60714 (673925), страница 2
Текст из файла (страница 2)
З другой чвэрці ХІХ ст. у сельскай гаспадарцы Гродзенскай губерні шырокае развiццё атрымала танкарунная авечкагадоўля. У губернатарскіх справаздачах за 40-50 гг. падкрэслівалася, што ў губерні "воўна складае вельмі значную крыніцу даходу і прадаецца часткова для ўжывання на мясцовыя фабрыкі, а часткова - ў Варшаве". У канцы 30-40 гг. у Гродзенскай губерні выраблялася штогод да 40-50 тыс. пудоў высакаякаснай танкаруннай воўны.
У першай палове ХІХ ст. жывёлагадоўля на Беларусі, за выключэннем танкаруннай авечкагадоўлі, яшчэ не набыла таварнага характару. Крупная жывёла разводзілася галоўным чынам для атрымання ўгнаенняў. Толькі некаторыя з памешчыкаў спрабавалі прыстасаваць жывёлагадоўлю да патрэб рынку: адкормліваць жывёлу на мяса, вырабляць на продаж масла і сыр. Удзельная вага прадпрымальніцкага земляробства на працягу першай паловы ХІХ ст. была нязначнай. Рост прадукцыйнасцi сельскагаспадарчай вытворчасці на Беларусі стрымліваўся ў першую чаргу ўплывам прыгоннага права, празмернае ўздзеянне якога прыводзiла да нiзкага ўзроуню сельскагаспадарчай вытворчасцi.
Асновай прыгонніцкай гаспадаркі Беларусі з'яўлялася феадальная ўласнасць на зямлю. Памешчыкі манапольна валодалі амаль усёй ворнай зямельнай плошчай. Напрыклад, у Мінскай губерні, дзе колькасць памешчыкаў складала толькі 0,2% ад агульнай колькасці жыхароў, ім належала 85% агульнай прасторы зямлі; у Гродзенскай - 58,5%, у Віленскай - 69,5%.
Беларусь была раёнам буйнога памешчыцкага землеўладання. Па даных Х рэвізіі ў Беларусі 9 404 памешчыкам належала 1 152 411 рэвізскіх душ, гэта значыць сялян мужчынскага полу. Па колькасці прыналежных ім прыгонных сялян усiх памешчыкаў Беларусi можна падзяліць на некалькі груп: безмаёнткавыя - 332 чал., у якіх было 868 рэвізскіх душ (да 100 прыгонных); дробнамаёнткавыя - 6 557, якія мелі 188 921 прыгонных; сярэднемаёнткавыя - 2 117, якія валодалі 448 791 (да 500 прыгонных) рэвізійскіх душ; буйнамаёнткавыя - 398 чал., мелі 509 000 прыгонных (больш за 500 прыгонных).
Такім чынам, 398 буйных памешчыкаў (4,2% ад агульнай колькасці) мелі ва ўласнасці 44,4% усіх прыгонных. З іх 149 найбольш буйных памешчыкаў Беларусі (1,5 % ад iх агульнай колькасцi), у кожнога з якiх было больш за 1000 рэвiзскiх душ, з'яўляліся ўладальнікамі больш як 339,5 тыс. сялян, што складала 29,4% ад колькасці ўсіх прыгонных. Сярод іх найбольш уплывовымі былі магнаты Вітгенштэйны, Радзівілы, Румянцавы.
Самая вялікая колькасць буйных латыфундый была ў Магілёўскай губерні, а самая меншая - у Віленскай. У Магілёўскай губерні знаходзілася і найбольшая колькасць (142) безмаёнткавых памешчыкау, што складала каля 50% усіх дваран гэтай катэгорыі.
На працягу першай паловы ХІХ ст. у памешчыцкай гаспадарцы Беларусі адбываліся змены, якія сведчылі пра разлажэнне феадальна-прыгонніцкай сістэмы. Памешчыцкая гаспадарка паступова ператваралася ў гаспадарку, якая працавала для рынку. Галоўнымі прадметамі вывазу з Беларусі былі - лён, ільняны алей, пянька, воск, лес, каноплi, скура і інш. З 20-х гадоў ХІХ ст. пашыраецца вываз збожжа.
Значнае павілічэнне экспарту беларускага збожжа адзначаецца ў 40-х і асабліва 50-х гадах ХІХ ст. Так, у Гродзенскай губерні ў гэты час у сярэднім штогод паступала ў продаж да 250 тыс. чвэрцей хлеба на суму каля аднаго мільёна рублёў. Толькі ў Данцынг і Кёнігсберг губерня вывозіла штогод ад 150 да 175 тыс. чвэрцей жыта, жытняй мукі, проса і іншага зерня. У Віленскай губерні ў сярэднім кожны год паступала ў продаж да 346 тыс. чвэрцей хлеба на суму 1,4 млн. руб. Значная частка хлеба, якая прадавалася на ўнутраным рынку, выкарыстоўвалася вінакурэннем.
Галоўным пастаўшчыком таварнага збожжа былі памешчыкі. Але і сяляне, якім патрэбны былі грошы для выплаты дзяржаўных падаткаў і набыцця розных прадметаў, таксама прадавалі частку свайго хлеба.
Росту таварнай вытворчасці спрыяла выгадная рыначная кан'юнктура - высокія цэны на хлеб у 1840-1850-х гг. Цэны на збожжавыя прадукты ў Беларусі і Літве, як правіла, былi больш высокімі, чым у іншых раёнах імперыі, з-за частых неўраджаяў і павышанага попыту на збожжа для памешчыцкага вінакурства. Напрыклад, у Гродзенскай губерні чвэрць жыта ў 1843 г. каштавала 2 руб.8 кап., у 1846 г. - 5 руб.70 кап., а ў 1856 г. - 10 руб.
Развіццё таварна-грашовых адносін падштурхоўвала памешчыкаў прыстасаваць сваю гаспадарку да патрэб унутранага і знешняга рынкаў, павысіць даходнасць маёнткаў. Гэта імкненне ажыццяўлялася двума шляхамі: ажыццяуленнем некаторых рацыяналізатарскіх мерапрыемстваў у сваёй гаспадарцы і шляхам узмацнення прыгонніцкай эксплуатацыі сялян.
Для ўдасканалення памешчыцкай гаспадаркі ў 1826 г. было арганізавана Беларускае вольнае эканамічнае таварыства. Таварыства прызначала ўзнагароды за "… увядзенне новай сістэмы гаспадаркі…, за вынаходніцтва і ўдасканаленне спосабаў, якія вялі б да паляпшэння ўсіх галін гаспадаркі ў Беларусі - земляробства, жывёлагадоўлі, рукадзелля і сельскай прамысловасці". Члены таварыства павінны былі ў сваіх гаспадарках выпрабоўваць новыя сельскагаспадарчыя прылады, ствараць узорныя фермы, прымяняць мінеральныя ўгнаенні дзеля павышэння ўрадлівасці глебы. Спачатку гэта рэкамендавалася для Віцебскай і Магілёўскай губерняў. У 1848 г. у маёнтку Горы-Горкі Магілёўскай губерні быў адкрыты адзін з першых ў Еўропе земляробчы інстытут.
Частка памешчыкаў пачынае ўводзіць у сваіх маёнтках лепшае насенне, новыя сарты збожжавых культур, пашыраць пасевы льну і бульбы. Гродзенскі губернатар у справаздачы за 1859 г. паведамляў, што ў большай частцы маёнткаў "працягваюць весці гаспадарку старымі метадамі, але ў некаторых маёнтках ужо ўводзяцца сучасныя метады" - пачынаюць сеяць кармавыя травы і выкарыстоўваць земляробчыя машыны.
У Магілёўскай губерні граф Румянцаў, напрыклад, праводзіў вопыты па пасеву розных сартоў бульбы. У Мінскай і Магілёўскай губернях ужываліся ўдасканаленыя малатарні, арфы. У Гродзенскай губерні ў 50-х гадах ХІХ ст. з'явіліся жнейкі і адносна шырока выкарыстоўваліся ручныя і конныя арфы і саломарэзкі. Сельскагаспадарчыя машыны, як правіла, прывозіліся з-за мяжы. Але цікава, што ў Беларусі таксама з'яўляюцца вынаходнікі сельскагаспадарчых машын. Так, гаспадар маёнтка Дастоева Пінскага павета Мінскай губерні Якушык прыдумаў і пусціў у продаж параконную малатарню, трох і чатырохконную жнейку, машыну для капання рвоў і распілоўкі дошак, а таксама такую саху, якая, са слоў вынаходніка, "арэ за чатыры сахі, нягледзячы на тое, што запрэжана параю коней або быкоў".
Аднак у першай палове ХІХ ст. некаторыя памешчыкі ўжо прымянялі і наёмную працу батракоў. Памешчык Магілёўскай губерні Дзярабін расказваў графу Румянцаву, што дзесяць рабочых замяняюць трыццаць прыгонных сялян і каштуюць на 88 руб. танней. Выгаду вольнанаёмнай працы разумелі многія памешчыкі, але выкарыстоўвалі яе адзінкі.
У мэтах павышэння прыбыткаў памешчыкі пачынаюць займацца прадпрымальнiцтвам. Яны адкрываюць у сваіх маёнтках прыгонніцкія мануфактуры: лесапільныя заводы, вінакурні. У пачатку ХІХ ст. у Беларусі налічвалася 5 215 вінакурняў, што складала 20% ад іх агульнай колькасці ў Расіі. Амаль у кожным маёнтку была свая вінакурня. Шырокае распаўсюджванне вінакурэння тлумачылася тым, што Беларусь і Літва карысталіся правам прапінацыі, г. зн. правам свабоднай вытворчасці і продажу гарэлкі. Вінакурства давала памешчыкам шэраг выгад. Па-першае, перагонка значнай колькасці збожжа падтрымлівала на высокім узроўні рыначны попыт на збожжа. Па-другое, адходы ад вінакурэння ішлі на корм жывёле, што спрыяла развіццю жывёлагадоўлі. Натуральна, вінакурэнне прыносіла вялікія грашовыя прыбыткі памешчыкам.
Рост суконных мануфактур выклікаў попыт на воўну. Памешчыкі разводзілі спецыяльную пароду авечак-мерыносаў, шэрсць з якіх цалкам прызначалася на продаж. У 1860 г. у Гродзенскай губерні налічвалася 240 тыс. мерыносаў, з якіх здымалі да 68 тыс. пудоў воўны для суконных фабрык.
Між тым развіццё прадпрымальніцтва мела абмежаваны характар. Намаганні памешчыкаў павялічыць прыбытковасць маёнткаў суправаджалiся пашырэннем панскай ворнай зямлі за кошт скарачэння сялянскіх надзелаў. Памешчыцкая зямля падзялялася на ўласна панскую і на сялянскую, якую сяляне атрымлівалі ў карыстанне. Суадносіны часта мяняліся. Паказальны ў гэтых адносінах Гомельскі маёнтак графа І. Паскевіча-Эрыванскага. За 20 годоу (з 1814 па 1834 гг.) панская ворная зямля павялічылася амаль у два разы, сенажаць памешчыка ўзрасла амаль у тры разы. У сялянскім землекарыстанні павялічылася колькасць зямель, ворная зямля і сенажаць засталіся амаль без змен. З улікам павялічэння сельскага насельніцтва ў маёнтках у 1834 г. на кожную рэвізскую душу прыходзілася 3 дзесяціны зямлі (у 1814 - 3,76).
Паміж барскім і сялянскім заворваннем не было дакладна ўстаноўленых меж, зямля была раскідана церазпалосна. На працягу доўгага часу захоўвалася сумеснае карыстанне зямельнымі ўгодзямі, сенажацямі. Распаўсюджаны быў пашавы сэрвітут, калі сяляне пускалі сваю жывёлу на палі памешчыка пасля ўборкі ўраджаю.
Памешчыкі імкнуліся да пашырэння свайго заворвання, таму часта пазбаўлялі сялян магчымасці карыстацца зямельнымі надзеламі. Напярэдадні рэформы 1861 г. у Беларусі налічвалася 68 717 беззямельных сялян-агароднікаў, батракоў і бабылёў.
Вялікую колькасць беззямельных сялян складалi так званыя "месячнікі" ("адзiнарнікі"), якія замест зямельнага надзела атрымлівалі мізэрнае месячнае ўтрыманне за працу на двары памешчыка.
Прыгонныя сяляне Беларусі неслі на карысць памешчыкаў павіннасці ў выглядзе паншчыны або аброку. Сяляне, якія выконвалі паншчыну складалі 92,4% ад агульнай колькасці прыгонных, аброк - 7,6%.
Выдадзены Паўлам І у 1797 г. Маніфест аб трохдзённай паншчыне на тэрыторыі Беларусі па сутнасці не выконваўся. Памешчыкі даводзілі паншчыну да 5-6 дзён у тыдзень. У сялян не заставалася часу для працы ў сваёй гаспадарцы. Дэградацыя сялянскай гаспадаркі адбівалася на агульным стане гаспадаркі краіны. Даўгі памешчыка ўзрасталі і да 1857 г. склалі 39 597 тыс. руб.
Памешчыкі, якія пазаблытваліся ў даўгах, закладвалі свае маёнткі і прыгонных. Амаль ва ўсіх справаздачах губернатараў беларускіх губерняў за 1850-1860 гг. паведамлялася аб павелічэннi колькасці закладзеных і перазакладзеных маёнткаў. Калi у 1857 г. з 1 190 тыс. рэвізскіх душ было закладзена 672 225 (54%), то ў 1858-1858 гг. - 711 450 (59,8%).
Запазычанасць памешчыкаў, адсутнасць у іх капіталаў, нізкая вытворчасць працы, рабілі маруднным пераход гаспадаркі на капіталістычны шлях. Толькі адмена прыгоннага права магла даць прастору для эканамічнага развіцця краiны.
Важнай базай сельскагаспадарчай вытворчасці з'яўлялася сялянская гаспадарка.
Зямельныя надзелы сялян у Віленскай, Гродзенскай, Мінскай губернях адводзіліся ў падворнае карыстанне; у Віцебскай (за выключэннем інфлянцкіх паветаў, дзе таксама было падворнае землекарыстанне) і Магілёўскай губернях пераважала абшчыннае землекарыстанне. Фармальна памеры зямельных надзелаў вызначаліся існаваўшымі інвентарамі, неабавязковымi для памешчыкаў.
Размеркаванне надзелаў паміж сялянамі было нераўнамерным. У канцы 50-х гадоў сярэдні сялянскі надзел у Віцебскай губерні складаў 6,5 дзесяціны, у Магілёўскай - 7,3 дзесяціны, што з цяжкасцю забяспечвала пражыццёвы мінімум.
У Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і часткова Віцебскай губернях асноўнай адзінкай зямельнага забеспячэння лічылася валока (каля 21 га) сенажаці, ворыўнай і прысядзібнай зямлі на двор. Поўныя валочныя гаспадаркі сустракаліся рэдка, у асноўным пераважалі гаспадаркі, якія мелі 3/4 або 1/2 валокі. Пры нізкай ураджайнасці і забалочанасці зямель гэтага надзела ледзь хапала для забеспячэння пражыццёвага мінімуму сялянскай сям'і.
Дзяржаўныя сяляне таксама пакутавалі ад малазямелля. Сярэднія надзелы на рэвізскую душу складалі ў Гродзенскай губерні ад 1 да 2 дзесяцін, у Віцебскай і Магілёўскай ад 3 да 5 дзесяцін.
Гаспадарка сялян была вельмі прымітыўнай. Жывёлы не хапала, глеба ўгнойвалася дрэнна, ураджаі былі нізкімі. У пошуках выхаду з гэтага становiшча частка сялян займалася промысламі, гандлем і іншымі пабочнымі заробкамі.
Дзяржаўныя сяляне Віцебскай губерні займаліся вырабам і продажам лёну, які выраблялі не толькі ў асабістых гаспадарках, але і скуплялі ў іншых сялян. На мясцовых рынках прадаваліся і вырабы хатніх промыслаў сялян. На продаж паступалі жывёла-маладняк, сала, аўчына, палатно, бульба, ягады і інш.
Гандлёвыя сувязі сялянскай гаспадаркі з рынкам мелі аднабаковы характар. Сяляне больш прадавалі, чым куплялі. Амаль усе выручаныя грошы шлі на выплату дзяржаўных падаткаў.
У першай палове ХІХ ст. сярод сялян беларускіх губерняў адбывалася маёмаснае расслаенне. У вёсцы з'яўляюцца заможныя сем'і. Па даных П.М. Шпілеўскага, у некаторых сялян Мінскай губерні было па дзесяць і болей коней, кароў, стада авечак і баранаў. Яны выкарыстоўвалі наёмную працу. Частка заможных сялян займалася гандлем, падрадамі, арэндавала млыны, карчмы. Праўда, колькасць такіх сялян была нязначнай. У Мінскай губерні ў 30-40-я гады ў асабістай уласнасці мелі зямлю не болей 50 сялян.
К 40-м гадам працэс разлажэння феадальнай прыгоннай гаспадаркі паглыбіўся, перарос у агульны крызіс феадальна-прыгонніцкай сістэмы. У Беларускіх губернях крызіс праявіўся ў паніжэнні ўраджайнасці, памяншэнні пагалоўя жывёлы, зніжэнні прыбытку памешчыцкіх маёнткаў, росце недоімак. Урад вымушаны быў прызнаць факт цяжкага эканамічнага становішча беларускіх губерняў, пра гэта сведчыць уласнаручная прыпіска Мікалая І, якая была зроблена ім на дакладзе беларускага генерал-губернатара: "У Камітэт Міністраў з тым, каб усе гг. міністры прачыталі і пераканаліся, у якім страшным становішчы губерні знаходзяцца, што аднымі законнымі мерамі край не толькі не ўзнімецца, але і канчаткова прападзе; патрэбны экстранныя і крутыя меры".
Адным з паказчыкаў нарастаючага крызісу існуючай сістэмы быў сялянскі рух. У 1800 - 1839 гг. у Беларусi зафіксавана (акрамч ўцёкаў) 160 сялянскіх хваляванняў, якімі было ахоплено 147 маёнткаў і звыш 200 паселішчаў.37 выступленняў былі падаўлены ваеннай сілай. У 1840-1860 гг. адбылося (без уцёкаў) 350 хваляванняў: 330 - ў маёнтках і 380 паселішчах. У 32 выпадках для іх спынення выклікаліся войска. Абсалютная большасць хваляванняў (416, або 81,6%) прыпадала на па панскія маёнткі. Паглыбленне антаганізму паміж сялянствам і памешчыкамі было выклікана ўзмацненнем прыгонніцкага ўціску, якое выражалася ў павялічэнні памераў паншчыны і чыншу, захопе сялянскіх надзелаў, гвалтоўным перасяленні сялян на неўрадлівыя землі, пераводзе на вотчынныя фабрікі, жорсткім абыходжанні з імі прыгоннікаў, аканомаў, арандатараў. Асаблівасцю сацыяльных супярэчнасцей на Беларусі з'яўлялася іх пераплятанне з нацыянальна-рэлігійнай варожасцю паміж сялянамі і панамі.













