56963 (671612), страница 2
Текст из файла (страница 2)
Асноўнымі заняткамі ў неаліце, як і раней, заставаліся паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва. Гэтыя састаўныя часткі прысвайваючай гаспадаркі давалі неабходнае харчаванне і сыравіну. З’яўленне невялікіх лішкаў дазволіла перайсці ад ураўняльнага размеркавання ў межах роду на размеркаванне згодна звычаю. Гэта азначала, што паляўнічы ці рыбалоў мог пакінуць сабе большую і лепшую частку здабычы. У асобнай сям’і з’явіліся запасы, што паменшыла яе залежнасць ад роду, аднак жа, сем’і з роду не выдзяляліся – вельмі нізкай была вытворчасць працы, таму і прылады працы яшчэ знаходзіліся ў агульным карыстанні родзічаў. Наогул, перыяд неаліту лічыцца перыядам найвышэйшага росквіту мацярынскага роду.
Акрамя з’яўлення керамічнага посуду, было яшчэ некалькі адметных вынаходніцтваў людзей, што жылі на Беларусі ў неаліце. Пляценне рыбалоўных сетак з раслінных валокнаў (лён, каноплі, крапіва) дапамагло з’яўленню першабытнага ткацтва. Быў пабудаваны самы просты вертыкальны ткацкі станок, на якім выраблялі самую простую тканіну, але яна ўжо магла выкарыстоўвацца для пашыву адзення і ў гаспадарцы.
Сталі выкарыстоўвацца новыя прыёмы па апрацоўцы камня – шліфаванне, паліраванне і свідраванне. Гэта дазволіла ствараць больш якасныя прылады працы, асабліва палепшыліся магчымасці выкарыстання сякер, якія з гэтага часу не прывязваліся да дрэўка, а насаджваліся на яго. Такіх сякер патрабавалася ўсё болей і болей.
На поўдні Беларусі пад канец неаліту з’вілася земляробства ў першай, самай простай форме – матычнай (галоўная прылада апрацоўкі глебы – матыка).
Крэмню, што знаходзілі на паверхні зямлі, пачало нехапаць і людзі пачалі распрацоўку радовішчаў гэтай сыравіны. На тэрыторыі, што належыць нёманскай археалагічнай культуры (і этнічнай суполцы) знаходзяцца вядомыя Краснасельскія шахты. Яны атрымалі названне ад сучаснага пасёлка Краснасельскі, што ў Ваўкавыскім раёне Гродзенскай вобласці. Археолагі знайшлі больш за 1000 шахт глыбінёй да 8 метраў. Распрацоўка крэмню вялася з дапамогай каменных і касцяных кірак у тоўшчы мелу. Шахты мелі дасканалую сістэму вентыляцыі і падачы сонечнага святла. Побач з шахтамі месціліся майстэрні па апрацоўцы крэмню і вытворчасці прылад працы. Можна сказаць, што мясцовае насельніцтва спецыялізавалася менавіта ў гэтай галіне гаспадаркі. Краснасельскі крэмень пачаў разыходзіцца па ўсёй Беларусі і за яе межы. Такім чынам, першыя крокі міжрэгіянальнага абмену пачало рабіць і першабытнае насельніцтва Беларусі.
Усе гэтыя зрухі ў гаспадарцы дазволілі даследчыкам гаварыць аб здзяйсненні так званай “неалітычнай рэвалюцыі”. І хаця яна доўжылася стагоддзі і тысячагоддзі, тым не менш:
-
пачаўся пераход ад прысвайваючай гаспадаркі да вытворчай (земляробства);
-
беларускія землі ўключыліся ў міжрэгіянальны абмен таварам;
-
з’явіліся зачаткі рамёстваў, пакуль яшчэ ў выглядзе хатняй вытворчасці – выраб керамічнага посуду і тканіны.
Бронзавы век (2 – пачатак 1 тыс. да н.э.)
Назва новага перыяду ў першабытнай гісторыі Беларусі паказвае, што на нашай тэрыторыі з’явіліся першыя вырабы з металаў. Але сваіх радовішчаў медзі на Беларусі і ў непасрэднай блізкасці няма, таму медных і бронзавых прылад працы вельмі мала, большасць металічных знаходак – гэта ўпрыгожванні (бранзалеты, фібулы, кольцы). Яны траплялі на Беларусь з Каўказа, Карпат ў абмен на бурштын і вырабы з бурштыну, якія насельніцтва старажытнай Беларусі атрымлівала з Прыбалтыкі ў абмен на крэмневыя прылады працы. Але металічных вырабаў было вельмі мала (археолагі зарэгістравалі ўсяго каля 80 знаходак), яны не маглі зрабіць рэвалюцыю ў вытворчасці. Шырока працягвалі выкарыстоўваць каменныя прылады працы. Таму да Беларусі больш падыходзіць назва перыяду – энеаліт ці медна-каменны век.
Вялікіх памераў дасягнула здабыча і апрацоўка крэмню ў Краснасельскіх шахтах. У апрацоўшчыкаў з’явіўся новы прыём, які яшчэ больш удасканаліў каменныя сякеры і іншыя рэжучыя прылады. Пасля нанясення струменчатай рэтушы (насечкі крыж на крыж) на рэжучыя грані, вытворчыя паказчыкі прылад значна павялічваліся. Відавочныя поспехі ў гаспадарчым развіцці суадносна адбіліся і на жыцці людзей. Замест аднакамерных жылых пабудоў (паўзямлянак ці наземных жытлаў) зараз будуюць двухкамерныя жытлы. З’явіліся лавы і сталы, керамічны посуд з плоскім дном, што ставіўся на сталы і плоскі ачаг.
Каменных сякер патрабавалася ўсё болей і болей – адбываўся пераход да земляробства, яно паступова станавілася галоўнай галіной гаспадаркі, а для яго развіцця патрабавалася высякаць лес. З гэтых умоў нарадзілася своеасаблівая форма земляробства – ляднае ці падсечна-агнявое. Сутнасць яго была ў тым, што лясную дзялянку спачатку высякалі, пні карчавалі, давалі дрэвам высахнуць (1-2 гады), потым іх спальвалі і на ўзбагачонай попелам глебе атрымлівалі на працягу каля 4-5 год добры ўраджай. А потым зноў праводзілі такую ж аперацыю. Глебу ўжо апрацоўвалі не толькі матыкай, але і ралам (драўляным простым плугам), у які ўпрагалі валоў ці каня. Такім чынам, жывёлагадоўля і земляробства з самага пачатку былі цесна звязаны паміж сабой і распаўсюджваліся па Беларусі сінхронна.
Хуткае распаўсюджанне новых вытворчых форм гападаркі звязана не толькі з відавочнымі іх перавагамі над прысвайваючай гаспадаркай, а яшчэ і са з’яўленнем на Беларусі новага насельніцтва – індаеўрапейцаў, якія па ступені гаспадарчага і грамадскага развіцця значна пайшлі наперад у параўнанні з мясцовым (аўтахтонным) насельніцтвам.
Радзіма індаеўрапейцаў – Малая Азія (сучасная Турцыя). У гэтага старажытнага народа асноўным заняткам была жывёлагадоўля. Тут індаеўрапейцы дасягнулі значных поспехаў. Але па нейкіх умовах – кліматычных ці дэмаграфічных (якаснае харчаванне – хуткі рост насельніцтва) – яны вымушаны былі пачаць сваю доўгую вандроўку. Была адна акалічнасць, якая значна палегчыла гэтым людзям падарожнічаць, гэтая акалічнасць – вынаходніцтва кола. Старажытныя індаеўрапейцы сканструявалі павозкі, у якія запрагалі валоў і перавозілі свой няхітры скарб з аднаго луга на другое. Так гэтыя плямёны рассяліліся на вялікай тэрыторыі – ад Індыі да Атлантычнага акіяна, утварыў самую вялікую сучасную моўную сям’ю – індаеўрапейскую, куды ўваходзяць славяне, балты, германцы і іншыя народы. Дзякуючы рухаваму ладу жыцця індаеўрапейцы стварылі развітую мову (яны шмат чаго бачылі і давалі новым з’явам свае назвы, ці займалі іх ад мясцовага насельніцтва). Амаль пастаянныя сутычкі з мясцовым насельніцтвам спрыялі таму, што асноўным заняткам мужчын акрамя жывёлагадоўлі стала вайна. Аб гэтым гаворыць і назва адной з беларускіх археалагічных культур бронзавага веку – культура баявых сякер. Вайна (а таксама новыя вытворчыя формы гаспадаркі) паставіла менавіта мужчыну на першае месца ў сацыяльнай іерархіі першабытнага грамадства. Так, у індаеўрапейцаў існавала патрыярхальная ці бацькоўская родавая абшчына. Асноўныя пытанні жыцця роду ці племені вырашаліся на агульных сходах узброеных мужчын, такі лад кіраўніцтва зваўся “ваенная дэмакратыя”. Але ўжо пачала складвацца і асабістая няроўнасць у родавым грамадстве.
Усё гэта індаеўрапейцы прынеслі і на Беларусь, дзе яшчэ існаваў матрыярхат, а мясцовае (аўтахтоннае) насельніцтва толькі пачало пераходзіць да вытворчых форм гаспадаркі. Аўтахтоннае насельніцтва беларускіх зямель – гэта фіна-вугорскія плямёны, светлавалосыя, з блакітнымі вачыма, а прышлыя індаеўрапейцы – з цёмнымі валасамі, каравокія. На Беларусі пачалі адбывацца асіміляцыйныя працэсы. Ваяўнічыя індаеўрапейцы не выконвалі забаронаў экзагаміі і эндагаміі, бо яны былі заваёўнікамі. Яны бралі жонак з аўтахтонных плямёнаў і так разбурылі прынцып эндагаміі – забарону браць шлюб па-за межамі свайго племені. Плямёны фіна-вуграў часткова былі выціснуты на поўнач, часткова асіміляваны, а беларускія землі ўвайшлі ў тэрыторыю засялення старажытных балтаў (крыху далей, на захадзе, з імі суседнічалі старажытныя славяне – так сама індаеўрапейцы).
На Беларусі археолагі вызначаюць некалькі вялікіх археалагічных культур, што звязваюцца з індаеўрапейцамі – качэўнікамі. Гэта культура баявых сякер (адметныя прыкметы – разнастайная танкасценная кераміка, у тым ліку кружкі, і, па назве культуры – наяўнасць сякер спецыфічнай формы), культура шнуравой керамікі (назва ад адметнага ўпрыгожвання керамікі), тшцінецкая археалагічная культура (адметнасць – цюльпанападобная кераміка).
Такім чынам, галоўныя здабыткі людзей на беларускай зямлі ў бронзавы век:
-
станаўленне новай формы грамадскага ладу – патрыярхату;
-
адбыўся першы вялікі падзел грамадскай працы на земляробства і жывёлагадоўлю;
-
выраслі памеры абмену, у тым ліку міжрэгіянальнага;
-
з’явілася прыватная ўласнасць;
-
з’віліся касмаганічныя рэлігійныя ўяўленні (прадстаўленні аб тым, як утварылася наваколле), больш увагі сталі ўдзяляць культу продкаў.
Жалезны век (7-6 ст. да н.э. – 6-7 ст. н.э.)
Асноўная прыкмета гэтага перыяду –пачатак здабычы і апрацоўкі жалеза. Жалезная руда досыць шырока сустракаецца на Беларусі ў выглядзе лугавой ці балотнай руды. З яе выплаўлялі жалеза ў невялікіх паўкруглых гліняных пячах-домніцах. Першы метад плаўкі – сырадутны. Сутнасць яго ў тым, што ў домніцу загружалі драўляны вугаль і руду, печку замазвалі глінай, але заставаліся невялікія адтуліны, праз якія з дапамогай трубак-соплаў і мяхоў нагняталася паветра. Тэмпературы было недастаткова, каб поўнасцю выплавіць жалеза з руды, таму жалезістая маса – крыца, што атрымлівалася ў канцы працэсу, мела вялікую колькасць дамешкаў і патрабавала доўгай апрацоўкі кавалём. Тым не менш, з’яўленне жалеза і жалезных прылад працы зрабіла вялікі тэхнічны пераварот.
Па-першае, з дапамогай больш дасканалых жалезных прылад працы, сякеры і матыкі, значна ўзрасла роля земляробства (дакладней – падсечна-агнявога ці ляднага), яно ўжо цвёрда ўсталявалася ў якасці самай галоўнай формы гаспадаркі. Разам з тым узрасла роля жывёлагадоўлі і, наадварот, знізілася роля збіральніцтва, палявання і рыбалоўства. Акрамя таго, развіваліся апрацоўка косці і дрэва, прадзіва, ткацтва, пляценне, ганчарства – заняткі, якія значна пазней вылучацца ў асобныя рамёствы. Людзі сталі атрымліваць больш прадукцыі на аднаго чалавека ў параўнанні з папярэднімі гістарычнымі перыядамі. З’явіліся даволі значныя запасы і накапленні прадукцыі. Па-другое, сталі вырабляць з жалеза не толькі прылады працы, але і зброю. Павялічыліся супярэчнасці паміж родамі што выклікала рост ваенных сутычак. Пры гэтым асноўнай мэтай сутычак з’яўлялася імкненне захапіць як мага болей матэрыяльных каштоўнасцяў і рабоў. Упершыню з’явілася эксплуатацыя чалавека чалавекам у форме дамашняга ці патрыярхальнага рабства.
Змяніўся тып паселішчаў. З’явіліся гарадзішчы – размешчаныя ў спрыяльнай для абароны мясцовасці, умацаваныя валамі і драўляным частаколам пасёлкі. Крыху пазней (пачатак нашага часу) з’явіліся селішчы – неўмацаваныя пасёлкі земляробаў, але яны, як правіла, знаходзіліся побач з гарадзішчам, дзе насельніцтва хавалася ў выпадку ваеннай пагрозы. Жылыя пабудовы сталі больш разнастайныя, побач з імі месціліся гаспадарчыя збудаванні. На пачатак жалезнага веку сталыя пазіцыі займаў патрыярхальны род. Паходжанне там вялося па бацьку, яго нашчадкі-мужчыны заставаліся ў родзе. Яны атрымлівалі ўсю маемасць сям’і.
Этнічна насельніцтва Беларусі на працягу жалезнага веку значна змянілася. У раннім жалезным веку тэрыторыю Беларусі засяляла некалькі племянных груп (археалагічных культур), якія вызначаліся агульнай тэрыторыяй, асаблівасцямі пабудовы жытлаў і тыпам пасяленняў, падобнасцю пахавальных абрадаў, і, як і раней, асаблівасцямі вытворчасці керамікі і прылад працы.
На тэрыторыі Палесся (поўдзень Беларусі) жылі плямёны мілаградскай культуры. Адметнасць гэтай культуры – гліняныя фігуркі жывёл, якія па меркаванню даследчыкаў мелі культавае прызначэнне. Крыху пазней, з 3 ст. да н.э. гэтую тэрыторыю засялілі плямёны зарубінецкай культуры, насельніцтва якой падтрымлівала сувязі са скіфамі, кельтамі, грэчаскімі гарадамі Прычарнамор’я (аб гэтых сувязях гавораць археалагічныя знаходкі).
У ранні жалезны век цэнтральную Беларусь засялялі плямёны культуры штрыхаванай керамікі (выраблялі вастрарэбныя гаршкі са штрыхаванай паверхняй). Яшчэ адна адметнасць гэтай культуры – будаўніцтва асобных жытлаў для сям’і з ачагом у цэнты пабудовы (прыкмета балтаў). На поўначы Беларусі месціліся плямёны днепра-дзвінскай археалагічнай культуры (выраблялі спачатку каменныя, потым металічныя прылады працы, кераміка – гладкасценныя слоікападобныя пасудзіны. Усе гэтыя культуры, верагодней за ўсё, належаць продкам балтаў.
Дзесьці ў IV – VI стст. адбылася падзея, якая носіць назву “вялікае перасяленне народаў”. З азіяцкіх стэпаў у Еўропу прыйшла вялікая колькасць качэўнікаў – гунаў і іншых народаў. Гэта прымусіла стала існаваўшыя на сваіх тэрыторыях народы перасяляцца на значныя адлегласці. Не пазбеглі перасяленняў і славяне, якія жылі на тэрыторыі паміж Віслай і Одэрам. Адзін з напрамкаў рассялення славян закрануў і Беларусь. Ужо ў 5-7 стст. н.э. на поўдні Беларусі з’явіліся прыкметы археалагічных культур, якія маюць ці славянскае паходжанне, ці атрымалі ад іх вялікі ўплыў, гэта калочынская, пражская, у цэнтры Беларусі – банцараўская культуры. Галоўнымі “славянскімі” прыкметамі з’яўляюцца: тып жылля – паўзямлянка з вогнішчам у дальнім вугле, простая карычневая кераміка без арнаменту. Нябожчыкаў славяне спальвалі і хавалі попел у паўсферычных курганах. Гэтыя культуры праіснавалі да 7-8 стагоддзяў нашага часу, калі славяне масава з’явіліся на нашай тэрыторыі і хутка занялі ўсю Беларусь. Мясцовае (аўтахтоннае) насельніцтва было асімілявана. Гэтаму паспрыяла больш высокая ступень гаспадарчага развіцця славян у параўнанні з мясцовым насельніцтвам. Славяне прынеслі новую форму земляробства, што змяніла на некаторых асвоеных тэрыторыях лядную сістэму. Гэта новая форма – ворнае земляробства і новая прылада – саха з жалезным наканечнікам.












