73441 (612182), страница 2
Текст из файла (страница 2)
Такiм чынам, багатая і шматгранная творчасць Якуба Коласа 20–30-ых гадоў XX стагоддзя з’явілася звонкім рэхам вялікіх гістарычных падзей, адказам мастака слова на хвалюючыя запатрабаванні часу.
Раздзел 2. Жанрава-стылёвыя і ідэйна-тэматычныя адметнасці твораў Якуба Коласа 20–30 гадоў
Мастацкая творчасць Якуба Коласа здзіўляе незвычайнай эпічнай шырынёй, выключна глыбокім пранікненнем ва ўнутраны свет чалавека, высакароднасцю, вышынёй маральных патрабаванняў як асновай жыцця чалавечага грамадства.
2.1 Апавяданне «Крывавы вір»: паказ чалавека ў эпоху рэвалюцыі
У гісторыі навейшай беларускай літаратуры Якуб Колас застаецца найперш як стваральнік нацыянальнага паэтычнага эпасу. Аднак яго талент заўсёды вызначаўся багаццем і шматграннасцю праяў. Убачанае і перажытае пісьменнікам у перыяд першай сусветнай вайны, рэвалюцыі і грамадзянскай вайны знайшло сваё вобразнае адлюстраванне ў апавяданнях.
Як мастака слова i мыслiцеля Я. Коласа ўвесь час цiкавiла i хвалявала кардынальная праблема: чалавек i сацыяльна-гiстарычны працэс грамадства; больш канкрэтней у дастасаваннi да часу – чалавек i рэвалюцыя.
Сярод празаiчных твораў 20-х гадоў апавяданнi Я. Коласа вылучалiся рэалiстычнай праўдзiвасцю малюнкаў тагачаснага жыцця, гiстарычнай вернасцю характарыстык мастацкiх вобразаў. Адным з такiх апавяданняў з’яўляецца «Крывавы вiр» (1923).
Апавяданне «Крывавы вiр» было надрукавана ў 7-8 нумарах часопiса «Полымя». С. Александровiч у артыкуле «Далёка я ад межаў родных…» пiша: «Як вынiкае з расказаў жыхароў Якаўлеўкi, у аснову апавядання «Крывавы вiр» пакладзена трагiчнае здарэнне з унукам пана Самбурскага – студэнтам Пецем Клачковым. Узяўшы ў аснову рэальнае здарэнне, аўтар не проста пераказаў яго, а напiсаў мастацкi твор, змянiўшы iмёны галоўнага героя – студэнта i панскай служанкi »[7, c. 157].
Звернемся да самога апавядання. Студэнт Харкаўскага унiверсiтэта, унук панi, што жыла на Куршчыне, Грыша Заплацiнскi спачуваў рэвалюцыi i нават вёў сярод сялян адпаведную працу, а калi пачалася рэвалюцыя, то ў вiры яе падзей не змог знайсцi пэўнае месца.
Сяляне хацелi, каб панiч пайшоў разам з iмi i на справе даказаў праўдзiвасць ранейшых слоў аб рэвалюцыi, забралi яго ў свой чырвонагвардзейскi атрад, якi адпраўляўся адбiваць наступленне нямецкiх войск.
Па дарозе Грыша адстаў з намерам хутчэй уцячы куды-небудзь ад крывавых падзей. Злоўлены раз’ездам чырвонагвардзейцаў i западозраны ў шпiянажы, ён просiць сялян пацвердзiць яго мясцовае паходжанне, а тыя рашуча адмаўляюцца прызнаць яго сваiм. Старэйшы ў натоўпе дзед Патап катэгарычна заявiў: «Не, не наш! Наш з мужчынамi на немца пайшоў». I колькi юнак нi прасiў старога не браць на душу грэх, сказаць праўду, той упарта сцвярджаў: «Не ведаю, не ведаю цябе, хто ты ёсць».
Калiзiя сапраўды надзвычай трагiчная. Ад таго, што скажуць сяляне, залежала жыццё юнака. Дзед Патап не прызнаў яго сваiм i тым самым асудзiў на смерць. Што гэта: сялянская чэрствасць цi сацыяльная помста? Не чэрствасць i не помста, а асуджэнне здрады. Усе мужчыны, здольныя трымаць у руках зброю, пайшлi абараняць Радзiму, свабоду, заваёвы рэвалюцыi, бо прыход немцаў да iх асацыiраваўся зваротам назад паноў i аднаўленнем ранейшых парадкаў. Здрада агульным iнтарэсам заўсёды i ва ўсiх народаў рашуча асуджаецца незалежна ад таго, хто ў гэтым вiнаваты. Супрацьпастаўленнем дзеда Патапа Грышу Заплацiнскаму вырашаецца перш за ўсё маральная праблема. Калектыў асуджае асобу, што кiнула яму выклiк, здрадзiла Яго жыццёвым iнтарэсам.
Можна зразумець становiшча Грышы i нават паспачуваць яму, бо цяжка гiнуць на свiтанку свайго жыцця, аднак немагчыма апраўдаць здраду. Пiсьменнiк-гуманiст балюча перажывае смерць асобнага чалавека, але выступае абаронцам iнтарэсаў калектыву, у данным выпадку ўсяго працоўнага сялянства, бо дзезерцiрства прыводзiць да безлiчы ахвяр.
Такім чынам, у апавяданні «Крывавы вір» рэвалюцыя – гэта стыхія, яна выклікае буру пачуццяў, уносіць сумятню ў настрой, разводзіць у супрацьлеглыя бакі людзей, дзейнічае дэструктыўна. Калі для дзеда Патапа рэвалюцыя – акт справядлівасці, доўгачаканая адплата панству за ўсе мінулыя здзекі, то для пані – гэта смерць і жах, бо яна не адчувае асабістай віны за мінулае. У паніча, студэнта Грышкі, які наогул не мае ніякага дачынення да мінулых трагедый і нават хоча стаць чырвонаармейцам, у душы пакуль што толькі сумненне: «Гэта вайна, гэтая кроў – навошта ўсё гэта?». Сам жа аўтар як гуманіст прытрымліваецца думкі, выказанай студэнтам Грышкам: «Ніхто не вінаваты і ўсе вінаваты».
2.2 Аповесць «На прасторах жыцця: сучаснае бачанне праблематыкі, сэнс эпіграфа і змест назвы
У сярэдзіне 20-х гадоў Якуб Колас уважліва прыглядаўся да новага пакалення людзей, для якіх ўсё, што адбывалася да рэвалюцыі, здавалася ледзь не далёкай гісторыяй, якія пачыналі жыццё, па сутнасці, з чыстага ліста. Яму, настаўніку, выкладчыку педагагічнага тэхнікума, падабалася імкненне моладзі сцвердзіць сябе, але ён як вопытны і мудры чалавек, пісьменнік-гуманіст, глыбокі мысліцель ведаў пра тую небяспеку, якая чакае моладзь у жыцці, і даступнымі яму сродкамі спрабаваў памагчы.
Сёння, з вышыні сучаснасці, зусім па-новаму бачыцца асноўная праблематыка аповесці «На прасторах жыцця». Доўгі час беларуская крытыка вызначала асноўны змест аповесці Я. Коласа «На прасторах жыцця» як пафас калектыўнай працы, перамогу дум, памкненняў дзейснай асобы, станаўленне новай маралі, услаўленне новых узаемаадносінаў між людзьмі. Усё гэта ёсць у аповесці. У сур’ёзны і строга аналітычны ўсебаковы літаратуразнаўчы разгляд твора Я. Коласа зрабілі значны ўклад даследчыкі роднай літаратуры і крытыкі І. Навуменка [4], Дз. Бугаёў [8], Ю. Пшыркоў [5], У. Навумовіч [9, 10] і інш. Найбольш падрабязна і заглыблена прааналізаваў аповесць «На прасторах жыцця» вядомы купала- і коласазнаўца доктар філалагічных навук І. Навуменка ў фундаментальнай працы «Якуб Колас. Духоўны воблік героя». [4]. Даследчык па сутнасці раскрыў канцэпцыю чалавека ў творчасці Я. Коласа.
Праблема Абсалютнага дабра разглядалася пісьменнікам у аповесці “На прасторах жыцця» не абстрагавана, не ў адрыве ад рэальнасці, а выключна праз лёсы маладых людзей, праз змены ў характарах, думках і паводзінах моладзі абноўленага краю. Я. Колас добра бачыў, што ў штодзённым жыцці ішла нібыта замена адных каштоўнасцяў іншымі, а на самай справе адбывалася звычайная падмена зямнога быцця «Царствам Божым», пра якое марылі людзі, якога чакалі на зямлі, да якога імкнуліся і да чаго звярталіся ў сваіх паўсядзённых малітвах. І раптам тое «Царства Божае» – Абсалютнае дабро – дэкларавала новая ўлада, яна агітавала далучацца да падобнага «Царства» на зямлі, заахвочвала тых, хто паверыў, прапаноўвала шлях да дабра, зрабіўшы яго самамэтай.
Якуб Колас – суровы рэаліст – паказаў, што першай у зямны рай камунізму, як вялося на зямельцы роднай здавён, кінулася моладзь. Яны, маладыя, паверылі ў самаагалошаныя лозунгі, нібыта ў новыя ідэалы, да-верліва пацягнуліся да ўсяго новага, перадавога на той час, да пераменаў. На адной са старонак аповесці «На прасторах жыцця» празаік глыбакадумна заўважыў: "Старыя забораўцы – раскіданыя хмары пасля навальніцы. Яны яшчэ несталкаваліся, ні да якога пэўнага погляду не прыйшлі. Адны ходзяць ды ў вус не пасміхаюцца: заядла штось адразу моладзь узялася, глядзі, каб назаўтра ж не астыла. Другія проста не даюць веры, каб можна было на работу столькі народу паставіць. Трэціх зайздрасць трохі і страх забірае, каб з носам не астацца. Чацвёртыя на вока прыкідваюць, колькі б з гэтага гнілога балота можна сена сабраць. На адным толькі ўсе схадзіліся: гнілое балота прыцягвала цяпер увагу кожнага з іх. Проста цікава было, што з гэтага выйдзе"[11, с. 89].
Нас не могуць не зацікавіць пісьменніцкія заўагі пра «раскіданыя хмары» – «старых забораўцаў» – людзей традыцыйнай беларускай вёскі, якія яшчэ не вызначыліся ў адносінах да новых рэвалюцыйных зменаў: да новай нязвыклай улады, да штодзённай агітацыйна-прапагандысцкай апрацоўкі.
Беларус любіў падумаць, пабачыць на свае вочы тое, на што нацэльваліся маладыя, памацаць уласнымі рукамі тое, што зроблена, каб паверыць, што зроблена сумленна, на вякі.
Няма сумнення ў тым, што калі Я. Колас пісаў тыя радкі пра перавагу калектыўнай працы, дык ён добра ведаў, разумеў і адчуваў імкненне да калектыўнага пачатку ў характары беларуса-працаўніка. Празаік ясна ўсведамляў, што гнуцца аднаму на зямельцы, а тым больш на балоце, нявыкрутна і непрадукцыйна, а то і проста боязна. Ен вырас у сям’і, якая арандавала зямлю, змагалася з пустэчай, добра разумеў радасць і сілу калектыўнай працы. Але кідацца на злом галавы ў новае толькі таму, што яно – новае, не жадаў і таму не прыспешваў падзеі, не падганяў час і не фарсіраваў працэс выспявання рашэння ў свядомасці людзей.
Пісьменнік добра разумеў прыроду калектыўнага мыслення вяскоўцаў. Жыццё на хутарах, на «адрубах» у лесе, сярод балотаў і пушчаў выпрацоўвала ў сялянаў пачуццё самоты, адзіноты, фармавала таямнічасць і загадкавасць натуры.
Нашы продкі нярэдка імкнуліся да асабістай «аўтаномнасці» пражывання ў складаных прыродна-геаграфічных умовах, а «аўтаномнасць» існавання нараджала «лакалізацыю» мыслення, індывідуалізм, замкнёнасць, недавер да ўсяго новага. Менавіта так паводзіць сябе дзядзька Сымон у коласаўскай аповесці, калі «хавае рыдлёўку ў кустах» , а сам вырашае падысці да гурту, паглядзець, як жа ідзе праца. Хацеў сказаць традыцыйнае пра дапамогу Бога, ды зразумеў, што «богавай дапамогі ім не трэба » [1, с. 90], у час «наступіў» сабе на язык. Аднак калектывісцкія традыцыі ў старэйшага пакалення на вёсцы не меншыя, чым у моладзі, бо за доўгія гады змагання за лепшую долю і волю сялянам-аднавяскоўцам не аднойчы даводзілася прыходзіць на дапамогу адзін аднаму, збірацца разам, каб траляваць бярвенне, ладзіць дарогу ці будаваць грэблю, вывозіць гной ці ставіць хату, касіць луг, араць папар. "А вы што ж думалі, уломак дзядзька Сымон," – адказвае стары селянін на воклічы моладзі "Брава, брава, дзядзька Сымон!" пасля таго як вясковец "крута ў кусты павярнуў, а адтуль з рыдлёўкаю ідзе". Характэрны эпізод, які глыбока і тонка раскрывае нацыянальны характар, псіхіку селяніна-беларуса, у жыцці якога здавён немалое месца займалі старадаўнія народныя традыцыі, звычаі – талака, сябрына, бонда, – пра якія маладыя, праўда, забыліся, агорнутыя адзіным жаданнем як найхутчэй пабудаваць «зямны рай камунізму».
«А мы гэта зробім прасцей і скарэй, – сказаў Міхась Барута, бацька маладога завадатара" » . Прасцей і скарэй у маладых не атрымоўвалася, што праўда то праўда. І яны злаваліся, нерваваліся, мітусіліся. Праўда бацькі не заўсёды перамагала ў тыя дні.
Да ўсяго сказанага пра самабытнасць і непаўторнасць нацыянальнага характару беларусаў дадамо, што балоты прывучалі да цярплівасці, таямнічасці, нараджалі меланхолію, марудлівасць, стрыманасць у паводзінах. прыглушанасць эмацыйных усплёскаў.
Усё гэта выдатна выяўлена ў аповесці. Нездарма ж у прамове маладога ініцыятара асушэння гнілога балота Сцёпкі Баруты шмат справядлівых слоў пра нядбайнасць у вясковым жыцці, пра грэблі, дзе "грузнуць коні", пра масты, дзе "калечацца людзі і жывёла", пра адсутнасць дарог, школ, бібліятэк, пра тое, што "нашы дзеці ўлетку без догляду", а саламяным стрэхам пагражаюць пажары ад маланак. Але зусім невыпадковая заўвага пісьменніка ў канцы аповесці, калі пусцілі ваду з гнілога балота ў канаву, па баках якой стаяў "народ, моўчкі слухаючы музыку вады".
Якуб Колас надзяліў галоўнага героя сваёй аповесці бясспрэчнымі прыроднымі здольнасцямі і паказаў пэўнае спраўджанне надзей на юнака. Але напачатку гучыць матыў "выгнанага з хаты" сонечнага промня. Актыўна распрацоўваецца тэма "выкінутага з гнязда птушаняці". Толькі не знік, не згубіўся падлетак. Стаў на ногі, вярнуўся ў родныя гоні, каб ажыццявіць штосьці, на яго думку, карыснае для ўсёй вёскі і аднавяскоўцаў. Што гэта, прагрэс ці рэгрэс героя? Пісьменнік не спяшаецца маралізаваць учынкі герояў, не выносіць прысуд часу і людзям. Ён нібы гаворыць: пабачым, што з усяго гэтага яшчэ выйдзе, чым абернецца для вёскі, для ўсяго народа. Асабістая гісторыя юнага змагара за новы лад жыцця і склад душы якраз і ляжыць у аснове аповесці Я. Коласа "На прасторах жыцця".
Але ці свабодны Сцёпка Барута ў сваім выбары? Ці не новае ачмурэнне, затуманьванне мазгоў найшло на хлопца, што ён, як тая авечка з матыліцай, калі працуе адно паўшар’е галаўнога мозгу, ходзіць усё бокам і бокам. Ачмурэнне, скажам, асабліва звязанае са змаганнем са "святым калодзежам" – змаганне з прывідам, з атрыбутыкай, а не з ідэалогіяй, у якой Сцёпка, як мы гэта хораша бачылі на прыкладзе дыялогу пра Бога і Галабурду са стрэлачнікам на чыгунцы, на вачах прайграе. У бацькоўскай хаце Сцёпка і сам прызнаецца, што ў яго "з Богам выйшлі нелады".
Якуб Колас "застаў" свайго героя не на "нулі" духоўных каардынатаў. У Сцёпкі ёсць бацька і маці, перад якімі ён адчувае вялікую асабістую вінаватасць за ўчыненае. Як адзначалася вышэй, Сцёпка асушаў Гнілое балота ўжо разам з бацькам, слухаючы яго мудрыя парады.
"Бог, рай, той свет – усё гэта выдумкі", – думае ўначы пасля разбурэння "святога калодзежа" Сцёпка, апраўдваючы свой учынак. Пісьменнік заўважаў, што "Сцёпка стараўся ўпэўніць сябе, што нічога благога ў яго ўчынку не было". Яшчэ перад тым Я. Колас, разумеючы ўнутраны стан свайго героя, нібы мімаходзь зазначыў: "А ўвогуле ж было-такі непрыемна".[11, с. 83]
Аўтарская рэмарка тут у дачыненні да свядомасці галоўнага героя аповесці значыла тады і значыць цяпер вельмі многа. Якуб Колас паказаў, што сумленне юных змагароў за новы лад і тады не драмала, а душа новых герояў перапаўнялася шматлікімі перажываннямі. Нам жа цікавы сам напамін пра "рай" у начным унутраным маналогу галоўнага персанажа. Як яны, наватары жыцця, хацелі найхутчэйшага "раю" на зямлі для ўсіх і адразу. Самі гатовы паказаць на ўласным прыкладзе, як гэта робіцца.
Роздум пра сілу ці немач атэістычнага духу прыйдзе да героя пазней, калі ён убачыць адноўлены зруб і крыж на месцы "святога калодзежа". "Разбурыць трэба самую ідэю, а зруб і крыж – гэта што?" – падумаў Сцёпка і пайшоў далей"[11, с. 85]. Не жадаючы перабольшваць сказанае вялікім песняром, удакладнім, што пісьменнік пры ўсёй сваёй народнай мудрасці і глыбіні філасофіі застаўся летапісцам часу, паказваючы шлях моладзі ад стыхійнага бунтарства да свядомага ўдзелу ў перабудове роднага краю. Сцёпка Барута, пры ўсёй неадназначнасці натуры, усё ж з’яўляецца сынам свайго часу, народа, краіны. Ён не абмінуў ніводнага кроку на тых шляхах, якім прайшоў увесь беларускі народ.
Асабістая гісторыя Сцёпкі Баруты, мяркуе У. Навумовіч, гэта лёс дзесяткаў, соцень, тысячаў маладых людзей у пострэвалюцыйную эпоху. Але не гэта галоўнае.Заслуга пісьменніка-рэаліста Я. Коласа заключаецца, на нашу думку, у тым, што ён паказаў духоўнае сталенне моладзі, адыход ад нормы паводзінаў у грамадстве, скіраваў маладых на агульначалавечыя духоўныя каштоўнасці.
Галоўны фронт змагання дабра з ліхам праходзіў праз лёсы, нямоцныя яшчэ характары маладых душ. Творца не даў гатовых рэцэптаў, хоць на першы погляд здаецца, што ён паказаў носьбітаў абсалютнай дабрачыннасці і ўласна нягоднікаў, такіх, адпаведна, як Сцёпка Барута і Марцін Шулевіч.
Каханне Сцёпкі Баруты і Аленкі Гарнашкі – яркія і кранальныя старонкі аповесці. Я. Колас выдатна апісаў у аповесці персанажаў, якія сумяшчаюць у сабе праявы тых ці іншых якасцяў адначасова – добрага і злога чалавека. Эстэтычныя аспекты дабра і ліха ў аповесці выяўляюцца выразна, пазіцыя аўтара даволі акрэсленая.















