдлова, у 1939 г. - К.Маркса, Ф. Энгельса.
Архітэктарамі былі створаны праекты грамадскіх і жылых будынкаў. Паводле праекта Іосіфа Лангбарда ў сталіцы пабудаваны Дом урада, Дом Чырвонай арміі, будынак тэатра оперы і балета. Галоўнай падзеяй у культурным жыцці з’явілася адкрыццё ў 1939 г. Дзяржаўнай галерэі, якая сабрала вялікія мастацкія каштоўнасці.
Такім чынам, развіццё культуры прайшло складаны і супярэчлівы шлях. Былі ў гэты перыяд і значныя дасягненні, і вялікія страты, звязаныя з усталяваннем таталітарнай сістэмы. Пад уплывам сталінскіх догмаў згортвалася ўсё нацыянальнае, у тым ліку функцыянаванне беларускай мовы. Штучнаму збліжэнню яе з рускай мовай паклаў пачатак урадавы дэкрэт ад 26 жніўня 1933 г. Сталінскі рэжым вёў барацьбу з лепшымі прадстаўнікамі беларускай інтэлігенцыі, якім навешваўся ярлык нацдэмаў. У выніку масавых рэпрэсій на дзесяцігоддзі быў падарваны інтэлектуальны патэнцыял беларускага народа, аднак, нягледзячы ні на што, прыпыніць натуральны ход развіцця культуры нельга.
Літаратура
-
Лыч. Л, Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. Мн., 1997 г.
-
Парашкоў С. А. Гісторыя культуры Беларусі. Мн., 1995 г.
-
Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 частках. Ч 2 Мн., 1995.
-
Гісторыя Беларускай ССР: У 5 т. Мн., 1972. Т.3
-
Касцюк М. Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі. – Мн., 2000.















