43453 (662633), страница 3
Текст из файла (страница 3)
Пасля доўгага перапынку ў развіцці беларускай тэрміналогіі, абумоўленага названымі вышэй гістарычнымі ўмовамі фарміравання беларускай нацыі, у пачатку XX ст. адбылося некаторае ажыўленне тэрміналагічнай работы. Пасля выдання царскім урадам так званага закона аб свабодзе друку пачалі актыўную работу шматлікія легальныя беларускія выданні таго часу, і ў прыватнасці выданні навуковага і навукова-папулярнага зместу, якія ставілі мэту «тлумачыць усе з'явы прыроды, галоўныя законы фізікі і хіміі, жыцця зямлі... знаёміць з геаграфіяй і гісторыяй роднага краю», змяшчалі шмат тэрмінаў. Многія з іх былі распрацаваны самімі аўтарамі выданняў. Навукова-папулярныя публікацыі насілі ў пэўным сэнсе нарматыўны характар, садзейнічалі ўкараненню навуковай тэрміналогіі ў моўную практыку і змяшчалі, такім чынам, некаторыя элементы работы па ўпарадкаванню беларускай тэрміналогіі.
Аўтары навукова-папулярных публікацый пачатку XX ст. выкарыстоўвалі магчымасці беларускай мовы. Шырока ўжываліся словы ўласна беларускага паходжання: адліга, высадкі, гародніна, гук, зык, маладзік, маланка, навальніца, надвор'е, паводка, пазыка, праменні, працаўнік, пухліна, сухоты, хвароба; лексемы ўсходнеславянскага паходжання: бялок, высыпка, засуха, лячэбнік, кушчэнне, малакроўе, прадажа, пошліна; агульнаславянскія словы: абарот, вага, волава, воспа, гаспадар, дзяржава, жэрэла, карысць, почка, суд, торг, урад, ядро.
Значная частка тэрмінаў, змешчаных у часопісах пачатку XX ст., замацавалася ў тэрміналагічнай практыцы і ўвайшла ў сучасную беларускую тэрміналогію адпаведных галін навукі, хоць многае і было адкінута з часам, паколькі на старонках гэтых часопісаў нярэдка ўжывалася вузкарэгіянальная лексіка, узнікалі варыянтныя рады (адліга — атлега; заліва — лівень — улева; маланьня — маланка; суш — суша; шал — шаленства і інш.)». Беларуская тэрміналогія пачатку XX ст. у параўнанні з папярэднім перыядам у пэўнай меры ўзбагацілася лексічна.
Нягледзячы на некаторае расшырэнне сферы функцыянавання беларускай мовы, яна ўсё яшчэ не адпавядала тым задачам, якія ўзнікалі ў працэсе далейшага развіцця грамадска-палітычнага жыцця, нацыянальнай культуры і літаратуры беларускага народа. «Абмежаваная галоўным чынам стылямі мастацкай літаратуры, часткова публіцыстыкі, беларуская літаратурная мова пачатку XX ст. не валодала многімі з тых шматлікіх і разнастайных выразных сродкаў, якія неабходны для перадачы розных па характару і зместу думак, звязаных з развіццём грамадска-палітычных адносін, навукі, тэхнікі, культуры. Ды і тыя стылі, у якіх развівалася беларуская літаратурнай мова ў пачатку XX ст., былі недастаткова распрацаваныя і глыбокія».
СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ
1. Арашонкава Г. У., Булыка А. М., Люшцік У. В., Падлужны А. І., Тэорыя і практыка беларускай тэрміналогіі. Мн., Беларуская навука, 1999. 175 с.
2. Антанюк Л.А. Беларуская мовапрафесiйная лексіка: Курс лекцый/ Антанюк Л.А., Плотнiкаў Б.А. – 3-е выданне. – Мн., 2005. –240 с.
3. Беларуская мова. Фанетыка. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. Лексікалогія. Лексікаграфія. Фразеалогія. Марфемная будова слова. Словаўтварэнне. Марфалогія. Мн., Вышэйшая школа, 1987. 429 с.