60581 (673826), страница 2
Текст из файла (страница 2)
Гэты тэзіс скіроўваўся на апраўданне жорсткіх распраў з усімі, хто выкажа сумненне ў правільнасці абранага ім курса, хто ўстане на яго шляху да аднасобнай улады. І калі запланаваныя восенню 1929 г. эканамічныя паказчыкі не далі пажаданых вынікаў, прычына таго была знойдзена ў дзейнасці сабатажнікаў і шкоднікаў. Так, у 1930 г. было абвешчана аб «раскрыцці контррэвалюцыйнай арганізацыі» – «Працоўнай сялянскай партыі», «Прамысловай партыі», «Саюзнага бюро сацыял-дэмакратаў (меншавікоў).
У снежні 1932 г. міліцэйскія сілы перадаваліся ў падпарадкаване Аб’яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення (АДПУ), а ў ліпені 1934 г. яно было пераўтворана ў Галоўнае ўпраўленне дзяржаўнай бяспекі (ГУДБ) і ўключана ў саюзна-рэспубліканскі Народны камісарыят унутраных спраў (НКУС).
Пры ім засноўвалася Асобая нарада, якая на саюзным узроўні замацавала практыку пазасудовых прыгавораў. Ёй падпарадкавалася сістэма «троек» у рэспубліках, краях, абласцях, гарадах з удзелам начальнікаў упраўлення НКУС, сакратароў парткамітэтаў і пракурораў. Усю карніцкую іерархію ўзначальваў Сталін, а непасрэдным выканаўцам яго волі ў 1934–1936 гг. з’яўляўся наркам унутраных спраў і начальнік ГУДБ СССР Г. Ягода.
Рэарганізацыя праваахоўных органаў была абумоўлена планаваннем Сталіным масавых рэпрэсій. Іх неабходнасць бачылася яму ва ўзросшай апазіцыйнасці з боку саміх камуністаў. Так, 270 дэлегатаў XVII з’езда ЎКП(б) (студзень-люты 1934) пры галасаванні за новы склад ЦК партыі выказалі недавер генсаку і прапанавалі сакратару Ленінградскага абкама партыі С. Кіраву заняць вышэйшую партыйную пасаду. 1 снежня 1934 г. Кіраў быў застрэлены прама ў будынку Смольнага, а разам з «арганізатарамі забойства» Л. Каменевым і Р. Зіноўевым было арыштавана 1 108 з 1 966 дэлегатаў таго самага з’езда, у тым ліку 98 членаў ЦК са 139.
Апагеем дзейнасці рэпрэсіўнай машыны Сталіна зрабіліся так званыя маскоўскія судовыя працэсы над прадстаўнікамі колішняй партыйнай і дзяржаўнай эліты СССР. У ліку першых такі працэс адбыўся ў 1936 г. па справе аб «Антысавецкім аб'яднаным трацкісцка-зіноўеўскім цэнтры», які скончыўся смяротнымі прысудамі абвінавачаным. У студзені 1937 г. суд разглядзеў справу аб так званым «Паралельным антысавецкім трацкісцкім цэнтры». Асуджаныя былі расстраляны (Г. Пятакоў) або (К. Радэк і Г. Сакольнікаў) загінулі ў турме.
Генеральны пракурор СССР А. Вышынскі ўкараніў у судовую практыку правіла, паводле якога, асноўным доказам віны падсуднага з’яўлялася прызнанне ў злачынстве. Невыпадкова таму следчыя выкарыстоўвалі ўсе магчымыя спосабы, у тым ліку пыткі, каб «выбіць» з арыштаванага неабходныя паказанні.
Сфальсіфікаваныя ад пачатку да канца працэсы служылі часткай кампаніі, скіраванай супраць былых ленінскіх саратнікаў, бальшавікоў з дарэвалюцыйным стажам, каб паказаць, як тонка маскіруецца контр-рэвалюцыя і як заглыблены яе карані. 1937 г. на лютаўска-сакавіцкім Пленуме ЦК УКП(б) І. Сталін у сваім дакладзе «Аб асаблівасцях партыйнай работы і мерах ліквідацыі трацкісцкіх і іншых двурушнікаў» даў шырокае тэарэтычнае абгрунтаванне рэпрэсіўнай палітыкі.
Пасля Пленума пачаліся масавыя арышты служачых устаноў, вайскоўцаў, дзеячаў культуры і г.д., галоўным чынам тых, чыя творчая або службовая біяграфія сфарміравалася ўжо пры савецкай уладзе. Асаблівы грамадскі рэзананс меў чэрвеньскі (1937) працэс па справе «ўдзельнікаў ваенна-фашысцкай змовы ў Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі» – М. Тухачэўскага, І. Якіра, І. Убарэвіча і іншых вядомых камандзіраў.
Выключную актыўнасць і ініцыятыву ў «барацьбе з ворагамі народа» выявіў назначаны ў верасні 1936 г. наркам унутраных спраў СССР М. Яжоў. У выніку ў 1937 г. колькасць арыштаваных узрасла амаль у дзесяць разоў. Усяго ў 1937–1938 гадах было арыштавана звыш 1, 5 млн чал.
Масавыя арышты людзей запатрабавалі тэрміновага вырашэння іх лёсу. Невыпадкова таму шырокае распаўсюджанне набылі пазасудовыя органы – «тройкі», «двойкі», «асобыя нарады НКУС» і іншыя. У сакавіку 1938 г. расстрэльныя прыгаворы напаткалі М. Бухарына, А. Рыкава, Г. Ягоду, Н. Крэсцінскага і многіх іншых членаў «Антысавецкага праватрацкісцкага блока». Ім інкрымінавалі «здрадніцкую, шпіёнскую, дыверсійна-шкодніцкую, тэрарыстычную» і іншую варожую дзейнасць.
Пачатак рэпрэсій у БССР быў падрыхтаваны вынікамі дзейнасці парткамісіі, накіраванай у маі 1929 г. Палітбюро ЎКП (б) у БССР. У поле яе зроку трапілі тыя дзеячы культуры, навукі, а таксама служачыя савецкіх устаноў, якія да таго часу актыўна праводзілі палітыку беларусізацыі. Да распачатай кіраўніцтвам КП(б) Б кампаніі асуджэння так званага нацыянал-дэмакратызма як кулацкай ідэалогіі далучыліся работнікі спецслужбаў. У выніку 23 кастрычніка 1930 г. старшыня ДПУ БССР Р. Рапапорт паведаміў аб раскрыцці падпольнай арганізацыі нацдэмаў «Саюз вызвалення Беларусі» («СВБ»). Да гэтага часу было арыштавана 86 чал., у тым ліку акадэмікі В. Ластоўскі, Я. Лёсік, С. Некрашэвіч, прафессар А. Смоліч, пісьменнікі М. Гарэцкі, У. Дубоўка, Я. Пушча, былыя наркамы Дз. Прышчэпаў, А. Баліцкі, намеснік наркама А. Адамовіч і інш. 4 лютага 1931 г. выключаны з партыі Ў. Ігнатоўскі пакончыў жыццё самагубствам.
У лютым 1933 г. работнікі ДПУ паведамілі аб раскрыцці «контр-рэвалюцыйнай эсэра-прышчэпаўскай арганізацыі» у Наркамземе БССР і Белтрактарацэнтры. У выніку было «абясшкоджана 1, 5 тыс. груповак, якія аб’ядноўвалі да 30 тыс. бандыцкіх элементаў».
Чарговым «поспехам» работнікаў ДПУ стала «выкрыццё контррэвалюцыйнай арганізацыі» «Беларускі нацыянальны цэнтр», нібыта створанай польскімі спецслужбамі. У выніку па «справе БНЦ» было асуджана 97 чал.
У ліку іншых «контррэвалюцыйных арганізацый», выкрытых работнікамі ДПУ ў 1933 г., былі «Польская арганізацыя вайскова», «Беларуская народная Грамада» і іншыя. Усяго з канца 1920-х да сярэдзiны 1930-х гадоў у БССР было рэпрэсiравана звыш 46 тысяч чалавек, з якіх 13 тысяч – расстраляны.
Аб глыбокай канспірацыі «ворагаў народа» мусіла сведчыць выкрыццё ў 1937 г. народнага камісара ўнутраных спраў БССР Г. Малчанава, затым старшыні СНК М. Галадзеда, камандуючага Беларускай ваеннай акругі І. Убарэвіча, старшыні ЦВК БССР А. Чарвякова, І сакратара ЦК КП(б) Б В. Шаранговіча і многіх іншых.
На Беларусi у 1935–1940 гг. за так званыя «контррэвалюцыйныя злачынствы» было прыцягнута каля 385 тыс. чалавек, з якiх больш чым 50 тыс. было расстраляна. У іх ліку – «члены падпольных антысавецкіх арганізацый»: трацкiстаў, правых, нацыянал-фашыстаў, эсэраў, бундаўцасiянiстаў, царкоўнасектантаў і інш.
У верасні 1938 г. масавыя рэпрэсіі былі арганізавана спынены, а пазасудовыя органы (за выключэннем Асобай нарады НКУС СССР) распушчаны. І. Сталіну спатрэбіўся час, каб падвесці вынікі кампаніі і здзейсніць кадравыя перастаноўкі. У прыватнасці, замест М. Яжова, пасаду народнага камісара ўнутраных спраў заняў Л. Берыя. Значную частку свайго часу новы наркам надаваў барацьбе з выпадкамі парушэння сацыялістычнай законнасці. У выніку многія работнікі апарату НКУС, у тым ліку яго папярэднік М. Яжоў, а таксама наркам БССР Б. Берман, таксама былі расстраляны.
Усяго з 1921 па 1953 гг. за «контрэвалюцыйныя злачынствы» было асуджана 3 777 380 чал., з іх да вышэйшай меры пакарання былі прыгавораны 642 980, да зняволення – 2 369 220 чал., да ссылкі і высылкі – 765 180 чал. Каля 2, 9 млн былі асуджаны пазасудовымі органамі, каля 900 тыс. – судамі і ваеннымі трыбуналамі.
У іх ліку былі і тыя, хто актыўна змагаўся за Савецкую ўладу – В. Кнорын, М. Крыленка, К. Ландэр, М. Калмановіч, В. Фамін. Сімвалам трагедыі сталінскіх ахвяр сталі ўрочышча Курапаты каля Мінска, Бутава каля Масквы і іншыя месцы.
4. Грамадска-палітычная сітуацыя ў БССР у першае пасляваеннае дзесяцігоддзе
Характэрнай рысай грамадска-палітычнага жыцця народаў СССР першых пасляваенных гадоў з’ўляўся высокі духоўны ўздым савецкіх людзей, выкліканы перамогай у Вялікай Айчыннай вайне.
Палітычная сістэма паступова аднавіла сваю дзейнасць. Як і раней, у цэнтры яе знаходзілася ЎКП(б) (з 1952 г. – КПСС). З разгромам фашызму – аўтарытэт яе Генеральнага сакратара, генералісімуса Савецкага Саюза і старшыні Савета Міністраў І. Сталіна максімальна ўзрос. Нават у афіцыйным ужытку распаўсюдзіўся тытул тытул «Правадыр усіх часоў і народаў», а перамога ў вайне асацыіравалася з яго іменем. У ліку набліжаных да яго асоб былі члены Палітбюро – Л. Берыя, Г. Малянкоў, В. Молатаў, М. Булганін, М. Хрушчоў.
Партыйную арганізацыю БССР узначальвалі П. Панамарэнка, са студзеня 1947 г. – М. Гусараў, з ліпеня 1950 г. – М. Патолічаў. На вышэйшыя партыйныя, савецкія, грамадскія пасады вылучаліся былыя кіраўнікі падполля і партызанскага руху І. Варвашэня, В. Казлоў, І. Кожар, С. Прытыцкі. Шэрагі КП(б) Б імкліва павялічваліся. Так, у пачатку 1945 г. у яе складзе налічвалася 29 515, 1951 г. – 116 663, 1954 г. – 129 585 камуністаў і кандыдатаў у члены партыі.
Выбары ў Вярхоўны Савет СССР (1946), Вярхоўны Савет БССР (1947), мясцовыя Саветы (1948, 1950), а таксама народных суддзяў і народных засядацеляў па-ранейшаму былі безальтэрнатыўнымі, але надзвычай масавымі, і прайшлі пад лозунгам падтрымкі «блоку камуністаў і беспартыйных». Як і раней, праца Саветаў была фактычна зведзена да ўхвалення, станоўчага каментавання i адпаведнай канкрэтызацыi партыйных рашэнняў.
Характэрнай рысай грамадска-палітычнага жыцця канца 1940-пачатку 1950-х з’яўлялася аднаўленне рэпрэсій. Так, у верасні 1950 г. па «ленінградскай справе» было расстраляна 6 высокапастаўленых дзяржаўных дзеячаў. Рэпрэсіі былі выкарыстаны і ў дачыненні шырокага кола грамадзян СССР: жыхароў Прыбалтыкі, Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, дзе адбывалася калектывізацыя і разам з ёй – высылка ў Сібір «класава чужых элементаў». Пад падазрэнне спецслужбаў трапілі практычна ўже жыхары часова акупіраванай фашыстамі тэрыторыі БССР, у тым ліку члены мінскага падполля. Паэты С. Шушкевіч, С. Грахоўскі і інш. былі ізноў арыштаваны і высланы з Беларусі. Мiнiстр асветы БССР П. Саевiч па абвiнавачаннi у супрацоўнiцтве з югаславамi быў асуджаны на 25 год турмы. У 1948 г. на падставе сфальсіфікаванай справы «Антыфашысцкага яўрэйскага камітэта» у СССР пачаліся рэпрэсіі сярод яўрэйскай інтэлігенцыі. Так, 13 студзеня 1948 г. у Мiнску быў забіты народны артыст СССР С. Мiхоэлс. А «справа ўрачоў», якія быццам планавалі атруціць вышэйшых дзяржаўных асоб, выклікала ўсплёск юдафобіі на дзяржаўным узроўні.
Умовы «халоднай вайны» прымусілі партыйнае кіраўніцтва ўзмацніць ідэйна-палітычнае выхаванне насельніцтва. Так, у 1946 г. яго жорсткай крытыцы падвергліся рэдактары часопісы «Звезда» і «Ленінград», аўтары кінафільма «Вялікае жыццё» У «няміласць» трапілі літаратары Г. Ахматава і М. Зошчанка
Актыўнасць ідэалагічных і следам – карных службаў выявілася ў бібліятэчнай і выдавецкай справах, калі ў 1948 г. Галоўліт СССР забараніў для грамадскага чытання 185 назваў кніг.
На хвалі прапаганды ўсяго савецкага лічылася непатрыятычным станоўчыя ацэнкі заходняй культуры, навукі тэхнікі. Таму барацьба супраць «бязроднага касмапалітызму» і «нізкапаклонніцтва перад Захадам» таксама стала характэрнай рысай грамадскага жыцця СССР. Так, у лік «нізкапаклоннікаў» трапілі прыхільнікі не прызнанай на той час у СССР навукі генетыкі. 22 лістапада 1947 г. акадэмік А. Жэбрак за крытыку мічурынскага напрамку біялогіі ў амерыканскім часопісе «Science» быў адхілены ад пасады прэзідэнта АН БССР.
Важнейшым сродкам у фарміраванні ў савецкіх грамадзян ідэйнага імунітэту супраць буржуазнай ідэалогіі з’яўлялася сістэма прапаганды, якая ахоплівала ўсе дзяржаўныя і грамадскія структуры – ад дзіцячых садочкаў – да ВНУ. Усхваленне Сталіна як «Леніна сёння» з’яўлялася калі не асноўнай, то адной з галоўных частак ідэйна-прапагандысцкай работы.
Уздым яе прыпаў на снежань 1949 г., калі паўсюдна ў СССР ішло святкаванне юбілею правадыра. З гэтай нагоды ў БССР адбылося 31 500 мiтынгаў з удзелам 3 млн чал. Група пісьменнікаў і паэтаў напісала «Пiсьмо вялiкаму Сталiну ў слаўнае 70-годдзе дня нараджэння ад беларускага народа». У яго ж гонар у 1952 г. у Мінску быў узведзены найвялікшы ў краіне манумент.
Такiм чынам, пасля вайны грамадска-палітычнае жыццё ў БССР уваходзіла ў звыклае, апрабаванае рэчышча. Перамога над фашызмам не змянiла прыроды сталiнскага рэжыму. У яго аснове ляжала жорсткая цэнтралiзацыя ўсiх бакоў жыцця, неймавернае ўсхваленне асобы І. Сталіна, непрымiрымае стаўленне да станоўчых ацэнак замежных дасягненняў навукі, тэхнікі, культуры. Разам з мабiлiзацыяй народа на стваральную працу скiраваную на аднаўленне i далейшае развiццё гаспадаркi, грамадскага i культурнага жыцця, шырока практыкавалiся метады адмiнiстрацыйнага прымусу. Распачатая ў Заходняй Беларусі гвалтоўная калектывізацыя прыводзіла да новых ахвяр і пашырала сацыяльную базу антысавецкіх бандфарміраванняў.
Дзейнасць спецслужб спалучалiся з шырокай падазронасцю ўлад да людзей, хто ў часы вайны трапiў пад нямецкую акупацыю, у тым лiку партызан i падпольшчыкаў. Антысемітызм, барацьба з «бязродным касмапалітызмам» – характэрныя рысы сталінскага рэжыму апошніх год яго існавання. Разам з тым складанае палітычнае становішча, што існавала ў БССР, нівеліроўвалася працоўным энтузіязмам па адраджэнні эканомікі і культуры, паступовым павышэннем жыццёвага ўзроўню людзей, высокай ідэйнай свядомасцю, верай у партыю і правадыра. Перажытая вайна здавалася ім самай страшэннай бядой, у параўнанні з якой недахоп прадуктаў харчавання, тавараў народнага спажывання, дрэнныя жыллёвыя ўмовы, і нават пагроза рэпрэсій лічыліся часовымі цяжкасцямі.
5. Асаблівасці працэсу дэмакратызацыі грамадска-палітычнага жыцця ў БССР у другой палове 50-х – 60-я гг. ХХ ст.
Пачатак змен да лепшага ў СССР, у тым лiку i БССР, быў звязаны са смерцю Сталiна 5 сакавiка 1953 г. i перастаноўкамi у вышэйшых эшалонах улады. Так, пасаду Старшынi Савета Міністраў заняў Г. Малянкоў. М. Хрушчоў узначалiў Сакратарыят ЦК, Л. Берыя – Міністэрства ўнутраных спраў (з уключэннем у яго склад Міністэрства дзяржаўнай бяспекі), М. Булганiн – Мiнiстэрства абароны, К. Варашылаў – Вярхоўны Савет СССР.















