74413 (612388), страница 2
Текст из файла (страница 2)
Дакладна невядома, дзе і чым займаўся беларускі асветнік, атрымаўшы вышэйшую адукацыю, бо дакументальныя звесткі, звязаныя з яго асобай за 1507–1511 г., пакуль не выяўлены. Адно несумненна, што ён не губляў час дарэмна, а працягваў паглыбляць свае веды ў розных навуках шляхам самаадукацыі, слуханнем лекцый знакамітых прафесараў, а, магчыма, і сам выкладаў. Прынамсі, каб быць дапушчаным да экзаменаў на атрыманне ступені доктара навук, яму неабходна было дзесьці асвоіць поўны універсітэцкі курс у адпаведнай галіне і адбыць год практыкі. За гэтыя гады Скарына ў адным з еўрапейскіх універсітэтаў здабыў вучоную ступень магістра, а затым доктара навук «вызваленых» (свабодных). Шмат сілы беларускі асветнік аддаў таксама на грунтоўнае вывучэнне медыцыны, якой сур'ёзна захапіўся, на асваенне прац славутых лекараў мінуўшчыны Гіпакрата, Галена, Авіцэны, шматвяковага вопыту народнага лекарства.
У 1507–1511 гг. Скарына, напэўна, наведваў сваіх родных на Бацькаўшчыне, пабываў у Вільні і Полацку. Яму давялося тады думаць не толькі пра адукацыю, але і пра хлеб штодзённы, бо сям'я Скарынаў была незаможнай, і таму значнай дапамогі ад родных нельга было чакаць. Тым больш, што ў гэты час памёр яго бацька. Не выпадкова ў адным з падуанскіх дакументаў 1512 г. ён названы бедным чалавекам. Каб здабыць сабе сродкі на пражыццё і забяспечыць магчымасць вучыцца далей, у 1511 ці 1512 гг. Скарына паступіў на службу ў якасці «сакратара караля Дацыі», як ён атэстуецца ў адным з дакументаў 1512 г. Пад Дацыяй адны разумеюць Данію, на думку іншых – гэта тэрыторыя сучаснай Румыніі, якая тады складалася з Малдовы і Валахіі, але па традыцыі з глыбокай старажытнасці іменавалася Дакіяй. Хутчэй за ўсё, ён быў сакратаром ваяводы Валахіі, дзе якраз у 1508–1512 гг. пачалося славянскае кнігадрукаванне. Валахія размяшчалася непадалёку ад Італіі, куды і накіраваўся Скарына ў 1512 г. У старажытным італьянскім горадзе Падуя перад Вучонай калегіяй славутага універсітэта ён бліскуча здаў экзамен на годнасць доктара лекарскіх навук. Экзамен адбываўся ў саборы св. Урбана на працягу двух дзён, 6 і 9 лістапада. Як сведчаць дакументы, у заключны дзень «сын нябожчыка пана Лукі Скарыны з Полацка, русін, быў экзаменаваны асобным і строгім чынам па пытаннях, прапанаваных яму раніцай гэтага дня. Ён праявіў сябе настолькі слаўна і дастойна ў час гэтага свайго строгага экзамену, калі выкладаў адказы на зададзеныя яму пытанні і калі абвяргаў прапанаваныя яму доказы, што атрымаў аднадушнае ўхваленне ўсіх прысутных вучоных без выключэння, і было прызнана, што ён мае дастатковыя веды ў галіне медыцыны. Вышэйназваны яснавяльможны пан віцэ-прыёр [Тадэй Мусаці] абвясціў яго ўстаноўленым чынам доктарам медыцынскіх навук. Пасля гэтага выдатны доктар мастацтваў і медыцыны пан магістр Барталамей Барызон, прамотар, ад свайго імя і калег… уручыў яму знакі медыцынскай годнасці». Так наш суайчыннік, бліскуча прадэманстраваўшы перад аўтарытэтнымі вучонымі свае глыбокія веды, быў заслужана далучаны да кагорты выдатных мужоў еўрапейскай навукі.
Атрыманне найвышэйшай вучонай ступені дало Скарыне не толькі маральнае задавальненне. Дыплом доктара лекарскіх навук павышаў яго грамадскі прэстыж як асобы вельмі адукаванай, незвычайных ведаў і таленту і адкрываў перад уладальнікам шлях да грамадскага прызнання і матэрыяльнага дабрабыту. Аднак атрыманне і гэтага дыплома не стала канчатковай мэтай Скарыны. Ён не мог спыніцца на дасягнутым, бо добра ведаў, наколькі далёкае яшчэ развіццё асветы, навукі, культуры на Беларусі ад надзённых духоўных патрэб народа. Менавіта ў кнізе, якая тады была цяжка даступнай простаму чалавеку, беларускі асветнік слушна ўбачыў адзін з найважнейшых сродкаў культурнага прагрэсу сваіх суайчыннікаў. Напэўна ў Італіі, калысцы рэнесанснага гуманізму, краіне высокаразвітага кнігадрукавання, не толькі завяршылася фарміраванне гуманістычнага светапогляду Скарыны, але і канчаткова выспела яго вялікая асветніцкая задума – даць свайму народу друкаваную кнігу. Там ён навочна пераканаўся, як дзякуючы друкарскаму станку кніга становіцца агульнадаступнай для розных слаёў насельніцтва. Будучы ў Італіі, беларускі асветнік не мог абмінуць блізкую Падуі Венецыю, дзе працаваў выдатны кнігадрукар Альд Мануцый і дзе ў 1506 г. надрукавана Чэшская Біблія, якая стала адной з крыніц Скарынавай. Ажыццяўленне яго вялікай задумы патрабавала незвычайных намаганняў. Неабходна было здабыць немалыя сродкі, каб арандаваць памяшканне і друкарскі станок, купіць паперу і фарбы, заказаць шрыфты, знайсці кваліфікаваных майстроў кнігадрукарскай справы. Гэтыя і іншыя цяжкія праблемы, звязаныя з заснаваннем кнігадрукавання ва Усходняй Еўропе, давялося вырашаць Скарыне. Ён пабываў у розных гарадах Вялікага княства Літоўскага, Польшчы, іншых краін, наладжваў кантакты і сувязі, шукаў падтрымкі. Асабліва яму дапамаглі заможныя віленскія беларусы: радца Багдан Онкаў (Анковіч) і бурмістр Якуб Бабіч. Шмат часу і сіл аддаў асветнік, каб сабраць неабходныя пісьмовыя крыніцы, дакладна перакласці і падрыхтаваць да друку сотні старонак Бібліі, якую ён вырашыў даць простаму чалавеку для самастойнага чытання. Скарына вельмі хацеў пачаць кнігадрукаванне і выдаць сваю першую кнігу ў тагачаснай літоўска-беларускай сталіцы – горадзе Вільні, у грамадскім і культурным жыцці якой ужо адчуваліся моцныя рэнесансна-гуманістычныя павевы. Аднак адсутнасць неабходных умоў прымусіла яго адмовіцца ад першапачатковай задумы. Выбар паў на чэшскую Прагу, дзе была значная паліграфічная база, вопытныя майстры кнігадрукарскай справы, багатыя традыцыі перакладу і выдання Бібліі на роднай мове. Прага геаграфічна блізка размяшчалася ад такіх буйных цэнтраў тагачаснага еўрапейскага кнігадрукарства, як Аўгсбург і Нюрнберг. Важнае значэнне мела і агульная талерантная атмасфера ў гусіцкай Чэхіі. Тут атмасфера была больш спрыяльная, чым у каталіцкім Кракаве, для такой вальнадумнай, наватарскай акцыі – першага выдання Свяшчэннага пісання для праваслаўнай Русі ў перакладзе на яшчэ адну славянскую, некананічную мову – старабеларускую. Для свайго вялікага пачыну Скарына выбраў менавіта Біблію, выдатны помнік сусветнай культуры, найбольш аўтарытэтную і папулярную ў хрысціянскім свеце кнігу, у якой людзі імкнуліся знайсці адказы на хвалюючыя пытанні жыцця. Ф. Скарына бачыў у ёй не толькі кодэкс хрысціянскай веры і маралі, але і каштоўную крыніцу разнастайных ведаў, важны сродак духоўнага ўзбагачэння і маральнага ўдасканалення чалавека, «лекі для душы». У гэтай кнізе, сцвярджаў ён у прадмове, – «усяе народнае мудрасці пачатак і канец», «навучанне сямі свабодных навук дастатковае». Сваім агульначалавечым характарам, багаццем зместу і глыбінёю думкі, а таксама высокімі літаратурнымі вартасцямі і прывабіла Скарыну Біблія. З поўным тэкстам выдатнага помніка старажытнага пісьменства і вырашыў пазнаёміць усходнеславянскага чытача беларускі асветнік.
Першая друкаваная скарынаўская кніга – Псалтыр – выйшла ў свет 6 жніўня 1517 г. Затым на працягу 1517–1519 г. у Празе ён выдаў яшчэ 22 кнігі Бібліі: «Іоў» (датавана 10.9.1517), «Прытчы Саламона» (6.10.1517), «Ісус Сірахаў» (5.12.1517), «Эклезіяст» (2.1.1518), «Песня песняў» (9.1.1518), «Прамудрасць божая» (19.1.1518), 4 кнігі «Царстваў» (10.8.1518), «Ісус Навін» (20.12.1518), «Юдзіф» (9.2.1519), «Суддзі» (15.12.1519), пазначаныя 1519 г. кнігі «Быццё», «Руф», «Эсфір», «Плач Ераміі» і «Прарок Данііл», а таксама не датаваныя кнігі «Выхад», «Левіт», «Лічбы» і «Другі закон». Чатыры кнігі «Царстваў» выпушчаны з суцэльнай нумарацыяй аркушаў і пазначаны адной датай. Таму можна лічыць, што Скарына выдаў у Празе 23 кнігі Бібліі ў 20 выпусках. Магчыма, што некаторыя з недатаваных кніг выйшлі нават у пачатку 1520 г. Тыраж кожнай Скарынавай кнігі быў у межах 500–1000 экз. У пачатку кнігі «Быццё», якая адкрывае біблейскі звод, Скарына змясціў прадмову да ўсёй Бібліі і асобны тытульны ліст з агульным загалоўкам: «Бивлия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славнаго града Полоцька богу ко чти и людем посполитым к доброму наученню». Змест гэтай і некаторых іншых прадмоў беларускага асветніка сведчыць, што ён збіраўся надрукаваць у сваім перакладзе ўсю Біблію, але па невядомых нам прычынах не змог ажыццявіць задуму. Магчыма, асобныя яго кнігі не дайшлі да нашага часу. На жаль, не захаваліся і гістарычныя дакументы, звязаныя з першым перыядам прабывання Скарыны ў Празе (1517–1519).
Свае кнігі беларускі гуманіст адрасаваў шырокаму чытачу, «людзям простым паспалітым», і надаў ім выразна дэмакратычны і навучальна-асветніцкі характар. Ён выдаваў Біблію асобнымі выпускамі, зручным фарматам. Кожная яго кніга адкрываецца тытульным лістом з гравюрай і загалоўкам, завяршаецца кароткім пасляслоўем, у якім паведамляецца кім, для каго і дзе яна выдадзена. Кнігі Скарыны аздоблены рэалістычнымі, свецкімі, у рэнесансным стылі гравюрамі, застаўкамі і ініцыяламі, у якіх услаўляюцца прырода і чалавек. Усяго ў скарынаўскіх кнігах змешчана 52 дрэварыты, каля 1000 ініцыялаў, шмат іншых, выкананых на высокім мастацкім узроўні элементаў кніжнага аздаблення, якія надаюць яго выданням непаўторнае аблічча і хараство. Беларускі першадрукар стварыў вельмі выразны, арыгінальны і надзвычай прыгожы друкарскі шрыфт, заснаваны на лепшых традыцыях беларускага і заходнееўрапейскага каліграфічнага пісьма эпохі Адраджэння, у якім некаторыя вучоныя справядліва бачаць своеасаблівы прататып таго шрыфта, якім мы карыстаемся сёння. Больш таго, у двух кнігах («Ісус Сірахаў» і 4-й кнізе «Царствы») ён змясціў свой гравюрны партрэт, які стаў першым свецкім партрэтам вучонага-гуманіста, пісьменніка і кнігадрукара ва Усходняй Еўропе, выдатным помнікам кніжнага мастацтва. Шмат якія гравюры і застаўкі скарынаўскіх выданняў пазначаны яго асабістым знакам-сігнетам, своеасаблівым гербам – змешчанай на шчыце выявай сонца і сярпа месяца з чалавечымі тварамі, што сімвалізуе кнігу як крыніцу мудрасці, ведаў, асветы, адраджэння. Сігнет указвае таксама на аўтарскую належнасць Скарыне гэтых твораў мастацтва і саміх выданняў, у якіх яны змешчаны. Скарына быў сапраўдным наватарам кнігі. Упершыню ў гісторыі ўсходнеславянскай кнігі ён увёў тытульны ліст, тлумачальныя падзагалоўкі, пааркушавую нумарацыю, багата ілюстраваў выданні сродкамі друкарскай тэхнікі, зрабіў неабходным іх элементам прадмовы і пасляслоўі, г. зн. прыдаў кнізе сучасны выгляд. Паводле паліграфічнага майстэрства і мастацкай дасканаласці Скарынавыя кнігі – шэдэўры славянскага кнігадруку. Яны стаяць упоравень з італьянскімі і нямецкімі выданнямі таго часу, найлепшымі ў Еўропе. На працягу стагоддзяў яны былі недасягальным узорам для ўсходнеславянскіх кнігадрукароў.
Сапраўдны духоўны подзвіг здзейсніў беларускі гуманіст, пераклаўшы на родную мову асноўную частку Бібліі, што мела вялікае значэнне для развіцця асветы, літаратуры, перакладчыцкай справы на беларускіх землях. У гэтай тытанічнай працы ён выявіў глыбокае веданне біблейскай спадчыны, антычнай і сярэдневяковай гісторыі, філасофіі і літаратуры, лацінскай, царкоўнаславянскай і іншых моў, паказаў сваю выдатную энцыклапедычную падрыхтоўку і незвычайны літаратурны талент. Яго пераклады вызначаюцца творчай самастойнасцю, прастатой і дакладнасцю, высокай літаратурнай дасканаласцю, выразным гуманістычным характарам. Скарынавы пераклады Свяшчэннага пісання ўзнімалі прэстыж беларускай мовы, садзейнічалі выпрацоўцы і ўдасканаленню яе высокага кніжнага стылю. Моватворчая праца Скарыны спрыяла вельмі важнаму працэсу, які пачаўся тады на Беларусі, – беларусізацыі мовы канфесійнай літаратуры. Беларуская Біблія 1517–1519 гг. была другой у славянскім свеце (пасля чэшскай) друкаванай Бібліяй. Нездарма сваю падзвіжніцкую дзейнасць беларускі асветнік параўноўваў з духоўным подзвігам сваіх вялікіх папярэднікаў, у прыватнасці св. Ераніма, і ставіў свой пераклад у адзін рад з этапнымі ў гісторыі біблейскіх перакладаў з'явамі.
Ф. Скарына ўвайшоў у беларускую літаратуру не толькі як выдатны перакладчык, заснавальнік беларускай школы перакладу, але і як таленавіты пісьменнік, аўтар цікавых твораў розных жанраў. Яго пяру належаць першыя ва ўсходнеславянскім свеце вопыты кніжнага вершаскладання: чатырохрадковая эпіграма на тытульным лісце кнігі «Іоў», вершаваны пераказ дзесяці запаведзяў у прадмове да кнігі «Выхад» і кароткі дыдактычны вірш у кнізе «Эсфір», заснаваны на прынцыпе біблейскага паралелізму. Беларускі гуманіст – пачынальнік жанру акафіста ва ўсходнеславянскай гімнаграфіі. Творча выкарыстаўшы візантыйскія і стараславянскія літаратурныя традыцыі, ён склаў «Акафіст Іаану Прадцечы» і «Акафіст Ісусу», у якіх чытаюцца таксама першыя беларускія імянныя акравершы: «Писал доктор Скоринич Францискус» і «Делал доктор Скоринич Францискус». Каб аблегчыць простаму чытачу ўспрыняцце і засваенне складанага зместу Свяшчэннага пісання, Скарына ў выдадзеных ім кнігах змясціў свае прадмовы – арыгінальныя творы беларускай гуманістычнай публіцыстыкі эпохі Адраджэння. Толькі ў яго пражскіх выданнях надрукаваны 25 прадмоў. Лаканічныя, афарыстычныя, надзвычай змястоўныя, яны насычаны багатай інфармацыяй, разнастайнымі звесткамі па гісторыі, геаграфіі, культуры, літаратуры, філасофіі і праву народаў антычнага свету. Іх змест звязаны як са зместам біблейскіх кніг, так і з навучальна-пазнаваўчай і выхаваўчай накіраванасцю скарынаўскай асветніцкай праграмы. Яны вылучаюцца прастатой кампазіцыі, жывасцю выкладу, класічнай выразнасцю стылю, гарманічным адзінствам зместу і формы, думкі і слова. Сінкрэтычныя паводле жанравага характару, прадмовы Скарыны спалучаюць у сабе рысы навукова-папулярнага літаратуразнаўчага артыкула, гісторыка-філалагічнага каментарыя і пашыранай анатацыі да твора. Яны – яркія ўзоры індывідуальнай літаратурнай творчасці беларускага гуманіста, яго самабытнага таленту. Калі знешняе аздабленне Скарынавых кніг выяўляе толькі эстэтычны густ першадрукара, то яго пераклады і арыгінальныя творы сведчаць пра яго як пра выдатнага майстра мастацкага слова.
Прадмовы Скарыны – важная крыніца вывучэння яго светапогляду, у якім арганічна спалучаны іншаземныя і беларускія нацыянальныя, сярэдневяковыя і рэнесансныя традыцыі. Найважнейшыя яго якасці – гуманістычна-асветніцкі і дэмакратычны характар. Дзеля ўсяго народа, дзеля памнажэння асветы, навукі, культуры і «добрых звычаяў» на Бацькаўшчыне самаахвярна працаваў беларускі першадрукар. Рухаючай сілай сваёй дзейнасці ён лічыў «вялікую любасць» да роднай зямлі, патрыятызм. Чалавек шырокіх поглядаў і рознабаковых інтарэсаў, беларускі асветнік ставіў агульначалавечыя і агульнанародныя каштоўнасці вышэй канфесійных і саслоўных. Не падрываючы асновы хрысціянскай рэлігіі, Скарына імкнуўся вызваліць думку ад сляпой веры, узняць аўтарытэт розуму. Ён вылучаўся таксама высокаразвітым пачуццём самацэннасці і самагоднасці, глыбокім адчуваннем непаўторнасці сваёй асобы. Адным з галоўных яго клопатаў было выхаванне ўсебакова развітага, высокаадукаванага, духоўна дасканалага і дзейснага чалавека. «Вера без спраў мёртвая», – любіў паўтараць ён. Яго этыка грунтавалася на шматвяковым вопыце беларускага і іншых народаў, на хрысціянскай і народнай маралі. Прававыя погляды Скарыны прасякнуты гарачым клопатам аб інтарэсах і правах чалавечай асобы, аб справядлівым і дасканалым грамадстве, аб лепшай будучыні свайго народа. Ён хацеў, каб людзі і народы жылі ў згодзе, «міры і прыязні», хрысціянскай любові, каб кожны закон быў «не к пожитку единого человека, но к посполитому доброму написаный», каб у грамадстве была «ровная свобода всем», каб усе былі роўныя перад законам. У цэлым па сваіх поглядах беларускі першадрукар быў прадстаўніком ранняга рэнесанснага гуманізму, асветнікам дэмакратычнага накірунку. Гэтым тлумачыцца і агульны характар яго пражскага выдання Старога запавету, нетрадыцыйнага, неартадаксальнага. Ён імкнуўся зрабіць Свяшчэннае пісанне больш адкрытай кнігай, даступнай для ўсіх, прыстасаваць Біблію да патрэб часу і радавога чытача, больш арганічна ўключыць яе ў кантэкст нацыянальнай культуры. Нельга не адзначыць таксама, што пераклад на беларускую мову і выданне своеасаблівай «народнай» Бібліі ў гуманістычнай інтэрпрэтацыі, імкненне секулярызаваць яе, наблізіць да простага чалавека, выразная тэндэнцыя ігнараваць духавенства як абавязковага пасрэдніка паміж «святым словам» і веруючым, Богам і чалавекам, былі ў значнай ступені і рэфармацыйным актам. Таму Скарыну можна лічыць у пэўнай меры прадвеснікам Рэфармацыі на беларускіх землях.
Каля 1520 г. беларускі асветнік вярнуўся на радзіму. Ён прыехаў не толькі са сваімі кнігамі, але і з друкарскім варштатам, які набыў у Празе. Скарына спыніўся ў сталіцы літоўска-беларускай дзяржавы Вільні, дзе заснаваў першую ва Усходняй Еўропе друкарню. Тут у 1522 г. выйшла яго «Малая падарожная кніжка», якая складаецца з Псалтыра, Часаслоўца, акафістаў і канонаў, Шасціднеўца і Саборніка. У 1525 г. з'явілася яго апошняе выданне – Апостал, які ўключае апостальскія дзеі і пасланні. Як і пражскі Псалтыр 1517 г., віленскія выданні Скарыны былі надрукаваны на царкоўнаславянскай мове беларускай рэдакцыі і таксама багата ўпрыгожаны. На гэтым абарвалася яго кнігавыдавецкая дзейнасць. Самыя розныя прычыны, матэрыяльныя і ідэалагічныя, перашкодзілі беларускаму асветніку ажыцдявіць задуманае – завяршыць выданне ўсёй Бібліі, надрукаваць іншыя кнігі. Патрэбны былі немалыя сродкі і падтрымка ўплывовых асоб. Аднак дзейснай дапамогі беларускі першадрукар не атрымаў ні ад багатых свецкіх мецэнатаў, ні ад вышэйшага духавенства, якое з недаверам ставілася да яго выданняў, бачыла ў яго дзейнасці падрыў сваёй манаполіі. Не спрыялі Скарыне і асабістыя абставіны. Каля 1526 г. ён ажаніўся з удавой Маргарытай, былой жонкай віленскага радцы Юрыя Адверніка, які памёр у 1525 г. З'явіліся дзеці, новыя клопаты. У 1529 г. Ф. Скарына вымушаны быў займацца судовымі справамі, звязамымі з прэтэнзіямі сваякоў Маргарыты на яе дом у Вільні, а таксама ўдзельнічаць у судовым падзеле тавараў, што засталіся ў Познані пасля смерці купца Івана Скарыны, яго роднага брата.
Нягледзячы на цяжкасці і складанае становішча, Скарыну не пакідала думка прадоўжыць кнігавыдавецкую дзейнасць. У канцы 1520-х – пачатку 1530-х гг. ён паспрабаваў зацікавіць сваімі выданнямі і кнігадрукарствам маскоўскае грамадства. Але гэтая спроба аказалася дачаснай. Беларускага асветніка ў Расіі не зразумелі і не падтрымалі, а яго кнігі загадам маскоўскага цара былі публічна спалены як ерэтычныя. У 1530 г. Скарына падаўся ў Каралевец (Кёнігсберг) да прускага герцага Альбрэхта. Уражаны і захоплены шырокай эрудыцыяй, рознабаковасцю інтарэсаў, незвычайнымі ведамі і талентам беларускага гуманіста, той прыняў яго да сябе на службу. Аднак неадкладныя маёмасныя справы і іншыя невядомыя нам прычыны прымусілі Скарыну, па сутнасці, патаемна ўцячы назад у Вільню. Выказвалася меркаванне, што ў сярэдзіне 1520-х гг. ён наведаў г. Вітэнберг і сустракаўся там з М. Лютарам, аднак яно слаба абгрунтавана. Больш верагодна, што ён сустракаўся з вядомым медыкам і прыродазнаўцам Парацэльсам і дыскутаваў з ім, калі той прыязджаў у Літву. У віленскі перыяд свайго жыцця Скарына быў знаёмы з іншымі знакамітымі людзьмі таго часу – з К. Астрожскім, А. Гаштольдам, Жыгімонтам I Старым. Служачы пэўны час асабістым сакратаром і лекарам віленскага біскупа Яна, ён быў у цесных сувязях з многімі высокаадукаванымі дзеячамі культуры і навукі, якія акружалі гэтага каталіцкага іерарха і складалі своеасаблівае гуманістычнае таварыства.