60584 (673829), страница 4
Текст из файла (страница 4)
Пачатак ХХ стагоддзя – час канчатковага фарміравання беларускай літаратурнай мовы. Беларускія літаратары абапіралася на здабыткі сваіх папярэднікаў – В. Дуніна-Марцінкевіча, К. Каліноўскага, Ф. Багушэвіча, Я. Лучыны, А. Гурыновіча і інш. Развіццю беларускай літаратуры істотна паспрыяла скасаванне абмежаванняў на друк іншамоўных твораў, заснаванне беларускіх выдавецтваў, накшталт «Загляне сонца і ў наша ваконца», а таксама агульнарасійскі рэвалюцыйны рух. У ліку першых свае зборнікі вершаў "Скрыпка беларуская" і "Хрэст на свабоду" выдала А. Пашкевіч.
У маі 1905 г. вершам «Мужык» абвясціў аб сабе адзін з заснавальнікаў беларускай літаратуры Я. Купала (І. Д. Луцэвіч) (1882-1942). У 1908 г. ён выдаў свой першы зборнік вершаў «Жалейка», а ў 1913 г. самы значны паэтычны зборнік – «Шляхам жыцця». Яго паэмы «Курган», «Бандароўна» ляглі ў падмурак нацыянальнага эпасу, а п’есы «Паўлінка» і "Раскіданае гняздо" значна ўзбагацілі беларускую драматургію. Дзякуючы намаганням Я. Купалы, новая беларуская літаратура набыла выразна народны характар і выступіла магутным сродкам нацыянальна-культурнага адраджэння.
Разам з Я. Купалам заснавальнікам новай беларускай літаратуры па праву лічыцца Я. Колас (К. М. Міцкевіч) (1882-1856) У 1906 г. ён надрукаваў першы верш «Наш родны край», у 1910 г. – першы вершаваны зборнік «Песні жальбы», у 1912 і 1914 гг. – зборнікі прозы «Апавяданні» і «Родныя з’явы». М. Багдановіч (1891-1917) паспеў выдаць толькі адзін зборнік вершаў «Вянок» (1914), але па іх лірычнасці, вобразнасці, патрыятычнасці яны не маюць сабе роўных.
У ліку паэтаў і празаікаў новага стагоддзя былі К. Буйло, 3. Бядуля, Ц. Гартны, А. Гарун, М. Гарэцкі, Я. Журба, К. Каганец, С. Палуян, Ядвігін Ш. Сваёй творчасцю яны імкнуліся абудзіць нацыянальную свядомасць і сацыяльную годнасць беларусаў, скіраваць іх у рэчышча барацьбы за лепшую долю. Лейтматывам твораў гучыць заклік любіць свабоду, родны край і мову. Сялянам пастаянна даводзілася, што яны – беларусы, іх Бацькаўшчына – Беларусь са славутым мінулым, а іх мова не толькі «мужыцкая», а калісьці была дзяржаўнай. Яе літаратурныя ўзоры сталі перакладацца на іншыя мовы і ўзбагачалі агульначалавечую культуру.
Тэатральнае мастацтва Беларусі вырастала з народнай творчасці. На пачатку XX ст. у Мінску, Гродне, Полацку, Слуцку, Дзісне, Давід-Гарадку, Радашковічах, Карэлічах і інш. дзейнічалі аматарскія тэатры. У многіх населеных пунктах інтэлігенцыя ладзіла «беларускія вечарыны», на якіх выконваліся народныя песні і танцы, дэкламаваліся вершы Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, Я. Коласа, ставіліся невялічкія п'есы. Адным з ініцыятараў «беларускіх вечарынак» быў І. Буйніцкі (1861-1917). У 1907 г. на свае сродкі ён арганізаваў у Палевічах (Дзісенскі пав.) аматарскі тэатр пад назвай «Першая беларуская трупа Ігнація Буйніцкага». У 1910 г. яна ўжо складалася з хору, танцавальнага калектыву і драматычнай групы і пачала выступаць на прафесійнай аснове, гастралюючы па Беларусі і іншых рэгіёнах імперыі. У рэпертуары артыстаў былі беларускія песні, танцы, п’есы рускіх, польскіх, украінскіх, беларускіх аўтараў. Іх прафесійная пастаноўка і выкананне, акрамя эстэтычнага задавальнення, выклікала ў гледачоў Пецярбурга, Варшавы і іншых гарадоў цікавасць да беларускіх выканаўцаў і іх нацыянальнай культуры.
Свой уклад у заснаванне прафесійнага тэатра ўнёс А. Бурбіс (1885-1922), які арганізаваў у 1910 г. у Вільні музычна-драматычны гурток. Рэпертуар складаўся з драматычных твораў рускіх, украінскіх і беларускіх аўтараў з фальклорна-этнаграфічнымі элементамі. На Купалле гурток ладзіў нацыянальныя тэатралізаваныя прадстаўленні. У 1912 г. артысты ўпершыню паставілі п’есу Я. Купалы «Паўлінка».
Выступленні аматарскіх тэатральных гурткоў, «беларускіх вечарын» стымулявала збор і мастацкую апрацоўку народных песень. Па іх матывах у 1910 г. кампазітар і дырыжор Л. Рагоўскі напісаў «Беларускую сюіту для сімфанічнага аркестра». У тым самым годзе ён паклаў на музыку верш Я. Купалы «А хто там ідзе?», а «Наша ніва» надрукавала яго разам з нотамі як гімн беларускага народа. Цікавасць да беларускага песеннага мастацтва адбілася ў стварэнні харавых калектываў у многіх гарадах і мястэчках. Адзін з такіх быў арганізаваны ў 1914 г. у Мінску настаўнікам спеваў В. Тэраўскім (1871-1938).
Напачатку ХХ ст. у беларускім жывапісе працягваюць сваю творчасць прадстаўнікі партрэтна-бытавога жанру Ю. Пэн і Я. Кругер, пейзажнага жанру В. Бялыніцкі-Біруля і Ф. Рушчыц, Г. Вейсенгоф, К. Стаброўскі і інш. Рэдкія мастакі так акцэнтавалі ўвагу на беларускіх матывах, як гэта рабіў К. Каганец, пакінуўшы рэалістычныя тыпажы беларусаў і маляўнічыя віды роднай прыроды.
Творчасць Я. Драздовіча (1888–1954) як графіка і жывапісца захавала імкненне беларускай інтэлігенцыі ўзняць на п’едэстал свае нацыянальныя каштоўнасці. Аб гэтым сведчаць жывапісныя замалёўкі старажытных замкаў, партрэт Ф. Скарыны, а таксама афармленне кнігі К. Буйло «Курганная кветка».
Такім чынам, пачатак ХХ стагоддзя ў жыцці беларускага народа азнаменаваўся фарміраваннем літаратурнай мовы і далейшым развіццём літаратуры, што абумовіла пачатак яго адраджэння – якасна новага ўзроўню духоўнага і грамадска-палітычнага жыцця. Вялікі тэарэтычны і практычны ўклад у адраджэнскі працэс быў унесены навуковымі працамі Е. Раманава, Я. Карскага, В. Ластоўскага і інш. Дзякуючы новай плеядзе інтэлігентаў, згуртаваных вакол «Нашай Нівы», права беларускага народа «людзьмі звацца» было абгрунтавана ідэйна і завацавана ў грамадскай думцы. Ва ўмовах фарміравання беларускай нацыі здабыткі літаратараў, навукоўцаў, «нашаніўцаў», энтузіястаў аматарскіх гурткоў, кампазітараў, мастакоў і г.д. з’яўляліся каталізатарам гэтага працэсу, значным сродкам абуджэння нацыянальнай свядомасці народа і яго ўздыму на барацьбу за сацыяльную свабоду і палітычную самастойнасць.
СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ
1. Храналогія гісторыі Беларусі / Склад. В. В. Гетад, M. I. Калінскі. 3 - е выд. – Мн., 1992.
2. Сяменчык М.Я. Гiсторыя Беларусi: курс лекцый / М.Я. Сяменчык – Мн., 2009 г.
3. Гісторыя Беларусі: Вуч. дапаможнік. / Пад рэд. А. П. Ігнаценка. – Мн., 1994.
4. Марцуль Г. С., Сташкевіч М. С. Гісторыя Беларусі: насельніцтва, фарміраванне і вызначэнне этнічных і дзяржаўна-адміністрацыйных межаў, беларускае замежжа. – Мн., 1997.











