57335 (671863), страница 2
Текст из файла (страница 2)
Iмкненне шляхты i магнатаў Вялiкага княства Лiтоўскага да адраджэння самастойнасцi сваёй дзяржавы, жаданне ў большай ступенi ўлiчыць змены ў сацыяльна-эканамiчным жыццi краiны прадвызначалi пачатак працы над новым зборам законаў (статутам). Да канца 1584 г. яна была амаль завершана, але, паколькi новы Статут iгнараваў акт Люблiнскай унii 1569 г., Польшча не згаджалася зацвердзiць яго на агульным сейме Рэчы Паспалiтай. У вынiку Статут быў зацверджаны велiкакняжацкiм прывiлеем 28.1.1588 г. (гэта мусiў зрабiць Жыгiмонт III, каб захаваць велiкакняжацкi трон).
Трэцi Статут Вялiкага княства Лiтоўскага дзейнiчаў з 1589 г., а пасля ўключэння Беларусi ў склад Расiйскай iмперыi – у Вiцебскай i Магiлёўскай губернях – да 1832 г., у Вiленскай, Гродзенскай i Мiнскай губернях – да 1840 г.
Крынiцамi для распрацоўкi Статута сталi: Статуты Вялiкага княства Лiтоўскага 1529 i 1566 г., сеймавыя пастановы 1573, 1578, 1580, 1584 гг., каралеўскiя прывiлеi, пастановы павятовых сеймiкаў. Статут меў 14 раздзелаў i 488 артыкулаў. У раздзелах 1–4 змяшчалiся нормы дзяржаўнага права i судовага ладу, 5–10 i часткова 13 – шлюбна-сямейнага, зямельнага i грамадзянскага права, 11–12, 14 i часткова 13 – крымiнальнага права. Статут быў падрыхтаваны ў перыяд, калi каралём i вялiкiм князем быў Стэфан Баторый (1576–1586), на высокiм тэарэтычным узроўнi квалiфiкаванымi правазнаўцамi, працай якiх кiравалi А. Валовiч i Л. Сапега.
Статут 1588 г. заканадаўча аформiў захаванне Вялiкага княства Лiтоўскага як дзяржавы; насуперак акту Люблiнскай унii, абвяшчаў iдэю верацярпiмасцi, забараняў перадачу вольнага чалавека за даўгi або злачынства ў няволю, прадугледжваў крымiнальную адказнасць шляхцiца за забойства простага чалавека. Статут быў надрукаваны на старажытнабеларускай мове ў 1588 г. у Вiленскай друкарнi Мамонiчаў пад наглядам Л. Сапе-гi, у 1614 г. выдадзены на польскай мове (перадрукоўваўся ў 1619, 1648, 1694, 1744, 1786, 1819 гг.), у 1811 г. на рускай мове ў Пецярбургу. Меў вялiкi ўплыў на працэс кадыфiкацыi рускага права, падрыхтоўкi Саборнага ўлажэння 1649 г. Найбольш поўнае сучаснае выданне ажыццёўлена ў 1989 г.
5. Пастановы (канстытуцыi) сеймаў Вялiкага княства Лiтоўскага i Рэчы Паспалiтай
Да 1569 г. (Люблiнскай унii) пастановы сейма называлiся часцей ухваламi. У Статуце 1588 г. ужываюцца абодва тэрмiны. Канстытуцыi сеймаў Рэчы Паспалiтай падзялялiся на тры групы: 1) тыя, што датычылi ўсёй Рэчы Паспалiтай; 2) рашэннi, якiя датычылi толькi Польшчы; 3) рашэннi, якiя мелi сiлу толькi ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм. Як правiла, апошнiя ў сеймавых дакументах вылучалiся ў спецыяльны раздзел. Працэс прыняцця заканадаўчых рашэнняў у сейме складаўся з некалькiх стадый: 1) падрыхтоўка законапраекта, 2) абмеркаванне i прыняцце яго, 3) абнародаванне закона. Падрыхтоўка законапраекта ажыццяўлялася дзяржаўнай канцылярыяй i спецыяльна створанай камiсiяй. Заканадаўчая iнiцыятыва належала вялiкаму князю i радзе. Абмеркаванне i прыняцце Канстытуцыi праходзiлі ў абедзвюх палатах сейма – сенаце i пасольскай палаце («избе»). Канчаткова закон рэдагаваў кароль. Канстытуцыі абнародавалiся на спецыяльных сеймiках, пасля ўпiсвалiся ў адпаведныя кнiгi, а таксама ў Метрыку Вялiкага княства Лiтоўскага (гл. раздзел 3 «Матэрыялы справаводства»), з 1732 г. друкавалiся ў зборы законаў i актаў (Volumina legum). Апошняе выданне складзена паводле хранала-гiчнага прынцыпу i ахоплiвала перыяд ад 1317 г. да 1782 г., аднак не з'яўлялася афiцыйным i не змяшчала ўсiх законаў Рэчы Паспалiтай. Да таго ж шэраг дакументаў запазычаны з прац асобных даследчыкаў.
Канстытуцыяй таксама называюць прыняты Чатырохгадовым сеймам Закон аб урадзе 3 мая 1791 г. Гэты заканадаўчы акт складаўся з прэамбулы i 11 раздзелаў. Канстытуцыя вызначала правы i абавязкi ўсiх саслоўяў. Прадугледжвалася размежаванне «трох улад»: заканадаўчай, выканаўчай i судовай (сейм, урад, судовыя органы). Дзякуючы Кансты-туцыi, у Рэчы Паспалiтай была зроблена спроба ажыццявiць прынцып парламенцкага спосабу кiравання, але яе палажэннi не былi поўнасцю ажыццёўлены па прычыне бунту рэакцыйных колаў, якiя абвясцiлi вясной 1792 г. у горадзе Таргавiцы канфедэрацыю i стварылi ўмовы для ўмяшання замежных дзяржаў.
ЛIТАРАТУРА
-
Падрабязны аналіз крыніц заканадаўчых дакументаў гл.: Юхо І.А. Крыніцы беларуска-літоўскага права. Мн., 2001.
-
Гл.: Ясинский М. Уставные земские грамоты Литовско-Русского государства. Киев, 1889.
-
Гл.: Старостина И.П. Судебник Казимира 1468 г. // Древнейшие государства на территории СССР. М-лы и исследов. 1988 – 1989 гг. М., 1991. С.170 – 345.
-
Статут Великого княжества Литовского 1529 г. Мн., 2001.
-
Временник Императорского Московского общества истории и древностей Российских. Кн. 23. М., 1855.
-
Статут Вялiкага княства Лiтоўскага 1588: Тэксты, даведнiк, каментарыi. Мн., 2005.













