58834 (672810), страница 2
Текст из файла (страница 2)
Вызначыўшы сапраўднасць гістарычнай крыніцы (г. зн. тое, што яна мела месца як гістарычны факт), даследчык звяртаецца да яе зместу. На этапе ўнутранай крытыкі крыніцазнаўца вывучае верагоднасць (пэўнасць) гістарычнай крыніцы – ступень адпаведнасці яе зместу таму гістарычнаму факту, які яна апісвае. Ніводная крыніца не можа поўнасцю перадаць тое, што адбылося. Чалавечая памяць схільная губляць асобныя дэталі, тыя ці іншыя рэчы з'яўляюцца толькі рэшткамі (часткай) падзей і ніколі не перадаюць іх поўнасцю. Ступень адпаведнасці інфармацыі гістарычнай крыніцы пэўнаму гістарычнаму факту (г. зн. ступень яе верагоднасці) паказваюць такія катэгорыі крыніцазнаўства, як паўната і дакладнасць.
Паўната – гэта адлюстраванне ў крыніцы найбольш характэрных рыс, уласцівасцей, галоўных якасцей пэўнага прадмета, з'явы. Гэтая катэгорыя якасная. Дробная знаходка, невялікі тэкст можа кардынальна змяніць погляд даследчыка на асобную падзею, на гістарычны факт, які ён вывучае. Колькаснай характарыстыкай з'яўлецца дакладнасць гістарычнай крыніцы – ступень перадачы ў ёй асобных дэталей апісанай падзеі. Разам з тым гэта тыя дробязі, з якіх складваецца ўяўленне даследчыка пра апісаную падзею; часам менавіта іх якраз і не хапае для больш поўнага ўяўлення пра пэўны вывучаемы факт гістарычнай рэчаіснасці.
Катэгорыі паўнаты і дакладнасці цесна звязаны паміж сабой, аднак дакладная крыніца не заўсёды найбольш поўная. Часам складальнік крыніцы захапляецца дэталямі, дробязямі, якія ўскладняюць асэнсаванне падзей (як у вядомай байцы І. А. Крылова «Цікаўны»: «Слана, бач, я і не заўважыў»). Дзённікі, якія складаюцца адразу пасля падзеі, лепш перадаюць дэталі, а ўспаміны ў большай ступені змяшчаюць асэнсаванне мінулага, больш поўны погляд на падзеі і г. д.
Інфармацыя аб мінулым не адлюстроўваецца, а праламляецца ў крыніцы (як прамень свету, праходзячы праз прызму). Па-першае, яна праламляецца праз свядомасць пэўнай гістарычнай эпохі. Крыніцы – рэшткі культуры мінулага, аддзеленыя ад нашага жыцця не толькі значным інтэрвалам часу, але і разрывам у традыцыі, што часам ускладняе іх разуменне. Па-другое, на інфармацыю аказвае вялікі ўплыў псіхалогія пэўных сацыяльных груп, да якіх належалі аўтары гістарычных крыніц. Па-трэцяе, інфармацыя скажаецца, праходзячы праз сістэму светапогляду стваральнікаў гістарычных крыніц, праз іх свядомасць.
Азначанае акрэслівае неабходнасць вывучэння гістарычнай псіхалогіі, псіхалогіі пэўных груп і асоб (асабліва пры істотным уплыве апошніх на грамадскае жыццё). Даследчык абавязкова павінен вызначыць матывы стварэння гістарычнай крыніцы. Так, расійскія і савецкія гісторыкі спасылаліся на звесткі руска-літоўскіх летапісаў аб заваяванні рускіх зямель літоўскімі князямі. Аднак пры ўважлівым вывучэнні псіхалогіі і права той эпохі можна заўважыць, што заваёва, права сілы былі галоўнымі ў абгрунтаванні правоў на землі, рэчы і г. д. Між іншым, пасля таго як ініцыятыва ў збіранні рускіх зямель была князямі ВКЛ ў канцы XV ст. канчаткова страчана, агульнаруская частка першага беларускага зводу губляе сваё значэнне. Патрэбна было іншае абгрунтаванне правоў на тэрыторыі з пераважна праваслаўным насельніцтвам. Таму і ўзнікла канцэпцыя заваёвы. Дарэчы, у адпаведнай частцы першага беларуска-літоўскага зводу («Летапісцы вялікіх князёў літоўскіх») змяшчаецца падобнае тлумачэнне прэтэнзій на Падолле. У гэтым выпадку патрэбна, гаворачы словамі В. В. Ключэўскага, умець чытаць «паміж радкоў летапісаў».
Вывучаючы інфармацыю гістарычнай крыніцы, даследчык абавязкова сутыкаецца з пэўнымі скажэннямі. Апошнія могуць быць як свядомымі, так і несвядомымі. Часам стваральнік гістарычнай крыніцы не меў магчымасці дакладна назіраць тое, што адбывалася. Вызначэнне аўтара (атрыбуцыя) на першым этапе крыніцазнаўчага аналізу дазваляе вызначыць індывідуальныя характарыстыкі аўтара і іх уплыў на інфармацыю. Многія людзі маюць уласцівасць звяртаць увагу на дробязі і не ўмеюць вызначыць галоўнае, некаторыя проста не ўмеюць слухаць ці запамінаць, у асобных спрацоўвае ўнутраная цэнзура («не сказаць бы чаго лішняга») і г. д.
Даследчык павінен таксама адрозніваць інфармацыю з першых рук і інфармацыю, атрыманую са слоў iншых сведкаў і іх абагульненняў. Пры гэтым трэба з пэўным недаверам ставiцца да складальніка крыніцы. Свядома ці несвядома некаторыя аўтары перадаюць прачытанае ці перажытае іншымі людзьмі як эпізоды свайго жыцця. Вывучаючы такую інфармацыю, гісторык найперш імкнецца вызначыць крыніцы, з якіх яна атрымана.
І ўрэшце, завяршае крыніцазнаўчую крытыку сінтэз гістарычнай інфармацыі. На гэтым этапе даследчык параўноўвае звесткі розных крыніц аб тым ці іншым факце і вызначае ступень рэпрэзентатыўнасці, каштоўнасці гістарычнай крыніцы. Пры гэтым часта ствараецца пэўны генетычны рад. Так, пры вывучэнні пісьмовых крыніц вызначаюць пратограф, спісы, рэдакцыі; чарнавікі і белавікі, копіі. Вывучэнне дакументаў заканадаўства прадугледжвае вызначэнне пісьмовага ўвасаблення заканадаўчай ініцыятывы, законапраекта, дакументаў яго абмеркавання і публікацыі.
Спынімся далей на канкрэтных аспектах вывучэння асобных родаў і відаў пісьмовых крыніц.
ЛIТАРАТУРА
-
Клейн Л.С. Археологические источники. Спб., 2008.
-
Спосаб напісання, нягледзячы на блізкасць моў, у перыяд XIV – XVIII ст. істотна адрозніваўся. Гл.: Куль-Сяльверстава С.Я. Беларуская палеаграфія. Гродна, 2006;
-
Гл.: Мова беларускай пісьменнасці XIV – XVIII ст. Мн., 2000.
-
Загорульский Э.М. Генеалогия полоцких князей Изяславовичей. Мн., 2004.
-
Гл. Ходзін С.М. Летапісанне на Беларусі // Беларускі гістарычны часопіс. 1997. № 2















